Адвакат Бабарыкі выступіў з публічным зваротам да беларусаў


Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі ў сваім блогу на Facebook звярнуўся да беларусаў са словамі падзякі за падтрыманне. Адвакат выказвае думку, што на яго вачах адбываецца аб’яднанне беларусаў і ўсведамленне сябе як нацыі.

Дзмітрый Лаеўскі, адвакат Віктара Бабарыкі піша ў сваім блогу, што яшчэ нядаўна ягоны вобраз жыцця ўяўляў звычайную мітусню. Але з моманту, як распачаў весці справу патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва, змог зусім па-іншаму паглядзець на свет:

«18 чэрвеня 2020 гады я адчуў і працягваю адчуваць культурніцкі шок – вы ўсе дзіўныя, вас так шмат, вы такія свае. І я ўпершыню пішу такое пасланне, таму што я раптам зразумеў, што гэта значыць, калі за намі столькі выдатных людзей. Арышт Віктара Дзмітрыевіча, які зрабілі насуперак праву, адкрыў новую старонку яднання беларусаў і ўсведамлення імі сябе як нацыі. Вы мяне выбачайце за патэтыку, але гэта сапраўды так. Гэта вельмі беларускі чалавек (а я такія рэчы адчуваю) і проста так склаліся абставіны, што ён зʼявіўся ў той час, калі, мабыць, сфармавалася ў ім патрэба».

«Яму цяпер нялёгка, але ён вытрымае і выстаіць. Не спыняйцеся і працягвайце пісаць яму лісты, не забываючы пра іншых людзей у ШЫЗА, якія таксама пацярпелі», – заклікае Дзмітрый Лаеўскі.

Адвакат адзначае, што пажаданні ад людзей, цёплыя словы даюць сілы і жаданне працаваць. Таму Дзмітрый Лаеўскі абяцае інфармаваць праз блог пра хаду справы Віктара Бабарыкі.

«Калі я заканчваў Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, я добра запомніў словы завуча – Лявона Баршчэўскага, які сказаў, што чыноўнікі мяняюцца, а са сваім сумленнем нам жыць усё жыццё. Мэта маёй працы – свабода Віктара Бабарыкі і пацверджанне яго невінаватасці. Гэта можа быць не хутка і гэта дакладна не будзе проста. Але мы з вам пройдзем гэты шлях да канца. Лічыце гэта абяцаннем».

Hавiны
Марыя Бабарыка распавяла, калі яе бацька вырашыў балатавацца ў прэзідэнты
2020.06.26 20:28

СК belsat.eu

Стужка навінаў