Ад «галубятні» да майданутых. Як Лукашэнка і дзяржСМІ 15 гадоў палохаюць беларусаў Майданам


Belsat.eu праналізаваў, як улады палохаюць беларусаў Майданам цягам 15 гадоў – з таго часу, калі ва Украіне перамагла «аранжавая рэвалюцыя».

Падчас сустрэчы са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам 1 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нейкія людзі (іх імёнаў ён не назваў), карыстаючыся падтрымкай з-за мяжы, хочуць зладзіць у Беларусі Майдан.

«Мы абсалютна ведаем мэты, якія пераследуюць тут асобныя ветрадуі. Гэтыя мэты нам ясныя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў або ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Так яны планавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых «майданутых» хачу папярэдзіць, што майданаў у Беларусі не будзе», – заявіў ён.

Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

Яшчэ да заявы Лукашэнкі пра замежны ўплыў і пагрозу Майдану аналагічныя тэзісы пачалі выкарыстоўваць дзяржСМІ, у тым ліку рэгіянальныя. Яны, у адрозненні ад кіраўніка дзяржавы, казалі не пра абстрактных «майданутых», а канкрэтна пра кампанію Сяргея Ціханоўскага, які нібыта хоча рэалізаваць у Беларусі ўкраінскі сцэнар. «Чалавек дасведчаны, які бачыў не адну выбарчую кампанію, а таксама, які ведае сутнасць падзей на Украіне, можа выказаць здагадку, што Ціханоўскі – тэхнічны кандыдат, для стварэння карцінак у СМІ», – піша «Гомельская праўда».

«Метады «працы» прадпрымальнага блогера простыя, як тапак: ачарніць усё, што можна, абвінаваціць усіх, на каго паказалі заказчыкі і ў традыцыях разнастайных «каляровых» рэвалюцый і Майдану зладзіць правакацыі на месцах з тым, каб потым укласці ў яшчэ непакрытыя працоўнымі мазалямі рукі моладзі «кактэйлі Молатава» і кінуць гэта «мяса» на барыкады», – пішуць «Лунінецкія навіны».

У тым жа ключы па чарзе выказаліся беларускія парламентарыі. «Далёка не ўсім даспадобы Беларусь, суверэнная і незалежная краіна, дзе сацыяльная справядлівасць, развіццё без майданаў і ўзрушэнняў былі, ёсць і, упэўненая, застануцца найважнейшымі складнікамі далейшага будавання», – заявіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч. «Узнікае адчуванне, што шмат якія акцыі ў канчатковым выніку адбываюцца пад уплывам вонкавых гульцоў», – дадае яе калега, былы дыпламат Андрэй Савіных.

Першы прывід рэвалюцыі

Тэма Майдану або «каляровых рэвалюцыяў» у якасці пужалкі з’яўляецца ў рыторыцы ўладаў кожны раз, калі ў Беларусі адбываюцца або павінны адбыцца масавыя пратэсты.

Пачалося ўсё больш за 15 гадоў таму. «Рэвалюцыя ружаў» у Грузіі і «аранжавая рэвалюцыя» ва Украіне вельмі ўразілі Аляксандра Лукашэнку і ён задоўга да Плошчы-2006 стаў запэўніваць, што ніякай рэвалюцыі ў Беларусі не дапусціць.

Аляксандр Лукашэнка, 2005 год. Фота – president.gov.by

«У Беларусі ніякіх «ружовых», «аранжавых» або «бананавых» рэвалюцыяў не будзе», – заявіў ён у студзені 2005 года і потым шмат разоў паўтараў гэты тэзіс.

Рэвалюцыю, казаў Лукашэнка, плануюць зладзіць на заходнія грошы, ды яшчэ Украіна нібыта хоча «падкінуць у рэспубліку рэвалюцыянераў».

«Яны на Захадзе лічаць, што Беларусь саспела для нейкай «аранжавай» або, страшна казаць, «блакітнай» ці «васільковай» рэвалюцыі. Нам «галубятні» яшчэ гэтай не хапала», – каментаваў сітуацыю кіраўнік дзяржавы.

Тады ж пачаў стварацца прапагандысцкі вобраз рэвалюцыі як абавязкова разбуральнай і крывавай з’явы.

«Усе гэтыя «каляровыя рэвалюцыі» – ніякія на самай справе не рэвалюцыі. Гэта адкрыты бандытызм пад выглядам дэмакратыі», – каментаваў Лукашэнка мірную змену ўлады ва Украіне і Грузіі.

У той перыяд «каляровыя рэвалюцыі», якія нібыта арганізоўвае ЗША, – галоўная пужалка дзяржаўнай прапаганды. Тэрмін «майдан» яшчэ папулярным не стаў. Упершыню Лукашэнка выкарыстаў гэты вобраз у сувязі з пратэстамі ў Беларусі ўжо пасля Плошчы-2006. «Вось у гэтыя прэзідэнцкія выбары вырашылі па ўкраінскім сцэнары арганізаваць Майдан», – казаў Лукашэнка расейскім журналістам летам 2006 года.

Перад самой Плошчай-2006 КДБ палохаў грамадства тым, што «радыкальная апазіцыя» нібыта рыхтуе тэракты і хоча атруціць вадаправод дохлымі пацукамі, а фінансуюць гэтых «радыкалаў» Злучаныя Штаты.

Аб’ектыў
14 гадоў таму распачалася «Плошча 2006»
2020.03.19 22:44

Нямецкая выведка і паралелі з Майданам

У 2010-м у арганізацыі пратэстаў таксама вінавацілі Захад, прычым адмысловы акцэнт прапаганда рабіла на ролі Польшчы і Нямеччыны. Гэтыя краіны былі абраныя не выпадкова. Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года з Аляксандрам Лукашэнкам сустракаліся тагачасныя кіраўнікі МЗС Польшчы і Нямеччыны – Радаслаў Сікорскі і Гідэ Вэстэрвэле. Яны спрабавалі патлумачыць Лукашэнку, што ў тым выпадку, калі выбары пройдуць сумленна, Беларусь зможа разлічваць на заходнюю фінансавую дапамогу. Потым гэты факт улады спрабавалі выкарыстаць у якасці доказу таго, што Захад хацеў зладзіць у Беларусі рэвалюцыю.

19 снежня 2010 года, Плошча Незалежнасці, фота – Аляксандр Саенка

Ужо пасля разгону Плошчы «СБ-Беларусь сегодня» апублікавала серыю артыкулаў пад назвай «За кулісамі адной змовы». У гэтых матэрыялах прэзідэнцкая газета распавядала пра тое, як заходнія спецслужбы нібыта рыхтавалі ў Беларусі «каляровую рэвалюцыю». Беларускую апазіцыю выданне называла «легендаванай сеткай», створанай нямецкай выведкай.

Аналагічную карціну падзеяў 19 снежня 2010 года прапаноўваў прапагандысцкі фільм БТ «Жалезам па шкле». Акрамя таго, БТ сцвярджала, што ў пратэстоўцаў на Плошчы была арматура і ледасекі, а падчас ператрусаў у іх потым знаходзілі гранаты, аўтаматы і гранатамёты.

Hавiны
Асобы Плошчы-2010: дзе яны цяпер?
2018.12.19 17:12

Паралельна дзяржСМІ прасоўвалі думку, што любая рэвалюцыя гэта кепска. Паколькі Майдан-2004 перамог без крыві, жахлівай карцінкай палохаць аўдыторыю было складана. Таму прапаганда проста сцвярджала, што жыць пасля рэвалюцыі стала горш, а доказы гэтаму збірала, напрыклад, на форуме прэзідэнцкай газеты «СБ-Беларусь сегодня». «Я грамадзянка Украіны, якая пастаянна жыве ў РБ. У свой час была сведкам «аранжавай рэвалюцыі» і магу абсалютна дакладна сказаць, да чаго рэвалюцыя прывяла: да 5-гадовага безуладдзя», – цытавала ў студзені 2011 года СТВ ананімны каментар на сайце «СБ».

Каб паралелі паміж Майданам-2004 і Плошчай-2010 былі больш пераканаўчымі, па «справе 19 снежня» першым судзілі Васіля Парфянкова – актывіста, які сапраўды ўдзельнічаў ва ўкраінскай рэвалюцыі.

«Вось такая яна, сувязь большасці каляровых сцэнарыяў з Плошчай. Наш спіс актораў прафесійным складана назваць. Хоць нейкая частка з іх і атрымала рэвалюцыйнае адукацыю за межамі Радзімы», – каментавала гэты факт СТВ.

Калі ў 2010-2011 годзе ўлады вінавацілі ў Плошчы Захад, то ў 2014-м, пасля Еўрамайдану, Лукашэнка раптам прапанаваў іншую версію падзеяў. Цяпер ён сцвярджаў, што Плошчай-2010 кіравалі наўпрост з Кіева.

«Не ведаю, хто па прозвішчы камандаваў, але тады ўжо зараджаўся гэты «Правы сектар», ён ужо дзейнічаў», – казаў Лукашэнка ў інтэрв’ю Савіку Шустэру.

Тады ж ён распавёў пра нейкія атрады радыкалаў, якія рыхтаваліся ў Беларусі, Польшчы і Заходняй Украіне. Потым гэта сюжэт улады выкарыстаюць для таго, каб сфабрыкаваць справу «Белага легіёна».

Кроў, баевікі і пагроза з Украіны

Той факт, што перамога Еўрамайдана суправаджалася сілавым супрацьстаяннем і гібеллю дзясяткаў чалавек, істотна спрасціла задачу дзяржпрапаганды. Цяпер палохаць рэвалюцыяй можна было не ананімнымі допісамі на форумах, а кадрамі крывавых падзеяў у Кіеве.

Фота: belsat.eu

Прапагандысцкі фільм «Званок сябру», з якога пачалося задушэнне пратэстаў недармаедаў, мусіў данесці да аўдыторыі простую формулу: калі беларусы не спыняць выходзіць на акцыі пратэсту, то ўсё скончыцца вялікай крывёй, як ва Украіне. У эфіры беларускага тэлебачання гучалі гісторыі пра бандэраўцаў, якія нібыта спалілі беларускую Хатынь, украінскіх нацыяналістах, якія расстрэльвалі ў спіну герояў «Нябеснай сотні» і беларусаў з украінскіх добраахвотніцкай батальёнаў, нібыта гатовых вярнуцца ў Беларусь і пагрузіць краіну ў крывавы хаос. Больш за палову фільму займала нарэзка кадраў з Майдану і Данбасу.

Такім чынам, у 2017 годзе ў якасці крыніцы ўсіх праблемаў улады абралі Украіну. Праўда, не адразу: спачатку, калі маршы недармаедаў толькі пачаліся, Лукашэнка намякаў, хутчэй, на ўсходняга суседа. Наведваючы Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак 28 лютага 2017 года, ён разважаў пра беларускую дзяржаўнасць і «разумны нацыяналізм», а затым адзначыў: «Сёння некаторыя пад выглядам «дармаедства», яшчэ чагосьці спрабуюць гэтую лодку разгайдаць і даказаць нам, што гэта не нашыя землі, а чыесьці». Тады большасць аглядальнікаў палічылі, што Лукашэнка меў на ўвазе Расею. Аднак праз некалькі тыдняў улады вырашылі сфармуляваць пагрозу інакш.

Фота: belsat.eu

Спачатку ў фільме «Званок сябру» БТ распавяло, што крыніцы фінансавання пратэстаў знаходзяцца ва Украіне: быццам бы Статкевіча спансуе нейкі беларускі бізнесовец Аляксандр Сманцар, які жыве ў Кіеве. Потым Дзяржаўны памежны камітэт заявіў пра спробу ўзброеных людзей на джыпе прарвацца праз мяжу з боку Украіны. Нарэшце, сам Лукашэнка, выступаючы на «Кранаспане», заявіў пра «лагеры баевікоў» ва Украіне – так быў дадзены старт справе «Белага легіёну».

Hавiны
Справу «Белага легіёну» закрылі
2017.11.30 10:51

БТ рабіла акцэнт на тым, што падчас ператрусаў у арыштаваных «легіянераў» знаходзілі ўкраінскую нацыянальную сімволіку, атрыбутыку добраахвотніцкіх батальёнаў і кнігі пра Майдан. Прапагандысты падкрэслівалі, што «Белы легіён» звязаны актывістамі УНА-УНСО, якія інструктавалі «легіянераў» наконт правядзення тэрактаў у Беларусі. «Планавалася таксама прыбыццё баевікоў з Украіны», – распавядала беларускае тэлебачанне. Такім чынам, у Беларусі нібыта рыхтаваўся «фашысцкі пераварот», а фінансаванне баевікоў, як сцвярджаў Лукашэнка, ішло пры гэтым праз Літву і Польшчу (ад каго яно ішло – не ўдакладнялася). Пасля задушэння пратэстаў усе гэтыя казкі былі больш не патрэбныя: справа «Белага легіёна» рассыпалася і была закрыта восенню 2017 года, а бізнесоўца Сманцара і джып на мяжы ўлады проста больш не згадвалі.

Зноў Украіна і яшчэ трохі ЗША

Пікет у Менску. 31 траўня 2020.
Фота: Belsat.eu

Паралелі з Майданам зноў спатрэбіліся ў 2020 годзе. 31 траўня, калі тысячы беларусаў стаялі ў чэргах да пікетаў Святланы Ціханоўскай, на YouTube-канале АТН быў апублікаваны ролік з выказваннямі Сяргея Ціханоўскага пра Украіну. Нарэзка станоўчых выказванняў блогера пра сітуацыю ва Украіне маніпулятыўна ілюстравалася кадрамі трупаў на Майдане. Цікава, што сам ролік зрабілі нават не на БТ. Упершыню яго апублікаваў у сацсетках прарасейскі публіцыст Павел Карназыцкі, якога летась дэпартавалі з Украіны за «антыукраінскую прапаганду».

Скрыншот з YouTube-каналу АТН

На наступны дзень падчас сустрэчы з Вакульчыкам пра Майдан і «майданутых» ужо загаварыў асабіста Лукашэнка.

Цяпер улады намякаюць, што«беларускі Майдан» рыхтуюць з Расеі.

«Сувязь Ціханоўскага з Расеяй шмат хто называе відавочнай – менавіта там ён і выбіваў свае капіталы апошнія пяць гадоў», – сцвярджаў тэлеканал «Беларусь 1» у сюжэце 31 траўня.

Лукашэнка таксама намякае на тое, што за ягонымі апанентамі стаіць Масква. «Мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. Мы ведаем, адкуль ён прыехаў, якое ў яго грамадзянства ды іншае», – казаў кіраўнік дзяржавы пра Ціханоўскага 29 траўня. Аналагічным чынам Лукашэнка выказаўся і наконт Віктара Бабарыкі: «Вы ведаеце, на чые грошы ён вылучаецца».

Каб актуалізаваць традыцыйную пужалку, БТ правяло паралелі не толькі з Майданам, але і з масавымі закалотамі ў ЗША. У рубрыцы «Меркаванне» 2 чэрвеня «Беларусь 1» паказала сюжэт карэспандэнта Анатоля Ліпецкага, дзе чырвонай ніткай праходзіла думка, што цяперашнія падзеі ў ЗША і Беларусі – з’явы аднаго парадку. «Аказацца ў эпіцэнтры хаосу куды прасцей, чым з яго выбрацца», – рэзюмаваў аўтар сюжэту.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў