«Адзін на адзін з хваробай – гэта псіхалагічна вельмі цяжка». Як жывуць у самаізаляцыі людзі з COVID-19


Менчукі Марыя і Віталь – адныя з тых беларусаў, хто захварэў на каронавірус, але не быў шпіталізаваны і цяпер праходзяць лячэнне ў хатніх умовах. Віталь мяркуе, што заразіўся COVID-19 у лякарні, куды маладая пара трапіла ў сакавіку, калі захацела добраахвотна здаць аналізы на каронавірус. У размове з belsat.eu Марыя і Віталь распавялі, як яны змагаюцца з каронавірусам, што самае цяжкае ў іх сітуацыі і як трэба выбудоўваць стасункі ва ўмовах поўнай самаізаляцыі.

Пра тое, як 23-гадовыя Марыя і Віталь (імёны зменены па просьбе герояў публікацыі) ва ўмовах успышкі каронавіруса трапілі ў 4-ю менскую лякарню, belsat.eu распавядаў раней.

Гісторыя пачалася з таго, што 27 сакавіка ў хлопца і дзяўчыны літаральна на гадзіну паднялася тэмпература. Ва ўмовах эпідэміі каронавіруса пара вырашыла перастрахавацца і здаць тэст на COVID-19. Марыя і Віталь звярнуліся ў паліклініку і адтуль іх адвезлі на машыне хуткай дапамогі ў 4-ю лякарню. У лякарні ім зрабілі тэсты на COVID-19 і шэраг іншых аналізаў, і паставілі перад фактам: іх пакінуць у шпіталі пакуль не прыйдуць вынікі. «Я пабегла да лекара, казала, што я хачу адмовіцца ад шпіталізацыі, навошта мяне класці ў лякарню. Але нам сказалі «не»: раптам вас потым прывязуць з ацёкам лёгкіх? Ім, маўляў, такое не трэба. Калі ўжо перавялі ў палату, я таксама спрабавала скандаліць, казала, што няма ніякіх падставаў мяне тут трымаць…. На што яны вельмі ўнікліва, але таксама адмаўлялі», – распавядала belsat.eu Марыя ў сакавіку.

Тады тэсты Марыі і Віталя аказаліся адмоўнымі і праз некалькі дзён іх адпусцілі з лякарні. Але гісторыя на гэтым не скончылася: у красавіку яны ўжо сапраўды захварэлі на каронавірус.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

«Хацелі зрабіць як лепш»

Як распавядае Віталь, праз пару дзён пасля выпіскі з лякарні стала вядома, што ягоны сусед па палаце атрымаў станоўчыя вынікі тэсту на COVID-19. Даведаўся Віталь пра гэта ад самога інфікаванага.

«Мы сталі самастойна высветляць, як і калі нам можна здаць яшчэ адзін тэст. Нам яго нарэшце прызначылі. На паўторны тэст мы ішлі ўжо як кантакт 1-га ўзроўню», – распавядае хлопец.

Лекарка бярэ мазок для тэсту на COVID-19 у Менску.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Паўторныя аналізы Марыя і Віталь здалі 8 красавіка – прыкладна праз тыдзень пасля выпіскі з 4-й лякарні. Вынікі тэсту Віталя прыйшлі праз некалькі дзён, яны аказаліся станоўчымі.

«Калі ўжо былі вынікі, лекары зрабілі базавы агляд, апыталі наконт сімптомаў. Паколькі тэмпературы амаль не было (яна трымалася ў раёне 37), мне прапанавалі застацца дома. Але дадалі, што калі павышаецца тэмпература звыш 38, адчуваеце аддышку і цяжар у грудзях – адразу выклікайце хуткую. На гэтых умовах мы і засталіся дома», – распавядае Віталь.

У адрозненні ад Віталя, Марыі прыйшлося чакаць выніку свайго тэста 10 дзён. «Я тэлефанавала па ўсіх нумарах. Толькі на дзясятыя содні, калі да нас прыйшла лекарка на дом, мне сказалі, што ў мяне тэст адмоўны. Але на той момант прайшло ўжо столькі дзён, што мы разумелі: гэта ўжо не так», – кажа Марыя.

