«50 оттенков поросячьего». Горадня вачыма дызайнера Ігара Варкулевіча


Ігар Варкулевіч

Горадня, нягледзячы на шматлікія войны і савецкія перабудовы, здолела захаваць вялікую частку сваёй архітэктурнай спадчыны. Што новага і каштоўнага прынеслі Горадні апошнія тры дзесяцігоддзі? Ці склалася за гэты перыяд гарадзенская архітэктурная школа? На платформе ulej.by распачаўся збор сродкаў на выданне ўнікальнай для Беларусі кнігі пад назвай «50 оттенков поросячьего», якая акурат прысвечаная дадзенай тэме. Пра праблемы сучаснай гарадзенскай архітэктуры «Белсат» паразмаўляў з аўтарам – дызайнерам Ігарам Варкулевічам.

Справка

Ігар Варкулевічарт-дырэктар, дызайнер, ілюстратар, эксперт па архітэктурнай графіцы. Нарадзіўся ў Горадні 26 чэрвеня 1965 г. У 1995 годзе скончыў Маскоўскую дзяржаўную мастацка-прамысловую акадэмію імя Строганава. Зараз працуе старшым арт-дырэктарам у амерыканскай рэкламнай агенцыі Leo Burnett у Маскве.

Ігар, як з’явілася ідэя падрыхтаваць кнігу?

Ідэі ўласна спачатку і не было. Доўгія гады, прыязджаючы дадому з-за мяжы, я адчуваў эстэтычны шок ад пабудаванага на радзіме. Перыядычна я посціў нейкія рэчы ў Фэйсбуку, з поўным разуменнем свайго бяссілля і немагчымасці паўплываць на бесперапынны працэс знікнення еўрапейскага гораду. Апошняй кропляй, як не дзіўна, стала зʼяўленне праекту рэканструкцыі Дому быту, які сваімі пачварнасцю, пошласцю і адсталасцю, нельга параўнаць нават з далёка не шэдэўрам мадэрнізму, але хаця б адэкватным праектам цяперашняга Дому быту! Так і зʼявілася, спачатку як жарт, а потым і рэальнасць – ідэя сабраць набалелае ў кнігу.

Дом Быту, вуліца Замкавая 4. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Я разумею чаму Вы прысвяцілі кнігу Горадні. У вас баліць за родны горад. Але ў іншых беларускіх гарадах, мне падаецца, сітуацыя выглядае не лепш?

Ну, куды маёй роднай Горадні цягацца з Менскам і з ягонай Нацыянальнай бібліятэкай! Але прызнаюся, Горадня мне значна цікавей: прыгажэйшы горад, які стаіць каля двух заходніх межаў, які абсалютна перастае быць еўрапейскім горадам… Я маю на ўвазе выключна архітэктуру.

Сам агратрэш ствараецца планамерна яшчэ з савецкіх часоў. Між тым, калі параўноўваць урбаністычную палітыку пры СССР і ў сучаснай Беларусі: дзе больш хібаў і ляпаў?

Справа нават не ў ляпах. Савецкая архітэктура худа-бедна існавала ў кантэксце сусветнай архітэктуры. У тым жа Доме быту, лёгка прасочваюцца рысы Ле Корбюзье. Знявечаны да непазнавальнасці ўніверсам на вул. Горкага (цяпер гандлёвы цэнтр «Мока»), калісьці быў нядрэнным узорам мадэрнізму. Бачна, што гэтыя будынкі ствараліся прафесіяналамі, прычым, як правіла не мясцовымі. Часцей за ўсё – гэта тыпавыя савецкія (маскоўскія, напрыклад), радзей – мясцовыя праекты.

Збор сродкаў на выданне кнігі «50 оттенков поросячьего» ідзе на платформе «Улей»

Я зараз не падымаю тэму, што для іх узвядзення знішчалася тыповая гарадзенская забудова, зносіліся гістарычныя гістарычныя будынкі. Гэта асобная размова.

А калі казаць пра сучасную гарадзенскую (і беларускую) архітэктуру, то гэта – паняцце па-за межамі стылю! Як казаў калісьці мой сябра нябожчык – выдатны гарадзенскі дызайнер – Сяргей Ільін: «у якім стылі гэта пабудавана? У ніякім… ». Гэта ўласна і архітэктурай назваць нельга! Нейкая небарака. Прысядзібнае будаўніцтва.

У вас у кнізе – 50 прыкладаў гарадзенскага гарадскога архітэктурнага агратрэшу. Можаце назваць, скажам, умоўную тройку лідараў, і больш падрабязней спыніцца на гэтых будынках?

Абмяркоўваць у гэтых пабудовах уласна і няма чаго! Гэта ўсё роўна, што абмяркоўваць Нікаса Сафронава. «Творы» самыя ўсё за сябе кажуць. Тройка можа быць такой:

  • Шведофф
  • «Замак» насупраць Дому сувязі (Галоўны офіс Альфа-банкарэд.)
  • Заапарк
Галоўны офіс «Альфа-банку», вуліца Карла Маркса 44. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Вы вылучаеце ўмоўных 5 рысаў гарадзенскага агратрэшу. Давайце пройдземся больш падрабязней па некаторых з іх. Вось, напрыклад, колер. Чаму ён так важны?

З гэтым зусім бяда. Першае, што сустракае нас, калі пераязджаеш літоўска-беларускую мяжу, то з літоўскага боку – досыць складаная, але стрыманая гама колераў. Літоўцы заўсёды давалі рады працаваць з колерам. З беларускага боку нас сустракае памаранчова-сіняя «вырвіглаз» пачвара – будынак нашага КПП! Вось адразу кувалдай па галаве: запрашаем дадому!

Дом на вуліцы Карла Маркса 16. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Чаму сучасныя гарадзенскія (і цалкам беларускія) архітэктары і горадабудаўнікі амаль не сочаць за сучаснымі архітэктурнымі тэндэнцыямі?

Таму што ў нас архітэктурай, на мой погляд, займаюцца выпадковыя людзі. Сурʼёзнай архітэктурнай адукацыі ў краіне няма. Магу памыляцца, але я не чуў, каб нашыя студэнты ўдзельнічалі ў якіх-небудзь архітэктурных конкурсах. Каласальная эміграцыя таленавітых людзей з краіны таксама адбіваецца вельмі моцна: не маючы перспектываў, немагчыма ўявіць сабе, каб амбіцыйны таленавіты малады архітэктар працаваў бы пад кіраўніцтвам цяперашняга галоўнага архітэктара Горадні, які сцвярджае ў адным з інтэрвʼю, што калі сметніцы «джэнтльмены» падабаюцца людзям – то гэта добра. Няма архітэктурнай школы. Прасцей па-ранейшаму фарбаваць планшэты і маляваць дачныя домікі. Справа ў поўнай адсутнасці стылю, густу, прафесіяналізму ды, як выснова, – уласна архітэктуры.

Гандлёвы цэнтр на праспекце Касманаўтаў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Чаго ў беларускіх гарадах не хапае ў першую чаргу, на Ваш погляд? Што бы зрабіла нашы гарады больш сучаснымі, прыгожымі, больш утульнымі і прыдатнымі для жыцця?

Бяда беларускіх гарадоў у тым, што яны пакуль не сталі гарадамі. Гэта хутчэй вялікія аграгарадкі. Такое паняцце, як урбаністыка, адсутнічае. Выразнай горадабудаўнічай канцэпцыі няма. Сучаснымі іх зрабіла б паўнавартаснае жыццё, пры нармальнай канкурэнцыі. Без падтрымкі дзяржавы, усе гэтыя гражданпроекты, раптоўна памерлі б самі.

Гандлёва-офісны цэнтр на вуліцы 1 мая 19. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Ці ёсць надзея, што гарадзенскія ўлады пачнуць прыслухоўвацца да прафесіяналаў? Што можна яшчэ не згубіць? Што можна выправіць?

Бяда як раз у тым, што прафесіяналаў то і няма, або іх вельмі мала. Пакуль будучыя беларускія архітэктары будуць займацца па савецкіх падручніках і не навучацца думаць – нічога не будзе.

Часам, чытаючы ў сетках каментары нашых «архітэктараў», валасы пачынаюць варушыцца ад свядомасці таго, што гэтыя людзі штосьці праектуюць і будуюць.

Галоўны будынак гарадзенскага заапарку. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

З колерам маглі б дапамагчы разабрацца гарадзенскія мастакі. Вось з імі то ў нас праблемаў няма! Еўрапейскага ўзроўню майстроў у Горадні хапае, як ні ў якім іншым горадзе краіны! З імі можна было б раіцца.

Мне здаецца, што уладам Горадні гэта не цікава. Дакладней, ім цікавыя нейкія зусім замшэлыя рэчы тыпу музею пудзілаў на Савецкай плошчы. Павінны прыйсці людзі іншай фармацыі, з сучасным мысленнем. У якасці ўтапічнай ідэі магу прапанаваць звяртацца да заходніх архітэктараў, паколькі, паўтаруся, лічу што ў краіне іх ці няма, ці іх так мала, што мы пра іх нічога не ведаем.

Размаўляў Алесь Дзянісаў, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў