79-гадовага пенсіянера адправілі на прымусовае лячэнне за «абразу прэзідэнта»

Аляксандр Лапіцкі не быў вядомым грамадскім актывістам і да прысуду суда Фрунзенскага раёну сталіцы пра яго мала хто ведаў. Але 12 красавіка яго прызналі вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады, суддзяў, прэзідэнта і накіравалі на прымусовае лячэнне. Экспертыза паказала, што ў пенсіянера маецца хранічнае псіхічнае засмучэнне, пішуць naviny.by.

Алег Воўчак і шэраг іншых праваабаронцаў лічаць, што Аляксандра Лапіцкага варта прызнаць палітвязнем, бо мужчыну пакаралі за крытыку ўладаў і грамадзянскую пазіцыю.

Сапраўды, сцвярджае Воўчак, у лістах Лапіцкага, якія той адпраўляў па электроннай пошце, былі неадназначныя словы і выразы. У паведамленнях пенсіянер выкарыстаў словы «казлы», «ідыёты» і «адмарозкі», «окабанели», «обнаглели», «козлы», «идиоты», «отморозки», «свиньи», «на выдумку и клевету судьи», «вся глубина нравственной деградации», аднак у судзе поўны тэкст лістоў не зачытваўся, таму кантэкст застаецца незразумелым.

«У прысудзе ідзе пералік абраз, але няма дакладнага вызначэння, каму менавіта з беларускіх афіцыйных асобаў яны былі накіраваныя. Вядома, Лапіцкі выкарыстаў непрыстойныя для выражэння, але, на мой погляд, гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, а не злачынства, за якое пажылога чалавека трэба адправіць на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь» – кажа Алег Воўчак.

Частка лістоў тычылася абставінаў крымінальнай справы ў дачыненні да сына Лапіцкага, якога судзілі па абвінавачванні збіцця жонкі. Тады ён прадстаўляў інтарэсы свайго сына.

У 2011 годзе пенсіянер пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў менскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты прэзідэнт Беларусі ды іншыя службовыя асобы.

Праваабаронца таксама адзначае, што міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суду.

Кіраўнік Беларускага дому правоў чалавека Таццяна Равяка адзначыла, што заявы аб прызнанні Лапіцкага палітвязням пакуль заўчасныя – прысуд не набыў сілу, а абвінавачваны цяпер знаходзіцца на волі.

«Аднак калі ён усё ж такі будзе накіраваны на прымусовае лячэнне, мы будзем разглядаць пытанне аб прызнанні яго палітвязнем, бо парушаны стандарт свабоды выказвання меркавання».

Адвакат Лапіцкага мае намер абскардзіць вынесены прысуд.

ДР, belsat.eu

Hавiны