Адваротны бок IT-дзяржавы: палова беларускіх школаў нават не карыстаецца хуткасным інтэрнэтам


У далёкім 2013 годзе беларускі ўрад зацвердзіў Канцэпцыю інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Фінальным этапам рэалізацыі палажэнняў гэтага дакументу называўся 2020 год. Паспрабуем зразумець, што атрымалася зрабіць на сённяшні дзень.

Колькі ў Беларусі школаў з інтэрнэтам?

На 1 верасня 2018/2019 навучальнага года ў Беларусі дзейнічала 3035 установаў агульнай сярэдняй адукацыі.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, у 2016 годзе доступам да інтэрнэту былі забяспечаныя 96,7 % школаў. У 2014 годзе «Белтэлекам» сцвярджаў, што «усе беларускія школы маюць магчымасць падключыцца да сеткі Інтэрнэт». А ў 2018 годзе першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава заявіла, што «больш за 90 %» навучальных установаў Беларусі маюць шырокапалосны доступ у інтэрнэт. Але мець доступ і карыстацца ім – розныя рэчы.

Хуткасць інтэрнэту ў беларускіх школах – сакрэтная інфармацыя

Інфармаваная крыніца Belsat.eu абазнаная ў справах адукацыі сцвярджае, што палова беларускіх школаў не карыстаецца «оптыкай» (хуткасным інтэрнэтам) нягледзячы на магчымасць падключыцца.

«Карыстаюцца тэхналогіяй ADSL [тэхналогія, якая дае магчымасць падключыцца да інтэрнэту з хуткасцю 5-10 Mbps], а часамі і dial-up’ам [праз мадэм з занятай тэлефоннай лініяй – вельмі павольны інтэрнэт]. Былі спробы памяняць сітуацыю, але нічога не выйшла. Няма разумення. Найлепшыя паказнікі па хуткаснаму інтэрнэту ў Менску».

Рэалізацыю камерцыйнай паслугі dial-up «Белтэлекам» спыніў у лютым 2017 года.

На жаль, высветліць хуткасць інтэрнэту ў беларускіх школах па рэгіёгах не атрымалася.

У размове з Belsat.eu дырэктар «Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Мінадукацыі» (ГІАЦ Мінадукацыі) Круглік Юрый параіў пашукаць гэтую інфармацыю ў бібліятэцы: «Уся інфармацыя ёсць у нашых статыстычных зборніках, якія можна знайсці ў бібліятэцы або ў інтэрнэце». Чыноўнік дадаў, што не можа разгалошваць статыстыку, якой няма ў гэтым зборніку, бо «яна для справаздачаў перад Мінадукацыі».

Справка
Юрый Круглік – былы дырэктар сталічнай школы № 56, камуніст, аднапартыец кіраўніка Мінадукацыі Ігара Карпенкі.

Зборнік «Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь у лічбах» за 2019 год сапраўды ўдалося знайсці, але пра школьны інтэрнэт у ім няма ніводнага слова.

Калі ж казаць пра сярэднія па краіне лічбы, то па хуткасці інтэрнэту Беларусь займае 57 месца ў свеце. 5-гігабайтнае відэа ў Беларусі будзе спампоўвацца 52 хвіліны, гаворыцца ў даследаванні ад cable.co.uk. Паводле «Speedtest Global Index», мы на 51-ай пазіцыі з хуткасцю 50,14 Mbps. У суседняй Польшчы гэты паказнік – 87,16 Mbps. Дарэчы, кіраўнік Расеі сёлета загадаў, каб да 2021 года хуткасць інтэрнэту ў расейскіх школах была не менш за 50 Mbps.

2 верасня 2019 г. Бацькі фатаграфуюць сваіх дзяцей.
Фота: VASILY FEDOSENKO/Reuters

Wi-fi – гэта амаль космас

У адкрытых крыніцах таксама няма інфармацыі і пра колькасць школаў з wi-fi. Мінадукацыі таксама не валодае такой інфармацыяй. Па ўсёй верагоднасці іх няшмат, бо толькі ў лютым 2018 года Міністэрства аховы здароўя ўнесла змены ў санітарныя нормы і дазволіла школам усталёўваць роўтэры «у любых памяшканнях (за выключэннем вучэбных)». Раней іх трэба было ўсталёўваць у асобных памяшканнях. Праз недасканалае заканадаўства школы, якія падключыліся да шырокапалоснага інтэрнэту, не імкнуцца рабіць hot-spotʼы. Ды і навошта. Смартфоны ж забаранілі.

Мабільнікі ў школах забаранілі ці не?

Фота: Schools.by

Яшчэ ў сакавіку міністр адукацыі падпісаў загад №156 «О мерах, направленных на совершенствование деятельности по обеспечению безопасных условий пребывания обучающихся в учреждениях общего среднего образования». У дакуменце школам раяць змяніць правілы ўнутранага распарадку і абмежаваць выкарыстанне мабільнікаў. Аднак у школах паняцця не маюць, што з гэтым рабіць, і як законна пазбавіць школьнікаў сродка сувязі, які можа спатрэбіцца ў экстраннай сітуацыі. Як будзе ажыццяўляцца цыфравая рэвалюцыя ў школах без смартфонаў, не вядома. Набыццё вучэбных планшэтаў і ноўтбукаў для кожнага школьніка дзяржава наўрад ці пацягне.

Меркаванні
Лукашэнка спрабуе злучыць IT з саўком
2019.10.14 19:08

Электронныя дзеннікі кантралююць прыватныя кампаніі

Галоўнымі рухавікамі інфарматызацыі беларускіх школаў на дадзены момант зʼяўляюцца прыватныя кампаніі. «Электронныя дзённікі» і «электронныя журналы», якімі цяпер карыстаюцца тысячы беларускіх бацькоў і настаўнікаў – ініцыятыва бізнесу, а не дзяржавы. Галоўнымі гульцамі на гэтым рынку зʼяўляюцца ТАА «Образовательные системы» ды ТАА «БитАрт», вядомыя пад брэндам Schools.by, а таксама ТАА «СКУЛ ДАЙРИ» або Знай.бай.

Знай.бай хваліцца на сваім сайце, што па стане на 2016-2017 гг. кампанія працавала з «кожнай другой школай Беларусі» і «мае дазвол на працу» ад рэгіянальных аддзелаў адукацыі і «Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Мінадукацыі». Schools.by паведамляе, што ў іхным сэрвісе былі зарэгістраваныя 3886 сайтаў установаў адукацыі (школы, садкі, цэнтры адукацыі).

Дзеці збіраюць робата ў STEM-класе.
Фота: edu4future.by

Schools.by і Знай.бай прапануюць свае паслугі ў бясплатнай форме (базавы пакет) і за грошы (пашыраны пакет, які, напрыклад, прадугледжвае магчымасць паведаміць бацькам праз смс пра прагул). Гэтыя ж кампаніі абслугоўваюць аплаты за абеды ў сталоўках, аплату за падручнікі і нават прымаюць ад бацькоў грошы, якія ідуць на набыццё туалетнай паперы. На мове Мінадукацыі гэта называецца «перавод грошай на пазабюджэтны рахунак» школы.

«Электронны дзённік» прыдумалі два праграмісты

Цікава, што ў 2013 годзе экс-кіраўнік ГІАЦ Мінадукацыі Павел Ліс паведаміў журналістам TUT.BY, што піянер «электронных дзённікаў» у Беларусі ТАА «Образовательные системы» стартануў дзякуючы «інвестару» і таму атрымаў падтрымку дзяржавы. У размове з «Белсатам» дырэктар кампаніі Віктар Шустэр адмовіўся каментаваць гэтую інфармацыю.

«Гэты сэрвіс прыдумалі два праграмісты [суразмоўца адмовіўся назваць іхныя імёны]. Спачатку проста хадзілі па школах і прапаноўвалі свой прадукт. А калі школаў стала шмат, пачалі супрацу аддзеламі адукацыі. У нашым праекце няма ні аднаго дзяржаўнага рубля [пра колькасць платных падпісчыкаў суразмоўца не паведаміў – камерцыйная таямніца]», – распавёў Belsat.eu кіраўнік ТАА «Образовательные системы» і ТАА «БитАрт» Віктар Шустэр.

У той жа публікацыі TUT.BY згадваецца яшчэ адзін пікантны момант. Паводле інфармацыі выдання, часопіс «Компьютерные вести» выдаліў крытычны артыкул пра сістэму цыфравых дзённікаў. «Знятая па патрабаванню арганізацыі, якая вельмі зацікаўленая ў прасоўванні праекту і мае рычагі ўплыву на СМІ. Соры», – пракаментавала сваё рашэнне рэдакцыя «Компьютерные вести».

З таго часу дзяржава толькі назірае за новаўвядзеннем, а рашэнне аб выкарыстанні цыфравых дзённікаў і журналаў збольшага прымаецца на ўзроўні школаў і бацькоў. Праўда, у 2017 годзе міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў, што ёсць намер стварыць адзіную для ўсіх школаў сістэму. На гэта нават былі выдзеленыя грошы, але пакуль нічога не змянілася.

Hавiны
Віктар Пракапеня: у Беларусі можа з’явіцца новы міністр адукацыі
2019.10.14 19:38

Варта адзначыць, што Мінадукацыі дазваляе працаваць гэтым кампаніям з прыватнай інфармацыяй пра вучняў толькі ў выпадку «фізічнага размяшчэння» big-data «у адным з дзяржаўных цэнтраў апрацоўкі дадзеных».

Робаты і 3D-мадэляванне

Інвеставанне ў такія сучасныя кірункі адукацыі як робататэхніка і штучны інтэлект у Беларусі амаль адсутнічае. У адрозненні ад Кітаю, дзе на тэхнічнае абсталяванне класаў, курсы робататэхнікі і развіццё інжынерных навыкаў у дзяцей штогод выдаткоўваецца каля 1 млрд. еўраў (у 2019 годзе Беларусь выдаткуе на сярэднюю адукацыю каля Br 80 млн).

Аб’ектыў
Эканаміст Сяргей Чалы: «ІТ-універсітэт Лукашэнкі насамрэч будзе ІТ-вучылішчам»
2019.10.14 22:58

Напачатку 2019 года наша дзяржава паабяцала адкрыць і забяспечыць абсталяваннем толькі 10 STEM-класаў (STEM – Science, Technology, Engineering, Mathematics), дзе можна будзе праводзіць заняткі па робататэхніцы, вучыцца праграмаванню і 3D-мадэляванню. Летась некалькі такіх класаў былі адкрытыя ў супрацы з праектам «Адукацыя для будучыні», які стварылі прыватныя кампаніі.

Стаўка на аграрыяў?

На сённяшні дзень 1217 беларускіх дзяцей з 202 школаў Беларусі (6,66 % ад усіх школаў) вучацца ў гэтак званых «агракласах», дзе паглыблена вывучаюць хімію і біялогію, а таксама «карыстаюцца сваймі ведамі ў палявых умовах».

Hавiны
Адсканаваць твар, паразмаўляць з настаўнікам-робатам і злятаць на Марс: школа будучыні ці фантастыка
2019.10.30 14:56

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў