«Адграбуць усе»: трэнер Беларускай федэрацыі трыятлону трапіў у допінгавы скандал

Беларускі трыятланіст Аляксей Трахімчык апублікаваў у сваім «Facebook’у» перапіску з былым трэнерам Арцёмам Букаўцом, які, паводле спартоўца, прапаноўваў яму прымаць забаронены прэпарат «Тэстастэрон-Прапіянат», каб «паказаць вынікі».

Паводле Трахімчыка, два гады таму Арцём Букавец (трэнер Беларускай федэрацыі трыятлону) прапанаваў яму ўжываць допінг.

Арцём Букавец у Іспаніі. Фота – facebook.com/arbukovec

Гэтая гісторыя ўсплыла выпадкова – пасля таго, як Букавец пакінуў каментар на адрас Трахімчыка пад допісам іншага трыятланіста. Цяпер Аляксей Трахімчык мае іншага трэнера і жыве ў Іспаніі.

«Гісторыя гэтая ўсплыла толькі цяпер, бо гэты чалавек [Арцём Букавец. – Заўв. Belsat.eu] не ўпускаў магчымасці мяне зачапіць дзесьці ў каментарах, папракаючы тым, што мае вынікі не могуць быць значныя без допінгу», – распавёў Belsat.eu Аляксей Трахімчык.

Адзін з каментароў пад допісам Аляксея Трахімчыка

Спартовец сцвярджае, што прапанова допінгу змусіла яго разарваць супрацу з трэнерам.

Аляксей Трахімчык. Фота – facebook.com/trakhimshyk

«Я проста не захацеў працаваць з гэтым чалавекам. Гэта ненармальна, што трэнер Беларускай федэрацыі трыятлону так у адкрытую прапаноўвае допінг. Тады я вырашыў прамаўчаць. А цяпер, калі ён піша ўсё гэта і не баіцца адказнасці… Піша пра гэта ў сацсетцы (каментары ўжо выдаленыя), а пасля яшчэ і ў прыватныя паведамленні, што мне пра гэта трэба маўчаць – гэта ненармальна, калі такое робіць трэнер нацыянальнай зборнай. Чамусьці ён не баіцца так казаць», – патлумачыў спартовец.

Арцём Букавец у размове з Belsat.eu заявіў, што нікога не схіляў да ўжывання допінгу. Трэнер сцвярджае, што Трахімчык не быў ягоным выхаванцам і наагул не прафесійны спартовец. Букавец кажа, што некаторы час таму проста дыстанцыйна кансультаваў Трахімчыка – хлопец хацеў займацца спортам, задаваў трэнеру пэўныя пытанні, а той яму адказваў.

«Трахімчык не спартовец і не мае дачынення да спартовай школы. Гэта чалавек з вуліцы, які працуе на заводзе. Калісьці ён да мяне звярнуўся, прасіў дапамагчы, бо хацеў пачаць трэнавацца. У пэўны момант ён пацікавіўся: а што прымаюць прафесійныя спартоўцы ў якасці допінгу? Ну я і адказаў тое, што чытаў у інтэрнэце. Прымаў ён нешта потым або не прымаў – не ведаю. А цяпер ён сцвярджае, што я нібыта схіляў яго прымаць допінг. Хлусня. Нават калі я даў пэўную інфармацыю, то што тут такога? Гэтую інфармацыю можа любы загугліць», – адзначыў Букавец.

Паводле Трахімчыка, да яго ўжо звярнулася Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі ды прапанавала пакінуць заяўку «аб наяўнасці парушэнняў».

У размове з Belsat.eu спартовец адзначыў, што пакуль не прыедзе ў Беларусь, бо баіцца наступстваў скандалу.

«Я не ведаю, якія ў мяне могуць быць праблемы праз гэта. Я думаю, што напярэдадні Еўрапейскіх гульняў будзе вялікі розгалас», – мяркуе Аляксей Трахімчык.

ЮВ, ІІ, belsat.eu

Hавiны