Аднаго з каардынатараў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай змясцілі на каранцін


Адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілюк змешчаны на каранцін як кантакт 1-га ўзроўню. Пра гэта ён распавёў belsat.eu.

Аляксандр Мілюк – жыхар Мастоў. Ён з’яўляецца каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па 6-ці раёнах – у тым ліку Слонімскаму, Іўеўскаму і Мастоўскаму. Аляксандр сцвярджае, што ў яго зʼявіліся праблемы пасля пікету па збору подпісаў у Ваўкавыску, які адбыўся 6 чэрвеня. Ужо праз два дні яго прызналі кантактам 1-га ўзроўню.

«Міліцыя, санстанцыя, хуткая – ўсе былі задзейнічаныя. У панядзелак яны прыехала. Я кажу: адкуль у вас інфармацыя пра тое, што я кантакт 1-га ўзроўню? Нічога мне не паказалі, спасылаліся на галоўнага лекара санстанцыі. Чалавеку, які быццам бы захварэў на каронавірус, за содні зрабілі аналіз», – распавёў актывіст belsat.eu.

Мілюк быў вымушаны падпісаць пасведчанне аб самаізаляцыі. Гэта стандартны дакумент, які падпісваюць усе інфікаваныя каронавірусам, а таксама кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў. Парушэнне ўмоваў самаізаляцыі можа карацца адміністратыўнай і нават крымінальнай адказнасцю (у выпадку, калі гэта прывядзе да цяжкіх наступстваў).

Пасведчанне аб самаізаляцыі Аляксандра Мілюка. Фота прадастаўлена актывістам

Такім чынам Аляксандр пазбавіўся магчымасці збіраць подпісы за Святлану Ціханоўскую. Ён лічыць, што яго памясцілі на каранцін неабгрунтавана і звязана гэта выключна з ягонай дзейнасцю падчас выбарчай кампаніі. «Больш у мяне няма тлумачэнняў. Я цяпер дома і не ведаю, што са мной будзе. Я не адчуваю сябе ў бяспецы», – дадаў ён.

Адзначым, што Аляксандра Мілюк 31 траўня затрымлівала міліцыя.

Інтэрв’ю
«Ты ўжо гатовы сесці». Уражанні зборшчыкаў подпісаў у падтрыманне Ціханоўскай
2020.06.12 13:32

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў