Ад перамены асобаў у расейскай амбасадзе сума палітычных інтарэсаў Крамля ў дачыненні да Беларусі не зменіцца


30 красавіка Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб адклiканнi Міхаіла Бабіча і прызначэнні Дзмітрыя Мезенцава новым амбасадарам у Беларусі. Такому рашэнню папярэднічаў канфлікт паміж МЗС Беларусі і расейскім паслом, падчас якога беларускі бок заяўляў, што Міхаіл Бабіч разбурае адносіны брацкіх народаў.

З моманту прызначэння ў Беларусь у жніўні 2018 году ў Міхаіла Бабіча быў насычаны працоўны графік, аналізуе belinstitute.com. Маючы статус спецпрадстаўніка па развіцці гандлёва-эканамічнай супрацы, пасол актыўна ездзіў па рэгіёнах і наведваў сумесныя прадпрыемствы з расейскімі інвестыцыямі, абяцаючы спрыяльныя ўмовы для беларускіх партнёраў на расейскім рынку, а таксама абмяркоўваючы шляхі павелічэння канкурэнтаздольнасці сумеснай прадукцыі на рынках трэціх краінаў.

Міхаіл Бабіч таксама праводзіў сустрэчы з міжнароднымі арганізацыямі ў Менску, абмяркоўваючы прыярытэты місіі МВФ, Сусветнага банку і ААН у дачыненні да Беларусі. Так, напрыклад, падчас сустрэчы з Пастаянным каардынатарам ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаанай Казана-Вішнявецкі абмяркоўваліся патэнцыйныя сумесныя праекты з Расейскай Федэрацыяй.

Рэзананс у медыях атрымалі і сустрэчы расейскага пасла з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Хоць кожнае асобна ўзятае па сабе дзеянне Бабіча можна растлумачыць знаёмствам з краінай і ўсталяваннем працоўных кантактаў, аднак на фоне напружаных стасункаў Бабіча з МЗС такія сустрэчы і паездкі ў сукупнасці ўспрымаліся афіцыйным Менскам з недаверам.

Мезенцаў добра ведае Менск

Новапрызначаны амбасадар Дзмітрый Мезенцаў ужо знаёмы з нашай краінай. Падчас яго службы на пасадзе генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Беларусь атрымала статус назіральніка, якога дамагалася дзесяць гадоў. Аляксандр Лукашэнка асабіста дзякаваў Мезенцаву за тое, што для Беларусі было зроблена выключэнне, як для еўрапейскай дзяржавы, якая не адносіцца да Азіяцкага рэгіёну.

Дзмітрый Мезенцаў таксама ўзначальваў місію назіральнікаў ШАС на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2015 годзе. Улічваючы папярэдні пазітыўны досвед зносінаў кіраўніка дзяржавы з расейскім дыпламатам, можна разлічваць на больш роўныя адносіны, чым тыя, якія склаліся з яго папярэднікам.

Расея саступіла, ці адступіла перад наступам?

Адкліканне Міхаіла Бабіча можна разглядаць як добразычлівы жэст Масквы, з улікам таго, што расейскі МЗС называе Беларусь «самым надзейным партнёрам Расеі». Аднак, па вялікім рахунку, ад перамены асоб у расейскай амбасадзе сума палітычных інтарэсаў Крамля ў дачыненні да Беларусі не зменіцца. Наступны важны этап у двухбаковых стасунках – перамовы па будучыні Саюзнай дзяржавы.

З моманту падпісання ў 1999 годзе дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы, яна існавала пераважна на паперы. Цяпер Масква тэстуе саюзны праект як легітымны спосаб пашырэння свайго ўплыву на Менск. Доўгатэрміновы стратэгічны інтарэс Крамля – ​​зацвярджэнне Расеі ў статусе сусветнай дзяржавы нароўні з ЗША і Кітаем, і пашырэнне сферы ўплыву на «блізкае замежжа», уключаючы Беларусь. Інструмент Саюзнай дзяржавы зручны тым, што не трэба выкарыстоўваць агрэсіўны ціск, які можа пацягнуць санкцыі, іміджавыя страты для Расеі, і асуджэнне з боку міжнароднай супольнасці. Зрабіць Саюзную дзяржаву «працоўнай» можна, аддаючы паўнамоцтвы ўжо існым наднацыянальным органам, дзе, з улікам няроўнай палітычнай вагі ўдзельнікаў, Масква зможа вызначаць парадак дня.

Менск чакае сур’ёзны дыялог з Масквой, ад вынікаў якога залежыць паўната суверэнітэту краіны. На дадзеным этапе абмен прапановамі па Саюзнай дзяржаве праходзіць на ўзроўні МЗС і кіраўнікоў дзяржаваў, без публічнага асвятлення інтэграцыйнай позвы. Такая канфідэнцыйнасць гэтых перамоваў прымушае выказваць здагадкі, якія менавіта пытанні абмяркоўваюцца і ці зможа беларускі бок утрымаць інтэграцыю ў эканамічным вымярэнні.

Аналіз правяла Кацярына Шмаціна, аналітык BISS.

СК belsat.eu

Стужка навінаў