7 гадоў калоніі кожнаму. Суд прызнаў анархістаў вінаватымі ў пашкоджанні дзвярэй СІЗА


Суд Савецкага раёну Менску пакараў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара 7 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі ў тым, што ў верасні 2019 года яны нібыта закідалі будынак Менгарсуда лямпачкамі з фарбай, а ў кастрычніку шпурнулі кактэйль Молатава ў бок СІЗА на Валадарскага.

Рашэнне вынес суддзя Аляксандр Якунчыхін. Учора пракурор Ігар Сенеў прасіў суд пакараць анархістаў 7 гадамі пазбаўлення волі.

Суд над анархістамі Іванам Комарам і Мікітай Емельянавым.
Фота: belsat.eu

У памяшканні суду – павышаныя меры бяспекі. Наведнікаў прапускалі праз два металашукальнікі: на ўваходзе ў будынак і ў зал паседжання. Торбы даглядалі, папрасіўшы дастаць усе рэчы. Міліцыянты ў форме і цывільным вялі аператыўную здымку прысутных.

Адвакаты падсудных.
Фота: belsat.eu
Мікіта Емельянаў перад прысудам
Фота: belsat.eu
Актывістка Марына Касінерава ў майцы ў падтрымку Емельянава.
Фота: belsat.eu

Анархістаў затрымалі 20 кастрычніка 2019 года, ім выставілі абвінавачанне ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК), у незаконных дзеяннях адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі (арт. 295.3 КК) і ў наўмыснам пашкоджаннм гістарычна-культурных каштоўнасцяў (арт. 344 КК). Абвінавачванне паводле арт. 295.3 у выніку было знятае: суд палічыў, што намеру не набыццё і перавозку гаручых рэчываў не было.

Суд таксама пастанавіў размесціць на фасадзе будынку СІЗА шыльду, дзе б змяшчалася інфармацыя пра тое, што ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (раней такая шыльда была толькі ўнутры, «на рэжымнай тэрыторыі»).

Адвакаты падсудных заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.

Паводле следства, 19-гадовыя Емельянаў і Комар у верасні 2019 года закідалі лямпачкамі з фарбай будынак Менгарсуду. Агульная шкода ад гэтых дзеянняў паводле следства – 143 рубля і 22 капейкі. Таксама актывістаў вінавацяць у тым, што яны з выкарыстаннем кактэйляў Молатава нібыта двойчы спрабавалі атакаваць будынак СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У першым выпадку кактэйль Молатава не загарэўся. Анархісты спрабавалі паўтарыць акцыю 20 кастрычніка – яны шпурнулі бутэльку з гаручай сумессю ў дзверы будынку СІЗА. Кактэйль Молатава загарэўся, але пашкодзіў дзверы нязначна – суму шкоды ацанілі ў 1 рубель 48 капеек.

У судзе Іван Комар цалкам не прызнаў сваю віну, Мікіта Емяльянаў – часткова. Таксама Комар заяўляў пра ціск на яго з боку праваахоўных органаў падчас следства.

Паводле словаў праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча, цяпер распачнецца абмеркаванне што да прызнання Комара і Ямяльянава палітвязнямі.

«Нягледзячы на адносную грамадскую небяспечнасць учынку, узнікае пытанне адносна суразмернасці пакарання. Я лічу, што ў дадзеным выпадку мы маем справу з відавочна непрапарцыйным, неадэкватным прысудам. Паводле тых міжнародных крытэраў, якімі мы кіруемся, гэта з’яўляецца падставай для прызнання іх палітычнымі зняволенымі і патрабавання неадкладнага перагляду ўсіх судовых рашэнняў», – сказаў Стэфановіч у каментары belsat.eu

Разам з тым ён падкрэсліў, што ўчынак анархістаў не падпадае пад рэалізацыю свабоды меркавання, бо «гэта быў не мірны пікет, не дэманстрацыя, а кіданне бутэлек у СІЗА».

«Аднак непрапарцыйнасць пакарання сведчыць пра наяўнасць палітычнага матыву ва ўладаў», – адзначыў праваабаронца.

КА belsat.eu

Стужка навінаў