Адмовілі ў стварэнні беларускамоўнага класу, бо 99 % бацькоў былі за расейскамоўнае навучанне


У Гомель на бацькоўскі сход з’ехаліся мамы і таты з усёй Беларусі, каб падзяліцца ўласным досведам ды абмеркаваць праблемы і дасягненні ў сучаснай беларускамоўнай адукацыі.

На бацькоўскі сход у Гомель, які быў арганізаваны мясцовай філіяй Таварыства беларускай мовы, прыехалі бацькі з усёй Беларусі. Гэта быў ужо другі па ліку сход, дзе бацькі беларускамоўных дзетак чарговы раз пагутарылі пра тое, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў сучаснай беларускамоўнай адукацыі. Як распавялі Belsat.eu удзельнікі сходу, каб аддаць дзіця ў беларускамоўны садок, трэба шукаць бацькоў-аднадумцаў. І толькі тады, магчыма, вашае дзіця будзе вучыцца па-беларуску.

На бацькоўскі сход у Гомель, які быў арганізаваны мясцовай філіяй Таварыства беларускай мовы, прыехала каля 15 чалавек з усёй Беларусі.

Паводле дадзеных Белстату, у 2016–2017 навучальным годзе па-беларуску ў школе навучалася крыху больш за 12 адсоткаў дзяцей.

Асобны сшытак для беларускіх літар

У Таццяны Літошак двое дзяцей: дачушка ходзіць у першы клас адзінай у Гомлі беларускамоўнай гімназіі. А сынок рыхтуецца туды пайсці ў наступным годзе. Праўда, у гэтай гімназіі толькі да 5-га класа навучэнне адбываецца на беларускай мове. Пасля ўсе дакладныя навукі (матэматыка, фізіка, хімія) вывучаюцца па-расейску.

– Калі прыйшоў час аддаць дачку ў школу, я пайшла ў 36-ю гімназію і сказала, што мы наступным годам хацелі б трапіць да іх, але прапісаныя ў іншым раёне. Як толькі намесніца дырэктара пачула, што мы хочам менавіта да іх з-за беларускамоўнага навучання, сказала: «вы нам патрэбныя». Ніякіх праблем з паступленнем у нас больш не было.

Таццяна кажа, што настаўніца ейнай дачкі размаўляе з дзеткамі па-беларуску, падручнікі ў іх таксама беларускамоўныя

Таццяна кажа, што настаўніца ейнай дачкі размаўляе з дзеткамі па-беларуску, падручнікі ў іх таксама беларускамоўныя.

– Але ёсць праблемы з пропісямі: беларускіх пакуль няма. Таму нам давялося набыць расейскія, і дзеткі пішуць там толькі тыя літары, якія паўтараюцца ў абедзвюх мовах. А напісанне беларускіх літар трэніруюць у асобным сшытку, – распавядае Таццяна.

Менчукі Іна і Сяргей Мудрачэнка таксама выхоўваюць дачку Ясю па-беларуску. Калі шукалі беларускамоўны садок, то побач з домам такога не было.

Іна Мудрачэнка распавядае, што ім пашанцавала з беларускамоўнай групай у садку, куды ходзіць дачка

– Нам няважна было, дзе будзе садок, які там рамонт. Праз некаторы час мы выпадкова даведаліся, што ў садку побач з домам адкрылі беларускамоўную групу, – распавядае Іна. Яна дадае, што ў садку адна выхавацелка цалкам беларускамоўная, а другая размаўляе на трасянцы. Таму выхаваўчы працэс вядзецца прыблізна толькі на 60 адсоткаў па-беларуску.

Апыталі 108 бацькоў: 107 з іх былі супраць беларускай мовы

Барысаўчанін Сяргей Мяшкоў – бацька Язэпа і Ганны, якіх ад нараджэння выхоўваюць па-беларуску.

– У мінулым годзе сын пайшоў у школу. І тады я яшчэ не гатовы быў змагацца за мову. А ў гэтым годзе, калі дачушка збіралася пайсці ў першы клас, мы з жонкай вырашылі, што ён мае быць беларускамоўным.

Сяргей спрабаваў сабраць подпісы за адкрыццё ў школе беларускамоўнага класу, але 99% бацькоў былі за расейскамоўнае навучанне

У гарвыканкаме на іх заяву адрэагавалі станоўча і параілі школу, дзе можна рэалізаваць працэс навучання па-беларуску. У гэтай школе павесілі абвестку аб наборы ў беларускамоўны клас. Сам Сяргей таксама паўсюль рэкламаваў гэтую абвестку. Але са 108 сабраных заяваў 107 было за расейскую мову навучання. Таму Сяргею ў навучанні дачкі па-беларуску адмовілі.

– На сённяшні дзень мая дачка пайшла ў расейскамоўную школу. Але настаўніца ўсяляк падтрымлівае і падбадзёрвае дачушку. Старэйшага сына я перавёў у беларускамоўную гімназію. Яна ў 50 хвілінах ад нашага дому, і дачку я пусціць адну так далёка не магу. Калі б знайшліся хаця б два чалавекі, я б пачаў дамагацца стварэння беларускамоўнага класу, – кажа Сяргей.

Часам, каб стварыць беларускамоўную групу ў садку ці беларускамоўны клас, трэба сабраць вось такі стос папер

Старшыня Гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч разам з аднадумцамі даўно змагаецца за пашырэнне беларускамоўнай адукацыі ў Гомлі. Дзяўчына арганізавала ў горадзе над Сожам нефармальныя курсы «Мова дзяцей», якія карыстаюцца папулярнасцю. А зараз яшчэ і ладзіць бацькоўскія сходы, дзе бацькі могуць абмеркаваць праблемы і выклікі з якімі сутыкаюцца.

– Бацькоўскія сходы – гэта новы крок, які мы распрацавалі для таго, каб трымаць сувязь з бацькамі. Бо тое, што ёсць 4 беларускамоўныя групы ў садках на Гомель – гэта крута. Файна таксама, што дзейнічае наш гурток «Мова дзяцей» ужо трэці год. Але важна камунікаваць з бацькамі. Мы хочам, каб гэтыя сходы сталі часцейшымі, прынамсі раз на месяц, – кажа Алеся.

У бліжэйшых планах Гомельскага ТБМ – шэраг сумесных мерапрыемстваў з дзяржаўнымі ўстановамі.

Аб’ектыў
Беларуская мова. Ну вывучу, а што далей?
2018.09.26 21:25

Ганна Вашчанка, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў