Адкрыццё аўтавакзалу «Усходні» перанеслі на 20 сакавіка


Спачатку аўтавакзал планавалі адкрыць 6 сакавіка ў другой палове дня.

Аўтавакзал «Усходні». Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Адкрыццё пасажырскага тэрміналу на аўтавакзале «Усходні» перанеслі на 20 сакавіка. Пра гэта паведамляецца на сайце прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь». Аўтавакзал не працаваў ад лета 2016 года. Першапачаткова планавалася адкрыць тэрмінал 6 сакавіка ў другой палове дня.

Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Але ад самай раніцы 6 сакавіка карэспандэнты Belsat.eu пабачылі закрыты тэрмінал аўтавакзалу. Не было бачна і ніякіх падрыхтаванняў да адкрыцця.

Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Аўтавакзал «Усходні» запрацуе з 20 сакавіка. Чатыры гады будынак быў закансерваваны, патрабаваліся рамонтныя працы. Там шмат такіх касметычных рамонтных прац, трэба праверыць ацяпленне, праводку, усё праверыць. А на гэта неабходны час», – распавялі «Белсату» у «Менсктранс».

Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Цяпер у Менску працуе ўсяго толькі адзін аўтавакзал – «Цэнтральны». Але яго магутнасці недастатковыя, таму было прынята рашэнне пра адкрыццё яшчэ аднаго буйнога пасажырскага тэрміналу. Сталічныя чыноўнікі вырашылі адкрыць аўтавакзал «Усходні», паколькі гэта адзіная пляцоўка, якая засталася ў Менску. Нагадаем, некалькі гадоў таму сталічны аўтавакзал «Маскоўскі» быў разбураны, але на яго месцы офісы «Газпрому» пакуль не з’яявіліся.

Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

З 20 сакавіка з аўтавакзалу «Усходні» будуць адпраўляцца гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія і міжнародныя аўтобусы.

СК belsat.eu

Стужка навінаў