Адкрыццё выставы памяці «Лісты з нябёсаў»


Адкрыццё выставы памяці сябраў творчай суполкі «Пагоня» і іншых секцыяў Беларускага саюзу мастакоў «Лісты з нябёсаў» адбудзецца сёння, 22 лютага а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў. 

На выставе будуць паказаныя творы аднадумцаў суполкі «Пагоня» Уладзіміра Стэльмашонка, Арлена Кашкурэвіча, Аляксандра Кішчанкі, Анатоля Бараноўскага, Леаніда Марчанкі, Івана Дмухайлы, Аляксея Пятрухны і іншых.

Падзею каментуе tut.by мастацтвазнаўца, сябра суполкі «Пагоня» Таццяна Маркавец-Гаранская:

«Творчая спадчына нашых паплечнікаў, тых, хто прысвяцілі сябе служэнню Бацькаўшчыне, вартыя нашай увагі і пашаны, памяці на старонках гісторыі мастацтва Беларусі. Выстава «Лісты з нябёсаў» светлы напамін пра гэта».

Творчая суполка «Пагоня» летась адзначыла 25-гадовы юбілей. З гэтай нагоды ў кастрычніку мінулага году ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ адбылася ўрачыстая прэзентацыя альбома-каталога «Творчая суполка «Пагоня».

«Прычынай такой доўгатэрміновай еднасці зʼяўляецца агульная платформа для творчай дзейнасці. У першую чаргу гэта жаданне ўвасобіць праз мастацтва Краіну Беларусь, гэта рэканструкцыя забытых і паўзабытых старонак яе гісторыі і дасягненняў культуры з тым, каб увесь свет ведаў пра багатую спадчыну беларускага народа ў прасторы часу», – кажа спадарыня Таццяна.

Сябры суполкі «Пагоня» – гэта мастацтвазнаўцы, графікі, жывапісцы скульптары, дызайнеры, аўтары мастацкага фота, мастакі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Значная частка сяброў адышла ў іншы свет. Многія з гэтых творцаў стаялі ў крыніцаў заснавання суполкі «Пагоня» і выдатнымі яе прадстаўнікамі. Гэта Яўген Кулік, Уладзімір Сулкоўскі, Віктар Маркавец, Пётр Драчоў, Міхась Раманюк, Віктар Шматаў, Віктар Сташчанюк, Пётр Шарыпа і іншыя.

Выстава пройдзе 22–28 лютага 2017 года. Наведаць яе можна штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Адрас:  Менск, Палац мастацтва, вул. Казлова, 3.

ВД, паводле belartunion.by

Стужка навінаў