Экалогія ў сталіцы: ніхто не гарантуе якасці вады і паветра

Дыхаць у Менску шкодна для здароўя, піць ваду з-пад крана – таксама. Як у такім выпадку зберагчы здароўе, высвятляе «Белсат».



Не пі вадзіцы, браце Іване…

Ваду, што цячэ ў менчукоў з крана, нават пры вялікім жаданні назваць чыстай немагчыма. Водазабор для сталіцы ідзе з адкрытых вадаёмаў, напрыклад, Вілейска-Менскай воднай сістэмы, таму яе даводзіцца хлараваць. Адной толькі гэтай прычыны Міністэрству прыроды дастаткова, каб не гарантаваць высокай якасці вады.

«Калі п’еш хлараваную ваду, то не заўсёды пачуваешся добра, і для арганізму гэта не зусім карысна», – кажа Галіна Валчуга, намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Паводле яе, нават пры вялікім жаданні ў Менску немагчыма даць спажыўцам чыстую ваду. Пакуль не атрымліваецца забяспечыць Менск пітною вадою з падземных крыніцаў. Развязанне праблемы Галіна Валчуга бачыць у масавым выкарыстанні вады з бутэлек.



Чым мы дыхаем?

Улетку якасць паветра ў сталіцы значна пагаршаецца. Рэспубліканскі цэнтр радыёкантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя звязвае гэта з неспрыяльнымі ўмовамі для рассейвання забруджвальных часцінак. Гэтак, у ліпені-жніўні, калі стаяла вялікая спёка, канцэнтрацыя фармальдэгідаў перавышала дапушчальныя нормы ў 2–3 разы. У паветры больш за норму было аксіду азоту і буйных забруджвальных часцінак.

Як раней паведамляла служба інфармацыі «Белсату», фармальдэгід можа назапашвацца ў арганізме і выклікаць астму, пры працяглым уздзеянні пагражае мутацыямі, алергіяй і можна спрыяць узнікненню раку. Рэчыва ўплывае на ныркі ды пячонку, выклікае галаўныя болі, стомленасць, дэпрэсію.



Рэальная альтэрнатыва

Што рабіць, каб абараніць сваё здароўе і палепшыць экалагічны стан гораду, у якім жывеш, служба інфармацыі «Белсату» запытала ў Яўгена Лобанава – намесніка дырэктара ў праграмных пытаннях Цэнтру экалагічных рашэнняў.

«Менск – вялікі мегаполіс, і нельга агулам казаць, што ў ім усё дрэнна або ўсё добра. Зразумелая справа, калі вы жывяце побач з прадпрыемствам, то гэта значна горш, чымся жыць за горадам. І што вы можаце зрабіць у такім выпадку? У глабальным сэнсе – змяніць месца жыхарства або пачаць перамовы з адміністрацыяй прадпрыемства: наколькі іхныя выкіды адпавядаюць дапушчальнай канцэнтрацыі? Умовы жыцця ў горадзе накладаюць пэўныя абмежаванні. І калі вас непакоіць чысціня паветра, вы маеце сур’ёзныя праблемы з экалогіяй, то можна дома паставіць адмысловы фільтр для паветра», – кажа ён.

Паводле эксперта, ва ўмовах вялікага гораду цяжка зрабіць штосьці глабальнае для паляпшэння экалагічнага самаадчування сярэднестатыстычнага жыхара. Бо горад дае эканамічныя выгоды, за якія мы вымушаныя плаціць тым, што колькасць забруджвальных рэчываў большая, чымся ў сельскай мясцовасці. І зусім натуральная справа, што кожнаму гараджаніну пойдзе на карысць, калі некалькі тыдняў на год ён правядзе за межамі мегаполісу ў спрыяльных экалагічных умовах.

belsat.eu

Тэгі:

Hавiны