Ад «Майбаху» да гарэлкі: топ падарункаў ад Лукашэнкі ды Лукашэнку

Belsat.eu падрыхтаваў падборку аб найбольш арыгінальных, недарэчных і скандальных падарунках, якія Аляксандр Лукашэнка атрымліваў падчас кіравання Беларуссю, і якія ён сам прэзентаваў іншым дзяржаўным лідарам.

Падчас візіту ў Менск 31 ліпеня прэзідэнт Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў падарыў Аляксандру Лукашэнку статуэтку кіраўніка Беларусі ў выглядзе хакеіста. Аднак за часы свайго кіравання Лукашэнка атрымліваў і куды больш дарагія падарункі.

Шаўкат Мірзіёеў робіць падарунак Аляксандру Лукашэнка. Крыніца – president.gov.by

Што дарылі Лукашэнку

«Майбах»

У студзені 2013 года Лукашэнка на чарговай прэс-канферэнцыі распавёў, што адзін расеец падараваў яму на дзень народзінаў «Майбах».

«Што тычацца гэтага «Майбаха», так яго ўжо не выпускаюць, яго знялі з вытворчасці. Мне падаравалі яго на дзень нараджэння – я яго аддаў дзяржаве. Мне ўсё роўна трэба было б набыць аўтамабіль, калі б не было гэтага «Майбаха», – заявіў тады кіраўнік дзяржавы.

«Майбах» мадэлі 57/62 лічыцца адной з самых дарагіх машын у свеце – яна каштуе каля 500 тысяч долараў. Паводле СМІ, гэты падарунак Лукашэнкі зрабіў расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў (хаця сам бізнесовец зняпраўджвае гэтую інфармацыю). У любым выпадку ў беларускім грамадстве потым шмат разважалі пра тое, што такога кшталту падарункі больш падобныя на хабар.

Рэзідэнцыі, гадзіннік, ровары і адзенне

Лукашэнка шмат разоў спасылаўся на тое, што тая ці іншая дарагая маёмасць – гэта толькі падарунак. Напрыклад, падарылі яму швейцарскі гадзіннік Patek Philippe Calatrava 5120j за 17 тысяч долараў.

«Што тычацца гадзінніка, так вы не хвалюйцеся. Як і аўтамабіль, мне іх падарылі на дзень нараджэння», – казаў ён журналістам у 2013-м.

У 2019 годзе Лукашэнка аналагічным чынам тлумачыў сваё элітнае экіпаванне, у якім паднімаўся на гарналыжны схіл у Сочы. Лыжы, куртку, штаны і нават шапку яму падарылі, сцвярджаў кіраўнік дзяржавы.

Падарункамі Лукашэнка называў і некаторыя свае рэзідэнцыі. На прэс-канферэнцыі ў 2017 годзе ён казаў, што не выдаткаваў на іх ні капейкі.

«У мяне хапае добрых сяброў, для якіх дзесяць-дваццаць тысяч долараў – гэта не грошы», – сцвярджаў Лукашэнка.

«Аднойчы прэзідэнт мне сказаў…» Алігарх Гуцэрыеў распавёў пра «таямнічую рэзідэнцыю» Лукашэнкі

А вось расейскі алігарх Ігар Макараў падарыў Лукашэнку і ягонаму малодшаму сыну дарагія ровары. Сёлета ў ліпені Аляксандр і Мікалай Лукашэнка ездзілі на гэтых роварах падчас візіту ў пасёлак Балбасава. Тады журналісты падлічылі, што мадэль, якой карыстаўся малодшы сын кіраўніка дзяржавы, каштуе прыкладна 7,5 тысячы еўра.

Зброя

Раўкоў дорыць Лукашэнку аўтамат Калашнікава. Крыніца – president.gov.by

Толькі міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў чатыры разы дарыў Лукашэнку зброю: у 2015-ым – аўтамат «Калашнікава, у 2016-ым – пісталет «Маўзер К96», у 2017-ым – пісталет ТТ, у лютым 2019-га – яшчэ адзін пісталет. Праўда, куды больш вядомым быў падарунак для Колі Лукашэнкі: у 2009-ым тагачасны прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў падарыў яму залаты пісталет.

Дарылі кіраўніку Беларусі і халодную зброю. У 2019-ым прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон уручыў Лукашэнку нацыянальны таджыкскі кінжал ручной работы, выраблены з выкарыстаннем косткі аленя, з роспісам і гравюрай

Кніга ад Сабчак

Лукашэнку рабілі не толькі дарагія падарункі, але і іранічныя.

У 2014-ым, заканчваючы інтэрв’ю з Лукашэнкам, вядоўца тэлеканалу «Дождь» Ксенія Сабчак падаравала яму кнігу Габрыеля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха». Кніга распавядае пра жыцце дыктатара, які па сутнасці зʼяўляецца абагульненым вобразам усіх рэальных тыранаў.

