55 кандыдатаў Улаховіча і адзін зубр


Беларуская патрыятычная партыя распрацоўвае тактыку бою на парламенцкіх выбарах.

Мікалай Улаховіч, які ўзначальвае гэтую партыю, заявіў, што мае намер выставіць сваіх кандыдатаў у дэпутаты ў палове са 110 выбарчых акругаў на парламенцкіх выбарах, запланаваных на 11 верасня. Такое рашэнне было прынятае на адмысловым паседжанні партыйнай рады.

«Па акругах, дзе будуць ісці нашыя партнёры па Кангрэсу патрыятычных сілаў [не блытаць з Кангрэсам дэмакратычных сілаў], мы будзем падтрымліваць іх», – заявіў Улаховіч.

Глядзіце таксама >>> Тут пахне расейскім духам.Як у Беларусі паўстае прарасейская пятая калона

Старшыня Беларускай патрыятычнай партыі таксама мае намер трапіць у парламент. Паводле Улаховіча, гэта «не будуць лёгкія выбары».

«Яны будуць прыцягваць больш увагі, чымся прэзідэнцкія. Заўсёды лягчэй камандаваць войскам, чымся ўзводам. Тут больш канкрэтыкі, тактыка заўсёды больш складаная, чымся стратэгія», – мяркуе партыйны лідар.

У хуткім часе партыя збіраецца змяніць свой лагатып. «Цяпер у нас на белым фоне ў коле напісаная назва партыі, а будзе выява зубра. Гэта сімвал Беларусі, яго добра ведаюць у свеце, гэта знак, які асацыюецца з Белавежскай пушчай, з нашай краінай», – сказаў Улаховіч.

Пасля прызначэння даты выбараў Беларуская патрыятычная партыя плануе правядзенне зʼезду, на якім будуць вылучаныя кандыдаты ў дэпутаты. Адой з галоўных мэтаў партыі зʼяўляецца – «падтрымка прэзідэнта ў яго намаганнях па выкананню перадвыбарчай праграмы».

Нагадаем, што Мікалай Улаховіч ужо 20 гадоў узначальвае арганізацыю «Беларускае казацтва». Беларускі атаман праславіўся сваімі недарэчнымі выказваннямі пра пратэстантаў. А ў 2015-м спрабаваў стаць прэзідэнтам Беларусі.

Чытайце таксама >>> Мікалай Улаховіч: «Крым – заслуга Пуціна, а гарадзенскія казакі – клоўны»

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў