Адбываць арышт Леанід Кулакоў ехаў на тралейбусе, бо ў міліцыі не было машыны


Сёння актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выйшаў на волю.

10 содняў арышту ў ізалятары на Акрэсціна Леанід Кулакоў адбыў за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якая адбылася яшчэ 22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Кепска тое, што людзі змагаюцца за праўду і свае перакананні, а іх за гэта кідаюць за краты і штрафуюць. Гэта мярзотна і паскудна. Такога быць не павінна, – заявіў пасля выхаду на волю Леанід Кулакоў.

Адметна, што адбываць арышт у ізалятар на Акрэсціна Кулакоў прыехаў сам, бо міліцыянты сказалі яму, што «не маюць свабоднай машыны». Актывіст ехаў у тралейбусе з таблічкаю «Еду ў турму» і прынцыпова не заплаціў за праезд.

Чамусьці яны абмяжоўваюць права чалавека на інфармацыю, на перапіску, на тое, каб з ім абыходзіліся, як мае быць. Ну, нашая дзяржава такая зараз. Мы ж за гэта і змагаемся, каб яна была іншай. Спадзяюся, што ані мяне, ані Лёню не атрымаецца спыніць падобнымі «адпачынкамі», – кажа паплечнік Кулакова Максім Вінярскі.

Былога таксіста Леаніда Кулакова неаднаразова судзілі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Толькі за гэты год – больш за 7 судоў і канфіскацыя аўтамабіля.

Адбываючы адзін з тэрмінаў, Леанід Кулакоў атрымаў траўму нагі і дагэтуль ходзіць толькі з дапамогай кія.

ДД

Стужка навінаў