З пачатку года за дзедаўшчыну і перавышэнне ўлады асуджаныя ўжо 26 беларускіх вайскоўцаў

Намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што сёлета беларускія суды вынеслі абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да 23 вайскоўцаў тэрміновай службы, двух прапаршчыкаў і аднаго афіцэра.

У асноўным яны прызнаныя вінаватымі ў гвалтоўных дзеяннях, парушэнні статутных узаемаадносінаў і перавышэнні ўлады. Да вінаватых ужываюцца дастаткова жорсткія меры пакарання, адзначыў Стук. У прыватнасці, 9 чалавек прысуджаныя да пазбаўлення волі, 9 – да арышту.

Паводле Стука, пасля трагічнай смерці жаўнера Аляксандра Коржыча ў Печах, пракуроры сталі часцей бываць у вайсковых частках. Рэгулярна праводзяцца раптоўныя праверкі, ацэньваецца стан вартавай службы і службовай дысцыпліны. «Любому факту, нейкаму сігналу нестатутных зносінаў надаецца вялікае значэнне, праводзіцца вельмі старанная праверка і прымаюцца адпаведныя рашэнні», – цытуе Стука БелТА.

Раней СМІ паведамлялі мінімум пра 8 прысудаў беларускім вайскоўцам за апошнія некалькі месяцаў.

  • 4 і 18 траўня суд Барысаўскага раёну выносіў прысуды двум сяржантам з Печаў – абодва атрымалі па 3 гады пазбаўлення волі;
  • 6 чэрвеня яшчэ аднаго сяржанта з Печаў пасадзілі на 3 гады і 6 месяцаў;
  • 3 траўня ў Горадні за дзедаўшчыну былі асуджаныя сяржант Уладзіслаў Ялец (4 гады калоніі) і яфрэйтар Максім Малышко (3,5 года);
  • 29 сакавіка суд Барысаўскага раёну пакараў былога начальніка фізічнай падрыхтоўкі 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах, падпалкоўніка Дзмітрыя Кіселара 4 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • 30 сакавіка да 5 гадоў пазбаўлення волі быў прысуджаны прапаршчык Ігар Хішчанка з Печаў – за гвалт і здзекі над жаўнерамі ды хабарніцтва.
  • 7 чэрвеня суд Пухавіцкага раёну Менскай вобласці пакараў малодшага сяржанту 3 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму за «злоўжыванне ўладаю».

Нагадаем, пасля гібелі ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча былі распачатыя шэраг крымінальных справаў за дзедаўшчыну ў дачыненні да сяржантаў і афіцэраў. Аднак гэтыя судовыя працэсы ніяк не звязаныя са смерцю Коржыча – справа аб яго гібелі вынесена ў асобную вытворчасць.

Паводле Следчага камітэту, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.

ІІ, belsat.eu

Hавiны