«Адчуванне, што перад намі замыкаюцца дзверы». Беларусы заселі ў Малайзіі


Марына і Аляксей у Малайзіі

У Марыны і Аляксея зімоўка ў цёплай краіне перарастае ў кашмар. Праз тое, што Індыя і Казахстан закрылі межы, яны не могуць выбрацца з Азіі.

Квіткі дадому маладыя людзі набылі яшчэ ў лютым. Яны планавалі з Малайзіі вяртацца праз Індыю, а адтуль, з перасадкай у Казахстане, ляцець у Маскву.

Марына распавядае, што цяпер сітуацыя складаная: «На тым тыдні нам прыйшоў ліст ад авіякампаніі, што наш рэйс адмяняюць. Тады мы вырашылі, што паляцім у Маскву адразу праз Алматы. Просім авіякампанію памяняць квіток, але тут і Казахстан закрыў межы. То бок наўпрост у Маскву ці Менск нічога не ляціць, а перасадкі ў тых краінах, дзе таксама ўводзяць каранцін».

Пасажыры ў міжнародным аэрапорце Куала-Лумпур. Чакаецца, што ўрад Малайзіі абвесціць аб закрыцці межаў 18 сакавіка з-за распаўсюджвання каронавіруса.
Фота: LIM HUEY TENG / Reuters / Forum

Пара гэтак ужо вандравала па Азіі, таму ніякіх праблемаў яны не чакалі: «Чуткі пра каронавірус хадзілі даўно. Некаторыя насцярожана ставіліся да кітайцаў. Але падавалася, што гэта недзе далёка і не вельмі істотна. Мы маніторылі сітуацыю. На той час пісалі пра двух хворых у Індыі, у Еўропе таксама было ўсё спакойна».

Цяпер інфармацыя мяняецца настолькі імкліва, што спланаваць маршрут і паспець узяць квіток вельмі складана: «Мы проста з раніцы да вечара не выпускаем тэлефонаў з рук, пастаянна абнаўляем пошту. Лістуемся з авіякампаніямі, якія перагружаныя. Падпісаліся на ўсе мажлівыя форумы і тэлеграм-чаты. Пісалі ў беларускія амбасады ў Індыі ды Інданезіі. Першым прыйшоў адказ з нашага прадстаўніцтва ў Індыі. Напісалі: «Трымайцеся транзітных зонаў». Што гэта значыць? Як іх трымацца? Тады пачалі ім тэлефанаваць. І такім будзённым голасам нам распавялі, што з самалёта нас не выпусцяць, шукайце іншых варыянтаў».

Жанчына ў масцы ходзіць па мячэці пасля ўспышкі каронавіруса, Куала-Лумпур, Малайзія, 16 сакавіка 2020 года.
Фота: LIM HUEY TENG / Reuters / Forum

Падобная сітуацыя была і з амбасадай Беларусі ў Інданезіі (гэтая ўстанова займаецца і пытаннямі Малайзіі), але сёння прыйшоў ліст у адказ з просьбай даслаць сканы пашпартоў, кантактныя нумары і планаваны раней маршрут. Марына кажа, што гэта хоць нейкая надзея: «Я спачатку марыла, што нашыя амбасады зробяць нешта больш грунтоўнае. Не як у фільме «Марсіянін», але хоць нешта, хоць інфармацыйнае падтрыманне аказаць нам – яно было б вельмі дарэчы.

Мы самі сюды прыляцелі, нам гэта і расхлёбваць, але ж ці маглі мы такое прадбачыць? Фактычна, мы можам разлічваць толькі на сябе, бо не ведаем, ці звяртаецца нашая дзяржава да іншых, каб дапамагчы такім, як мы, пасядзець у транзітнай зоне і вярнуцца дадому».

Hавiны
У беларусаў застаецца дзве магчымасці з’ехаць з Літвы
2020.03.17 09:59

Марына прызнаецца, што складана не хвалявацца: «Знаёмыя пішуць, што ў Індыі высяляюць з гатэляў і гостэлаў замежнікаў. У Малайзіі пакуль пра такое не чуваць, але і гарантыі няма. У мяне такое адчуванне, што перад намі замыкаюцца дзверы. Толькі мы знаходзім нейкі варыянт пералёту, гатовыя аддаць шалёныя грошы за квіткі сёння на сёння, як высвятляецца, што закрылася новая краіна. Беларусь адкрытая, але як да яе дабрацца?»

Напярэдадні МЗС Беларусі канстатаваў, што праблема з эвакуацыяй грамадзянаў ускладняецца ў сувязі з рашэннем Расеі закрыць межы, бо шмат у якіх кірунках Масква выступала як транзітны хаб для беларусаў. Паводле МЗС, шмат хто застаецца практычна адрэзаны ад магчымасці вярнуцца дадому.

Hавiны
«Можна чакаць чартару, але невядома, калі ён будзе». Як белсатаўцы вяртаюцца дамоў праз каранцін па ўсім свеце
2020.03.16 16:30

МГ belsat.eu

Стужка навінаў