«А што гэта за сцяг у вас – польскі?» У Кіеве адсвяткавалі ўгодкі незалежнасці БНР


Грамадскія актывісты з Беларусі ды Украіны, беларускія добраахвотнікі ды жыхары Кіева адзначылі 101-я ўгодкі абвяшчэння БНР пад стэлай Незалежнасці і прайшліся шэсцем па сталіцы Украіны.

Удзел у мітынгу з нагоды Дня Волі ўзялі некалькі дзясяткаў чалавек. Збор удзельнікаў на Майдане Незалежнасці супаў з правядзеннем акцыі за вызваленне ўкраінскай лётчыцы і палітыка Надзеі Саўчанкі. Ейная сястра Вера павіншавала беларусаў з угодкамі Беларускай народнай рэспублікі і пажадала свабоды нашаму народу.

Вера Саўчанка – сястра Надзеі Саўчанкі

Святочнае шэсце накіравалася да помніка Міхасю Жызнеўскаму, а таксама да месца гібелі беларускага ўдзельніка «Нябеснай сотні».«Я памятаю Мішу, – тлумачыць сваю прысутнасць на Дні Волі ўкраінскі прадпрымальнік ды актывіст Руслан Гуцул. – Ён быў з намі на Майдане разам. Ёсць хлопцы, што зараз ваююць на фронце, з Беларусі, ёсць журналісты. Гэта найлепшыя беларусы для мяне, я выйшаў іх падтрымаць. Да мяне ўжо некалькі разоў падыходзілі мінакі і пыталі, што гэта за сцяг такі – польскі, ці што. Я ім патлумачыў, што гэта сапраўдны сцяг беларусаў. Проста да нашага жоўта-блакітнага вы ўжо прызвычаіліся, а ён таксама быў занядбаны».

Руслан Гуцул прадстаўляецца як «неабыякавы грамадзянін Украіны»

Ян Мельнікаў з тактычнай групы Беларусь падзякаваў усім, хто спрычыніўся да святкавання Дня Волі і нагадаў, што лічыць беларусаў ды ўкраінцаў найбліжэйшымі братамі.

Ян Мельнікаў

«Трэба паказаць, што наша грамадства нацыянальна свядомае. Беларускай уладзе трэба паказаць, што мы выходзім па ўсім свеце – і ў Нью-Ёрку, і ў Кіеве. Што мы не хочам быць расейскай імперыяй, а хочам быць Вялікім княствам, – кажа ўкраінскі студэнт Марк Нічыпарук. Ён кажа, што адмыслова прыйшоў са сцягам ВКЛ, які набыў праз інтэрнэт. – Я спачатку зацікавіўся Беларуссю і мне падабаўся Лукашэнка, але потым я змяніў думку. Глядзеў «Белсат» штодня, навучыўся па-беларуску размаўляць».

Марк Нічыпарук вучыцца на дызайнера і цікавіцца гісторыяй ВКЛ

Арганізавалі мітынг рух салідарнасці «Разам», Беларускі цэнтр ва Украіне «Сябры», тактычная група «Беларусь» і дабрачынны фонд «Валошка».

Адэля Дубавец, фота аўтаркі belsat.eu

Стужка навінаў