Кадр з відэаматэрыялу тэлеканалу «Дождь»

Невядома, ці чытаў гэтую кнігу Лукашэнка раней і ці зразумеў, што Сабчак яго, па сутнасці, троліць. Аднак Сабчак нават пераказала Лукашэнку адну з сцэнаў кнігі, дзе дыктатар імітуе свае пахаванні для таго, каб паглядзець на рэакцыю людзей, і знянацку высвятляе, што яго ўсе ненавідзелі. «Няма такога адчування, што вам усё хлусяць, што вы такі магутны? Раптам вас падманваюць?» – запытала тады журналістка.

«Не, у мяне гэтага адчування няма», – адказаў ён. Лукашэнка сказаў, што яго можа спрабуюць падманваць, але ён «вельмі рэальна ўспрымае жыццё».

Карова

У жніўні 2016 года падчас візіту на сельгаспрадпрыемства «Савушкіна» Лукашэнку падарылі карову для асабістай падсобнай гаспадаркі. Адзначалася, што кіраўнік краіны з удзячнасцю прыняў падарунак і пахваліў дасягненні прадпрыемства. «Тут толькі ідэальны парадак і адказнасць», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка і карова, 2016 год. Фота – president.gov.by

Ружы

Летась прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон падарыў Лукашэнку кошык белых ружаў. Прэс-служба паведаміла, што падарунак быў зроблены «ў гонар сапраўднай моцнай дружбы кіраўнікоў дзяржаваў і дзвюх краінаў».

Фота – БелТА

Што дарыў Лукашэнка

Бульба

Лукашэнка дорыць Пуціну чатыры мяхі бульбы напярэдадні Новага году. Снежань 2018 года. Кадр з відэаматэрыялу «Беларусь 1»

Чатыры мяхі бульбы розных гатункаў (для дранікаў і пюрэ, для запякання і г. д.) Лукашэнка прывёз у падарунак Пуціну ў снежні 2018-га. Такі арыгінальны падарунак стаў нагодаю для шматлікіх жартаў і мэмаў у сацсетках.

Пазней прэсавая сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант распавядала ў эфіры БТ, што бульба – з агароду Лукашэнкі, і Пуцін сам папрасіў на Новы год у якасці падарунку бульбу ды сала – «маўляў, а што яшчэ можна прывезці з Беларусі?». Прэсавы сакратар кіраўніка Расеі Дзмітрый Пяскоў потым распавёў, што бульба спадабалася Пуціну.

Дарэчы, бульбу Лукашэнка выкарыстоўваў і ў якасці падарунка на вяселле. У 2017 годзе кіраўнік дзяржавы падарыў вядоўцам «Беларусь 1» Сяргею Гусачэнку і Вользе Макей, якія пабраліся шлюбам, мех бульбы.

Шакалад, ікра, трускаўкі

Лукашэнка наагул любіць дарыць сусветным лідарам ежу. У 2019 годзе Лукашэнка дарыў кіраўніку Егіпта Абдэльфатах ас-Сісі ікру, хлеб і трускаўкі, а старшыні КНР Сі Цзінь Піну«кошык з беларускімі прадуктамі».

Летась Віктар Лукашэнка наведаў Чачэнію і перадаў Рамзану Кадыраву падарункі ад бацькі – беларускія прадукты, у тым ліку і шакаладкі «Прэзідэнт».

Гарэлка

У 2012 годзе Лукашэнка падарыў прэзідэнту Венесуэлы Уга Чавэсу «велізарную бутэльку гарэлкі».

Чавэс і Лукашэнка, 2012 год. Фота – president.gov.by

Недарэчнасць падарунку тады заўважылі СМІ: Чавэс ужо моцна хварэў і яму нельга было ужываць алкаголь. Але «сябар Аляксандр» сказаў, што гарэлку трэба выпіць пасля перамогі на выбарах, распавядаў тады кіраўнік Венесуэлы.

Трактар

Акрамя ежы і алкаголю Лукашэнка любіць дарыць сельскагаспадарчую тэхніку. Напрыклад, летась у сакавіку ён падарыў беларускі малагабарытны трактар прэзідэнту Грузіі Георгію Маргвелашвілі, бо грузінскі палітык у вольны ад працы час займаецца фермерствам на прысядзібным участку.

Лукашэнка і прэзідэнт Грузіі. Крыніца – president.gov.by

Статуэтка

Лукашэнка дорыць Пуціну статуэтку. Крыніца – president.gov.by

Сёлета падчас сустрэчы Лукашэнку падарыў Уладзіміру Пуціну фігурку, што паказвае двух дзюдаістаў. Вядома, што Пуцін з дзяцінства захапляўся адзінаборствамі – дзюдо і самба. Ці падобныя былі дзюдаісты на статуэтцы на кіраўніка Расеі – не ўдакладнялася.

Што «сябры» дораць Лукашэнку?

ІІ belsat.eu

Hавiны