«Адмылі, пракапалі, пайшоў працаваць». Спявак Саша Нэма распавёў аб праблемах з алкаголем


Каб развязаць праблему, спачатку трэба прызнаць яе. Толькі не заўжды гэта бывае лёгка, асабліва калі ты публічная персона, а твая праблема дастаткова далікатная. Спявак Саша Нэма падзяліўся сваёй гісторыяй барацьбы з алкаголем.

Неяк так павялося, што алкаголь часцяком суправаджае артыстаў на канцэртах, фестывалях, карпаратывах.

«Раней гэта была норма. Можна казаць пра канец 90-х пачатак 2000-х гадоў. Шчыра прызнацца, мы нават, калі выязджалі на нейкі канцэрт, ужо ў Менску пачыналі весяліцца. Я ўжо не кажу, што было пасля канцэртаў», – узгадвае Саша Нэма.

Пасля такіх узліванняў, прызнаецца Саша, яшчэ некалькі дзён было страшна зазірнуць у гаманец. Але не фінансавы чыннік прымусіў яго адмовіцца ад шкоднай звычкі.

«Цябе чарговы раз вынялі, адмылі, пракапалі і ўсё астатняе, і ты, падаецца, прыйшоў у сябе, пайшоў працаваць – ты герой. І калі ты адчуваеш, што з табой няньчацца, як з дзіцём, то ты ці не мужык, ці сапраўды, выбачаюся, кончаны алкаш. Трэба да гэтага дайсці», – тлумачыць спявак.

Hавiны
Падлеткі ў Беларусі купляюць алкаголь 20 тысяч разоў на год, а ў іх не пытаюцца пашпарт
2019.07.11 17:40

Сваё жаданне гульнуць Саша тлумачыць спецыфікаю ягонай працы. Ён шмат працаваў, быў у паездках, рабіў канцэрты, і такі рэжым прыводзіў да эмацыйнага выгарання. У той жа час такая праца прыносіла добры заробак, які дазваляў шмат чаго зрабіць для сваіх блізкіх. І вось у якасці бонусу для сябе, узнагародай за цяжкую працу былі гулянкі.

«Я проста сабе ўнутры сказаў: «Саня, давай ты нейкі перыяд пажывеш без гэтага». І разумееце, праходзіць нейкі час, месяц, два, ты думаеш пра гэта, а пасля праз нейкі час ты параўноўваеш сваё жыццё тое і цяперашняе. Мне без гэтага добра абсалютна», – прызнаецца Саша Нэма.

Лекар-нарколаг: штодзённа ў нас 50 чалавек у рэспубліцы памірае ад наступстваў спажывання алкаголю

Афіцыйная статыстыка кажа, што ў Беларусі 158 тыс. чалавек маюць дыягназ «сіндром залежнасці ад алкаголю», яшчэ 95 тыс. перабываюцьа на прафілактычным уліку. Паводле звестак Белстату, у 2018 годзе ў больш за 17 тыс. чалавек упершыню дыягнаставалі сіндром залежнасці ад алкаголю.

«Мы павінныя разумець, што штодзённа ў нас 50 чалавек у рэспубліцы памірае ад наступстваў спажывання алкаголю. Яшчэ 40 чалавек – ад табакапалення. Мы кожны дзень губляем невялічкую вёску», – адзначае лекар-нарколаг Уладзімір Іваноў.

Каб палепшыць сітуацыю ў краінах, дзе назіраюцца высокія паказнікі спажывання алкаголю, Сусветная арганізацыя здароўя раіць абмежаваць продаж алкагольных напояў, узяцца за рэгуляванне рэкламы і падвысіць кошты на алкаголь.

«Абмяжоўваць трэба. Ёсць заканамернасць: чым меншая дасяжнасць, тым менш п’юць. Тут не паспрачаешся, гэта даказана», – кажа Аляксандра Каляда, лекар-псіхатэрапеўт і адмыслоўца ў лячэнні залежнасцяў.

Hавiны
Мінаховы здароўя хоча забараніць прадаваць алкаголь асобам, якія не маюць 21 год
2019.08.28 12:52

Як беларусы змагаюцца са сваймі залежнасцямі? Чаму нават дзве-тры чаркі могуць прывесці да алкагалізму? Хто і як можа дапамагчы ў барацьбе з хваробаю? Адказы на гэтыя пытанні шукайце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Стужка навінаў