Ад прэтэндэнта на «Оскар» да ацэнкі «нуль». Вартасці ды недахопы фільму «Зэравіль»

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Аўтар раману «Зэравіль» – тытулаваны амерыканскі сюррэаліст Стыў Эрыксан. Некалькі папулярных аглядальнікаў уключылі гэтую кнігу ў спіс найлепшых за 2007 год. Аўтар удзельнічаў у стварэнні сцэнару стужкі, а рэжысёрам і выканаўцам галоўнай ролі зрабіўся Джэймз Франка, вядомая персона ў плыні фільмаў катэгорыі «Б». «Зэравіль» (у беларускім пракаце стужка ідзе пад назваю «Нулявуд») можа пахваліцца яркім удзелам Сэта Роўгена ў эпізодах і эратычнай прысутнасцю Мэйган Фокс («Трансформеры», «Цела Джэніфэр», «Ніндзя-чарапашкі»). Яна вярнулася на экран пасля невялікага перапынку.

Пачуўшы пра тое, што дзеянне фільма пачынаецца ў Галівудзе ў рамантычную эпоху хіпі, «дзяцей кветак» і вольнага кахання, шмат хто пачаў параўноўваць «Зэравіль» з новай стужкай Квенціна Таранціна. На мой погляд, нічога агульнага ў гэтых фільмаў няма. Калі Таранціна выказвае сваё стаўленне да сучаснасці скрозь прызму юнацкіх успамінаў, то тут мы бачым спрэчнае сцвярджэнне аб тым, што любы творчы чалавек – параноік, а то і варʼят.

Мэйган Фокс. Фота Reddit.com

Герой на мянушку Вікар прыязджае ў Галівуд, каб адшукаць там якую працу. Западае на акторку на імя Соледад (Мэйган Фокс). Дзяўчына не простая: яе ўжо спрабавалі вылечыць ад псіхічных праблем у Нарвегіі. Цяпер яе часта запрашаюць на ролі ў кіно, але, як правіла, не зацвярджаюць. Вікар прыцягвае ейную ўвагу. Ён робіцца адмыслоўцам, якога запрашаюць змантаваць фільм з удзелам Соледад для кінафестывалю ў Венецыі.

Джэймз Франка і Мэйган Фокс. Фота Zeroville.com

Па іроніі лёсу менавіта ў 1969-1979 гады (перыяд дзеяння фільма) з Венецыянскім кінафестывалем былі сурʼёзныя праблемы. Яго (фэст) аднавілі толькі ў 1979-м. Выходзіць, што вялікая частка дзеяння «Зэравіля» адбываецца менавіта тады. Але гэта неяк слаба акцэнтавана. Хаця, дачка гераіні ўжо падрасла… Але 10 гадоў для тых часоў – гэта вельмі сурʼёзны зрух – у поп-культуры, у стылістыцы аўтарскага кіно, ва ўсім… той жа панк да гэтага часу ўжо стаў поп-панкам. У фільме гэтыя змены ледзь прыкметныя. Хіба толькі ў вопратцы дачкі Соледад.

…Аказваецца Соледад нагадвае Вікару жанчыну, якую ён не раз бачыў у сваіх марах. Рэальнасць і трызненне для яго змешваюцца ў адзінае. У конкурсе герой выйграе фестывальны прыз за незвычайны мантаж. Але гэты факт не дасць яму ніякіх бонусаў і, наагул, не прывядзе ні да чаго добрага.

Джэймз Франка і Сэт Роген. Фота Zimbio.com

Меламанам кінецца ў вочы бездакорны падбор музыкі ў «Зэравіле». Ад прота-панка канца 60-х да панка канца 70-х у стылістыцы Паці Сміт. І гэта, бадай, наймацнейшы бок фільма.

Фільмы катэгорыі «А» часам выходзяць на ўніверсальны ўзровень відовішчнасці, ідэй, пасылаў, сэнсаў ці хаця б глянцу. І на вышэйшы ўзровень, калі шукаць адказ на пытанне «як зроблена і як выканана». А вось катэгорыя фільмаў «Б» дасягае ўсяго гэтага рэдка. Часам прэтэндуе, але беспаспяхова. Так і з «Зэравілем». Заяўка на глыбіню, эксперымент, таямніцу – ёсць, выніку – не. Замест сусвету мы бачым прыватны выпадак. Замест арыгінальнасці – старанне пераймаць. Дзеянне ў фільме адбываецца паміж 1969 і 1979 гадамі. Відэашэраг, дыялогі, мантаж, здаецца, капіююць стандарты таго часу. Я не ўбачыў у гэтым нічога дрэннага, але таксама і нічога прывабнага. Галоўны герой у выкананні Франка не выклікае сімпатыі. Фокс нічога асаблівага не паказвае. Яна проста прысутнічае на экране. Або адсутнічае. Чужыя людзі, якім не хочацца суперажываць.

Джэймз Франка і Зоўі Кінг

Фільм, безумоўна, выйграе ў камерцыйнага (або артхаўснага) смецця. Трохі дзіўны, трохі псіхадэлічны, трохі сумны. Але недастаткова прывабны для таго, каб яго агучваць на беларускую. У Кіеве, напрыклад, усе фільмы, якія дэманструюць у прагрэсіўным фармаце Imax, дубляваныя на ўкраінскую. А гэта – большасць сусветных блокбастараў. У нас, дзякуй Богу, на родную мову дублявалі хоць нешта. Дзякуй энтузіястам. Мая ацэнка «Зэравілю» – 5,5 з 10. (Хаця, напрыклад, «Лос-Анджэлес Таймс» сцвярджае, што фільм заслугоўвае ацэнку «нуль».)

Відовішча цікавае, праўда, расчароўвае ўсё больш па меры набліжэння да фіналу. Але, напэўна, знойдуцца гледачы, якім «Зэравіль» спадабаецца. Хоць бы сваёй загадкавай меланхоліяй.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў