Адвакат Бабарыкі: «Віктар Дзмітрыевіч здароў, вельмі цікавіцца, што адбываецца ў краіне»

Абаронца Віктара Бабарыкі здолеў праз чатыры дні пабачыцца з падабаронным, перадае TUT.by.

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі нарэшце здолеў пабачыцца са сваім падабаронным у КДБ, куды яго выклікалі для працэсуальных дзеянняў. Юрысту стала вядома, што той плануе абскарджваць сённяшняе рашэння суда, які не ўхваліў скаргу адвакатаў на затрыманне Віктара Бабарыкі. Таксама патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты плануе абскарджваць меру стрымання.

Ён распавёў і аб самаадчуванні Бабарыкі.

«Віктар Дзмітрыевіч здароў, вельмі цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне… З жыццёвага: ён зараз плануе правесці дэталёвы параўнальны аналіз усіх рэдакцыяў нашай Канстытуцыі, таму што ўсё, што з ім зараз адбываецца яшчэ болей пераканала яго ў важнасці таго, якая Канстытуцыя мусіць быць у аснове заканадаўства. Датычна лістоў, якія яму пішуць людзі, – на жаль, на дадзены момант ён нічога не атрымаў. Мы спадзяёмся, што ў гэтым пытанні ўсе наладзіцца і яму будуць перадаваць лісты», – распавёў адвакат.

Таксама стала вядома, што ў Бабарыкі палепшыліся ўмовы ўтрымання ў. СІЗА КДБ – яму далі нармальнае спальнае месца. Раней ён меў ложак толькі ўначы, днём не было як прыткнуцца.

Да Віктара Бабарыкі ў СІЗА КДБ не пусцілі адваката. Ён падаў скаргу ў Генпракуратуру

Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, якое мае неафіцыйную назву «Амерыканка». Ад 20 чэрвеня да яго не мог патрапіць адвакат праз эпідэміялагічную абстаноўку.

КТ belsat.eu

Hавiны