Пасля гэтага Марыя і Віталь зноў здалі аналізы на COVID-19: цяпер ужо ў дзяўчыны быў вынік станоўчы, а ў хлопца – адмоўны.

Hавiны
«У іх завал, працуюць у тры змены». Як беларусы чакаюць вынікаў тэстаў на COVID-19
2020.03.30 19:14

Ці крыўдуюць яны на медыкаў за тое, што былі фактычна прымусова шпіталізаваныя ў сакавіку і праз тое, імаверна, заразіліся каронавірусам ад іншых пацыентаў?

«Так, – кажа Марыя. – Калі б нам тады дазволілі адмовіцца да шпіталізацыі, мы б натуральна сядзелі дома. Мы ж да гэтага стараліся выконваць рэжым самаізаляцыі і нікуды не хадзіць, таму заразіцца не было дзе. А тут, атрымліваецца, хацелі зрабіць як лепш, а выйшла вось як».

Віталь удакладняе: у ягоным выпадку шпіталізацыю яшчэ можна палічыць лагічнай, бо здымак лёгкіх у яго быў не вельмі добрым – лекары падазравалі пнеўманію. «Але ў выпадку Марыі чым яны кіраваліся – не зусім зразумела. Тое, што робяць цяпер – пакідаюць бессімптомных дома – гэта правільна. Бо няма сэнсу ўсіх звазіць у адно месца, каб людзі дакладна ўжо заразілі адзін аднога», – кажа ён.

Нагадаем, шпіталізацыі патэнцыйна хворых на час чакання вынікаў іх тэстаў – гэта была распаўсюджаная практыка ў Беларусі ў першы месяц успышкі каронавіруса. Толькі ў першай палове красавіка Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне адмовіцца ад шпіталізацыі спачатку кантактаў 1-га ўзроўню, а потым і пацыентаў з лёгкай формай каронавіруснай інфекцыі.

Hавiны
Мінздароўя хоча адмовіцца ад шпіталізацыі людзей з лёгкай формай каронавіруснай інфекцыі
2020.04.13 09:53

Шок, але чаканы

«Калі я даведаўся, што ў мяне станоўчы вынік тэсту, я адчуў лёгкі шок. Але гэта быў шок чаканы, – распавядае Віталь, – Я ж ведаў, што мае суседзі па палаце захварэлі і імавернасць таго, што я не заразіўся, была вельмі нізкая. Калі вы знаходзіцеся ў адным памяшканні, вы так ці інакш заразіцеся».

Марыя таксама звыклася з гэтай думкай яшчэ да таго, як атрымала свой станоўчы тэст. Калі стала дакладна вядома, што Віталь заразіўся, яны нібыта стараліся адносна дыстанцыянавацца дома.

«Але мы разумелі, што ў гэтым няма сэнсу, бо мы на той момант і так ужо тыдзень жылі разам звычайным жыццём, таму не заразіцца было немагчыма. Да таго ж, у той дзень 21 красавіка, калі ўзялі новы тэст, у мяне адначасова знік нюх. Таму калі мне потым патэлефанавалі наконт вынікаў, я ўжо рэагавала ў духу: ну, распавядзіце мне нешта новае! – усміхаецца Марыя. – Жанчына, што тэлефанавала, таксама паставілася да сітуацыі з гумарам, мы з ёй пагутарылі ў такой лёгкай форме. Ну і, канешне, запыталі пра маё самаадчуванне, запыталі наконт шпіталізацыі і сказалі, каб хутчэй выздараўлівала».

Сваякі і сябры Марыі і Віталя таксама рэагавалі на іх хваробу з гумарам: дасылалі жарты і прыколы, каб падтрымаць настрой. «Ніякай панікі, ніякага негатыву не было», – дадае дзяўчына.

Як выглядае прымусовая самаізаляцыя

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Ніякага курсу лячэння ў Марыі і Віталя няма: лекаў ім не прапісалі.

«Ніхто ж не ведае, як гэтую дрэнь лячыць. Лекары толькі раілі нам піць вітаміны, то бок падтрымліваць імунітэт. А так лечаць па сімптомах: маеш сімптомы – прыходзіць лекар і можа нешта прапісаць», – распавядае Віталь.

Калі Віталь толькі атрымаў станоўчы тэст на COVID-19, да іх дамоў прыйшла лекарка і дала падпісаць пасведчанне аб тым, што яны абавязаны выконваць рэжым самаізаляцыі і не пакідаць сваю кватэру.

Паводле пастановы ўраду, за парушэнне рэжыму самаізаляцыі чалавек можа быць прыцягнуты да адказнасці. Але ў дакуменце ёсць агаворка: у скрайніх выпадках можна выйсці ў краму ці аптэку, што побач з домам.

Марыя і Віталь гэтай нормай у пастанове ўраду амаль не карыстаюцца.

«Мы за ўвесь гэты час выходзілі хіба што ў аптэку: яна ў нас кругласутачная, у суседнім доме знаходзіцца. Мы выходзім туды ноччу, калі няма нікога навокал. А так усе прадукты, усе неабходныя рэчы або нам сябры прывозяць і пакідаюць пад дзвярыма, або мы замаўляем у інтэрнэце безкантактную дастаўку. То бок па законе мы можам выходзіць, але рызыкаваць не хочацца», – падкрэслівае дзяўчына.

Hавiны
Мінздароўя і МУС адказваюць на пытанні наконт эпідэміі каронавіруса. Стрым
2020.04.22 12:39

Рэжым самаізаляцыі мусіць кантраляваць міліцыя. Віталя і Марыю міліцыянты турбуюць не кожны дзень: за больш чым два тыдні афіцыйнай самаізаляцыі (то бок пасля падпісання адпаведных дакументаў) міліцыя правярала іх разоў 5-6: звычайна гэта або званок у дамафон, або званок на мабільны тэлефон.

Асабістая прастора, каб «дах не паехаў»

Захворванне ў маладой пары праходзіць з мінімальнымі сімптомамі: яны толькі страцілі нюх і часам у Віталя павышалася тэмпература. Галоўная праблема ў сітуацыі – нуда ад неабходнасці 24 гадзіны на дзень сядзець дома.

Hавiны
«Каранцін – магчымасць разабрацца ў сабе». Парады псіхолагаў на час самаізаляцыі
2020.03.25 12:59

«Што мы робім? Глядзім серыялы і стараемся не нервавацца, не заганяцца. Таму што калі ты сядзіш дома, адзін на адзін з хваробай, то выдумляеш сябе ўсё што толькі магчыма – то там кальне, то нібыта цяжка дыхаць. Гэта псіхалагічна вельмі цяжка», – тлумачыць Марыя.

Маладая пара кажа: каб не стамляцца адзін ад аднога, яны стараюцца хаця б пару гадзінаў на дзень разыходзіцца па розных пакоях – чытаць або праходзіць нейкія навучальныя курсы. «Трэба неяк рабіць больш разнастайным сваё жыццё, каб дах не паехаў», – дадае Віталь.

«Сама важнае – часам даваць адзін адному асабістую прастору, – раіць Марыя ўсім, хто знаходзіцца на самаізаляцыі са сваімі блізкімі. – Варта проста дамовіцца: калі трэба – няхай вы разыдзецеся па пакоях на некалькі гадзінаў і ўсё будзе добра. У нас з гэтым праблемаў няма. Тым больш, што мы і так заўсёды разам былі. А вось той, хто вымушана апынуўся ў такой сітуацыі – можна ўявіць сабе, як ім цяжка».

Hавiны
У Беларусі пацвердзілі амаль 15 тыс. выпадкаў каронавіруса. 93 чалавекі памерлі
2020.05.01 12:55

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў