5 гадзінаў перамоваў. Лукашэнка пакінуў Сочы без заявы для прэсы


Перамовы кіраўніка Беларусі і Расеі ў Сочы доўжыліся больш за 5 з паловаю гадзінаў, падае БелТА. Пасля завяршэнне перамоваў Аляксандр Лукашэнка пакінуў рэзідэнцыю расейскага прэзідэнта без традыцыйнага выхаду да прэсы.

Прадметам перамоваў перадусім былі кошты на расейскія вуглевадароды. Кантракт на пастаўкі расейскага газу ў Беларусь сканчаецца 31 снежня 2019 году. На фоне беларуска-расейскіх перамоваў у Менску прайшла акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй.

ВІДЭА
У Менску пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. «Белсат» правёў стрым
2019.12.05 17:41

Наступная сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расеі запланаваная на 20 снежня, паведаміў міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін.

«Сёння быў напружаны дзень. Плённа папрацавалі. Па шэрагу кірункаў, па сельскай гаспадарцы, па сувязі, па мытні, па рэгуляванні нафтавага рынку на самай справе дасягнулі сур’ёзнага прагрэсу, нават у пытанні нафты і газу пазіцыі бакоў былі вельмі сурʼёзна збліжаныя», – адзначыў Арэшкін.

  • 7 снежня ў Сочы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі пытанні беларуска-расейскай інтэграцыі. 8 снежня ў Маскве адбудзецца паседжанне Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы, дзе запланавана падпісанне інтэграцыйных дакументаў. Гаворка ідзе пра «Праграму дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», якая ўключае ў сябе 31 «дарожную мапу»
  • Менск працягвае ўвязваць падпісанне гэтых дакументаў з вырашэннем ключавых пытанняў эканамічнай супрацы (кампенсацыя за падатковы манеўр, цана на газ, доступ да рынкаў). Аніякіх зрухаў у гэтым напрамку дагэтуль няма. «Прэм’ер-міністр ужо сказаў, гэта выпрацаваная пазіцыя: калі не будуць вырашаны нашыя прынцыповыя пытанні (па пастаўках вуглевадародаў, адкрыццю як след рынкаў для нашых тавараў, зняцці бар’ераў ды інш.) ніякія дарожныя мапы не могуць быць падпісаныя», – заявіў Лукашэнка 17 лістапада.

АА belsat.eu

Стужка навінаў