Абаронцы Курапатаў прыйшлі са зваротам у Менгарвыканкам

Актывісты, што бароняць Курапаты ад забудовы, перадалі зварот намесніку старшыні гарвыканкаму ды спадзяюцца на прыпыненне будаўнічых працаў.

Ля ўваходу ў Менгарвыканкам сабраліся палітыкі і грамадскія дзеячы, каб перадаць зварот аб неадкладным спыненні будоўлі 5-павярховага офіснага будынку ля Курапатаў, дзе трывае бестэрміновая акцыя пратэсту. У звароце таксама патрабуецца зладзіць службовую праверку наконт чыноўнікаў, якія спачатку далі кавалак зямлі, які адносіўся да ахоўнай зоны, у арэнду, а пасля выкраслілі яго з зоны і паспяхова прадалі пад будаўніцтва.

«Тут відавочныя махінацыі і карупцыйная схема, – лічыць сустаршыня БХД Павел Севярынец, – Таму мы і перадаем Шорцу гэты зварот, улада мае разабрацца і спыніць будоўлю. Зараз людзі з голымі рукамі ідуць супраць будаўнічай тэхнікі, могуць быць ахвяры, няшчасныя выпадкі. Хто возьме на сябе адказнасць за гэта?!»

Усіх прысутных, пачынаючы ад збору на прыступках Мінгарвыканкаму, здымалі на камеру людзі ў цывільным. Калі актывісты ўвайшлі ў будынак, супрацоўнікі спецслужбаў працягнулі здымкі ў холе, частка ж па-ранейшаму патрулявала вонкавы перыметр будынку.

Паколькі запісу на сустрэчу з галоўным менскім чыноўнікам не было, актывістаў спачатку нікуды не пусцілі.

«Ёсць расследаванне, што яшчэ ў 2013 годзе зямлю ў арэнду пад пабудову атрымалі, калі зямля знаходзілася ў ахоўнай зоне, што няправільна. Таксама там не было правільна аформленых папер на пабудову, таму мы хочам звярнуцца да кіраўніка Менгарвыканкаму, бо канкрэтна там вядзецца злачынства, магчыма, звязанае з карупцыяй. Улічваючы, што ў нас усіх за карупцыю саджаюць у »Амерыканку«, у іх інтарэсах, гэта як мага хутчэй спыніць», – кажа Эдуард Пальчыс.

Праз нейкі час да іх выйшла сакратарка Шораца ды паведаміла, што старшыні Менгарвыканкаму на месцы няма, затое можна звярнуцца да яго намесніка – Віктара Лапцева. На сустрэчы з Лапцевым Севярынец, Янукевіч ды Пальчыс правялі прыкладна паў гадзіны.

«Імаверна, будоўлю прыпыняць на пару дзён, – дзеліцца ўражаннямі Павел Севярынец, – Нам паабяцалі, што аргументы са звароту будуць разгледжаныя ды спраўджаныя. Гэта вельмі важна, бо дае нам час разгарнуць кампанію шырэй, прыцягнуўшы іншых палітыкаў ды дзеячаў культуры, а хлопцам, якія стаяць у Курапатах, дае хаця б кароткую перадышку».

Сустаршыня БХД таксама заклікаў неабыякавых менчукоў прыходзіць 23 лютага да ўваходу на будоўлю па адрасе Мірашнічэнкі 53, дзе будзе адбывацца сход мясцовых жыхароў ды актывістаў.

АК, belsat.eu

Hавiны