Аблавы на цыганоў распачаліся ў Менску


Ілюстрацыйнае фота – Áron Süveg / Anzenberger / Forum

Менскі АМАП правёў рэйд у Заводскім раёне сталіцы, дзе дапытаў каля 20 прадстаўнікоў цыганскай абшчыны. У некаторых дамах прайшлі ператрусы, падае тэлеграм-канал «Баста».

«Сілу не ўжывалі, але паводзілі сябе па-хамску, лаяліся, пагражалі. Былі стандартныя пытанні па магілёўскай справе. Цікавіліся родам дзейнасці, крыніцай прыбытку. Настойліва рэкамендавалі не высоўвацца на вуліцы, а лепш – пакінуць Менск на пару месяцаў», – паведамляе чытач каналу.

Уночы 17 траўня міліцыя зладзіла аблаву ў пасёлку Чапаеўка, дзе кампактна пражывае цыганская абшчына. Амапаўцы ўварваліся ў некалькі дамоў, мужчынаў збівалі.

Мікрараён Чапаеўка, Магілёў. 17 траўня 2019. Фота Надзеі Гацак

На сёння амаль усе мужчыны з Чапаеўкі – каля 60 чалавек – знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія здаюць кватэры на суткі ў Магілёве, кажуць, што іх тэлефоны ўжо «абрываюць прадстаўнікі цыганскай дыяспары, якія спрабуюць арандаваць жытло, каб перачакаць аблавы», падае тэлеграм-канал «NEXTA». Чытачу каналу паведамляюць таксама, што міліцыянты са зброяй прыходзіць да цыганоў у Барысаве, Бабруйску і іншых гарадах.

Пераслед ромаў звязаны з забойствам Магілёве інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. Перад знікненнем з ягонага «Вайберу» прыйшло паведамленне аб «трох цыганах» на чорнай «Волзе» на расейскіх нумарах.

У размове з «Белсатам» былы следчы Алег Волчак задаўся пытаннем, ці была чорная «Волга» ўвогуле.

«Калі чалавека выкрадаюць і забіваюць, яму не да паведамленняў праз «Viber». Не выключана, што чорная «Волга» – хлуслівы след».

Увечары пятніцы Следчы камітэт, заявіў, што версія з выкраданнем ужо не з’яўляецца галоўнаю.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў