Ад Нёмна да Кеніі. Праваслаўны місіянер з Горадні


Гарадзенскі місіянер Руслан Яроцкі, які ўзначальвае пры Лаўрышскім манастыры валанцёрскі рух «Дзеці Афрыкі», ужо пяць разоў пабываў у Кеніі, куды дастаўляў гуманітарную дапамогу ў праваслаўную абшчыну. Ягоныя падарожжы адкрылі не толькі іншы кантынент, але шмат у чым паўплывалі на светапогляд ужо дарослага чалавека. Аб гэтым і іншым Руслан Яроцкі распавёў «Белсату».

Паехаў, як прыватная асоба, каб проста дапамагчы

Беларускі місіянер раздае ежу ў Кеніі. Фота з прыватнага архіву Руслана Яроцкага

Руслан Яроцкі чалавек сярэдняга веку, як сам заўважае, яму каля сарака. Мае тэхнічную адукацыю, а таксама скончыў Менскую духоўную семінарыю. Жыццё складалася так, што ўвесь час быў уцягнуты ў тыя ці іншыя сацыяльныя праекты. Хрысціянскае выхаванне, паводле яго, і падштурхнула пяць гадоў таму да таго, каб паехаць у Афрыку з гуманітарнай місіяй у праваслаўную абшчыну.

У якасці гуманітарнай дапамогі валанцёр вёз грошы, каб там на месцы пабачыць рэальныя патрэбы і на гэта іх скарыстаць. Частку грошай складалі ўласныя накапленні, астатнія сабралі неабыякавыя людзі: святары, прадпрымальнікі і проста вернікі самых розных канфесіяў.

– Практычна ў маёй кішэні было некалькі тысяч долараў, – удакладняе Руслан. – І ад гэтага муляла хутчэй не ў кішэні, а ў галаве. Было трохі страшна, але першы вопыт шмат чаму навучыў.

«У Кеніі ўсё выглядае інакш»

Першыя ўражанні ад Кеніі былі вельмі моцныя. Руслан упершыню ў жыцці сутыкнуўся з тым, што такія базавыя рэчы, як вада, святло, ежа, медычная дапамога – для вельмі вялікай колькасці людзей з’яўляюцца недасягальнымі. Упершыню на свае вочы пабачыў, як тысячы дзяцей папросту галадаюць, ядуць раз у дзень пахлёбку на вадзе.

Многія з іх ніколі не спрабавалі смак цукерак, жывуць у трушчобах. Паўсюль бруд і смецце, у многіх гарадах каналізацыя адкрытага тыпу, антысанітарыя.

Праўда, гэта толькі адзін бок гэтай краіны. Ужо на суседняй вуліцы, можна было пабачыць шыкоўныя вілы, салоны з самымі дарагімі аўта і крамамі. Аказваецца, на зямлі, калі яна табе належыць, у гэтай незвычайнай краіне можна атрымліваць тры ўраджаі ў год.

Суразмоўца прызнаецца, што толькі там зразумеў, дзе жыве. Яму нават было сорамна, калі раней наракаў на сацыяльны стан, недахоп сродкаў, стары аўтамабіль, высокія цэны ў крамах.

Там увесь прыход жыве за кошт святара, а не наадварот

 

Афрыка, паводле майго суразмоўцы, не толькі дзе галеча альбо багацце, усё выглядае значна складаней. Многія прадпрымальныя афрыканцы, як распавядае Руслан, спрабуюць зарабляць на гуманітарнай дапамозе з іншых краін.

Дзеля гэтага робяць сайты, размяшчаюць на іх здымкі з галоднымі схудалымі дзецьмі і просяць накіроўваць дапамогу на канкрэтны рахунак. У выніку грошы атрымоўваюць і выкарыстоўваюць для сябе.

А ў дзіцячым прытулку айца Мяфодзія, куды патрапіў гарадзенскі валанцёр, 175 дзетак-сірот. І ён увесь час круціцца, каб накарміць іх, адзець, даць адукацыю. Дзеля гэтага піша лісты ў Амерыку і Еўропу з просьбай аб дапамозе.

У яго самога шматдзетная сям’я, яго дзеці харчуюцца тым, чым і іншыя.Там цэлы прыход жыве за кошт святара.

Паводле Яроцкага, там як і паўсюль: адныя сядзяць і чакаюць, а іншыя, хоць і на паўгалодныя, але імкнуцца бясплатна выкладаць у дзіцячых прытулках, шукаюць гранты, каб накіраваць іх вучыцца ў каледж, аказваюць хоць нейкую дапамогу. Менавіта такім святарам у першую чаргу валанцёры з Беларусі і вырашылі дапамагаць.

«Некаторыя святары за атрыманую дапамогу набылі зямлю, прабілі свідравіны для вады і вядуць гаспадарку, – распавядае Руслан. – І гэтым цалкам змянялі сітуацыю для сваіх прыхаджанаў. Значыцца, неяк можна».

Там святар болей, чым святар…

А вось яшчэ адзін прыклад. На ўскрайку гораду Накуру, дзе мноства трушчобаў, паводле валанцёра, адзін з святароў выходзіць уначы на вуліцу і корміць дзяцей. Справа ў тым, што ўдзень яны хаваюцца, а ўначы, калі няма паліцыі, вылазяць з сваіх хованак і шукаюць што і дзе з’есці.

Побач са сваёй царквой ён заняўся будоўляй прытулку для такіх дзяцей і моладзі. У планах беларускіх валанцёраў цяпер дапамагаць і гэтаму святару.

Суразмоўца кажа, што там святар больш, чым святар. Ён не столькі служыць культу, колькі проста сваім людзям. Руслан кажа, што вельмі часта дзейнасць святара скіравана літаральна на тое, каб дапамагчы людзям выжыць.

«Нас успрымалі, як багатых амерыканцаў»

 

Сустракаючы людзей з белай скурай, афрыканцы напачатку ўспрымаюць іх, як багатых амерыканцаў, якія могуць проста прыехаць і выдаць са сваёй шчодрасці палову заробку ім у дапамогу.

Гарадзенцу давялося распавядаць тамтэйшым святарам пра свае заробкі, пра пенсіі, стыпендыі і кошты ў крамах, пра тое, як наагул жывуць людзі ў Беларусі, як збіралі сродкі для таго, каб яны маглі прыехаць у Афрыку і дапамагчы бедным.

Там людзі ўдзячныя любой дапамозе: хоць 5, хоць 100 долараў. А калі яны зразумелі, што я таксама адкладваю гэтыя грошы і яны ідуць не для маіх дзяцей, а на дапамогу ім, удзячнасць стала яшчэ больш.

Пражыткавы мінімум – 1 долар

 

Паводле Руслана, пражыткавы мінімум на сям’ю ў Кеніі – 1 долар на дзень. На гэтыя грошы можна купіць крупы і ўжо сям’я не будзе галадаць. Валанцёр кажа, што есці мяса людзям там даводзіцца вельмі рэдка. Але вось што цікава: ён ніколі не бачыў, каб там нават галодныя дзеці накідваліся на ежу.

«Яны вельмі стрыманыя, нават галодныя дзеці глядзяць, каб той чалавек, які побач, мог таксама паесці, – акцэнтуе валанцёр. – Такое ні з чым не параўнальнае захаванне ўзаемаапекі. Гэта вельмі ўражвае».

А кенійцы яшчэ здзівілі сваёй добразычлівасцю і адкрытасцю. У аэрапорце, калі яны прыляцелі ў Кенію, іх адразу ніхто не сустрэў. Сітуацыя так сабе.

«Любы кеніец можа пазычыць табе тэлефон, сам пагаворыць з тым, хто цябе павінен сустрэць, патлумачыць дзе мы знаходзімся», – заўважае Руслан.

Праўда, з іншага боку, ён бачыў там шмат людзей са зброяй і нарвацца можна на самыя розныя прыгоды. Але ў прынцыпе, паводле яго, кенійцы вельмі добразычлівыя.

«Дапамога ёсць, але маштабы галечы такія…»

 

За пяць гадоў працы беларускіх валанцёраў у Кеніі геаграфія дапамогі дзецям Афрыкі пашыралася. Руслан распавядае, што акрамя прытулку айца Мяфодзія яны імкнуцца дапамагаць яшчэ аднаму прытулку ў вёсцы Гіль-Гіль, дзе пры праваслаўным прыходзе святар апякуецца дзецьмі-інвалідамі.

Беларуская місія працуе таксама ў прыгарадзе Найробі, дзе знаходзяцца другія па велічыні ў свеце трушчобы. Паводле яго, гэта самае жорсткае месца на зямлі.

«Акрамя невыноснай санітарыі, СНІДу, наркаманіі, малярыі, іншых хваробаў, высокай смяротнасці – гэта яшчэ месца, дзе бацькі аддаюць сваіх дзяцей на панэль, каб можна было выжыць», – тлумачыць суразмоўца.

У самой Кеніі, паводле Руслана, існуе мноства розных рэлігійных і грамадскіх фондаў, якія займаюцца дапамогай для людзей, якія жывуць у трушчобах. Але маштабы галечы такія, што нават цяжка сабе ўявіць…

«Сама краіна нават за дзесяцігоддзі не зможа вырашыць гэтай праблемы, калі не будзе сусветнай дапамогі», – перакананы Руслан.

«Адтуль я вярнуўся іншым чалавекам»

 

Нягледзячы ні на што, Кенія вельмі спадабалася Руслану сваёй незвычайнай прыродай, людзьмі, іх культурай. Праўда, ён прызнаецца, што пасля першай паездкі здавалася, што ўжо больш туды не вернецца. Але быў і другі, і трэці, і пяты раз…

«У мяне там нарадзілася пачуццё таго, што нехта павінен дапамагаць тым людзям, – распавядае валанцёр. – Я чалавек сярэдняга дабрабыту, у мяне няма шмат грошай, але ў Кеніі я зразумеў, наколькі важней, калі ты не атрымліваеш, а некаму даеш і дапамагаеш».

Ён згадвае, як падчас аднае з паездак удалося кантрабандным шляхам правесці некалькі каробак беларускіх цукерак. І калі за імі выстраіліся 175 дзетак, кожнаму давалі па адной, у дзяцей была такая радасць на твары, што гэтага нельга забыць.

Шмат хто ў Беларусі пытаецца – навошта ездзіць у Афрыку, калі дапамога патрэбная тут, сваім суайчыннікам? Паводле Руслана, ён займаўся валанцёрствам і ў Беларусі, але Бог, хіба, захацеў так, каб апынуўся ў Афрыцы.

«Я цяпер ужо не магу без Афрыкі. Яна мне патрэбная, каб надалей заставацца чалавекам, – кажа Яроцкі. – Некаторыя думаюць, што Афрыка – гэта нейкая экзотыка, але гэта не зусім так. Там шмат галечы і гора, шмат рызыкі. І таму трэба ім дапамагаць».

Дарэчы, кенійцы нічога не ведаюць пра Беларусь, але з прыездам валанцёраў з Горадні мітрапаліт Кенійскі, калі яго здымалі для дакументальнага фільма, звяртаўся непасрэдна да грамадзянаў Беларусі і прасіў аказаць пасільную дапамогу дзецям у Кеніі.

МК, ПЯ belsat.eu

Стужка навінаў