5 беларускіх фільмаў, якія не сорамна параіць гледачам

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Існуе думка, што беларускае кіно – гэта суцэльны «партызан фільм». Што ў Беларусі здымалі савецкія стужкі, якія пераважна славілі подзвіг камуністычнай партыі і народу ў Другой сусветнай вайне. У той плыні таксама былі свае дасягненні, але хочацца ганарыцца і чымсьці іншым.

«Наш чалавек у Сан-Рэма» (1990), рэж. Аляксандр Яфрэмаў

Музычна-прыгодніцкі фільм, які быў зняты на мяжы 80-90-ых. Лёгкі, пазітыўны, з удзелам папулярных зорак савецкай сцэны пачатку 90-ых: гуртоў «Міраж», «Мегаполіс», Уладзіміра Маркіна, Сяргея Мінаева ды іншых. Здаецца, апошні звышпрыбытковы мастацкі фільм Беларускай кінастудыі, які паглядзелі некалькі мільёнаў чалавек напрыканцы існавання СССР.

«Наш чалавек у Сан-Рэма»

Немудрагелістая, але прыемная стужка аб тым, як сябры афганцы, якія зарабілі вялікія грошы на поўначы, бяруцца зрабіць са звычайнай спявачкі зорку. Прычым, па дабрыні душэўнай, бясплатна! «Наш чалавек у Сан-Рэма» – прыемны падарунак усім, хто настальгуе па тых часах.

«Я родам з дзяцінства» (1966) рэж. Віктар Тураў

«Я родам з дзяцінства» нярэдка называюць нумарам першым у залатым фондзе беларускага кіно. Можна спрачацца, але гэта недалёка ад праўды. Бо Тураў – наш класік, ён зняў шмат выбітных стужак. Мала хто згадвае, але менавіта Тураў гэтым фільмам праклаў шлях Уладзіміру Высоцкаму ў кіно. Высоцкі запеў з экрану, яму дазволілі пасля гэтай ролі здымацца на іншых правінцыйных савецкіх студыях, і актор зрабіўся ўлюбёнай кіназоркай. Гэта карціна пра дзяцінства тых, хто падчас Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню перанёс цяжар страты блізкіх. Дзяцінства без бацькоў.

«Я родам з дзяцінства»

Здымаў выбітны аператар Аляксандр Княжынскі, які пазней працаваў з Таркоўскім у фільме «Сталкер». Паводле легенды, Тураў чакаў цягам цэлага месяца, каб зняць адзін з ліку незабыўных планаў стужкі. Чакаў, каб было патрэбнае надвор’е, сонца, святло, настрой. Бо мастацкае кіно часам патрабуе такой ахвяры ад стваральнікаў. Тут хочацца падкрэсліць, што галівудскую кінакласіку аднавілі, расфарбавалі, апрацавалі кампʼютарам… Наша ж – у незайздросным становішчы.

«Акупацыя. Містэрыі»(2004), рэж. Андрэй Кудзіненка

Альтэрнатыўны (калі раўняць са звычайнай савецкай прапагандай) погляд на тое, што адбывалася ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі. Скандальны фільм, які паспяхова паказвалі за межамі нашай краіны, але на радзіме яго забаранілі. Менская прэмʼера адбылася толькі напачатак 2010-га.

«Акупацыя»

«Акупацыя» складаецца з трох навел, з яскравых і драматычных сюжэтаў, пра якія вы доўга не забудзецеся пасля прагляду. Нацыянальна арыентаваныя беларусы лічаць гэты фільм выбітным, хоць ён быў зняты за невялікія грошы незалежнай студыяй. Чаго вартая толькі гісторыя цёткі, якая схавала і вылечыла параненага немца?

«Усходні калідор»(1966), рэж. Валянцін Вінаградаў

Абсалютна нетыповы беларускі фільм, хоць там ідзе гаворка пра Другую сусветную вайну і мясцовых падпольшчыкаў. Падчас прэмʼеры стужкі адбыўся скандал. Афіцыйныя крытыкі назвалі яго «антымастацкай і прэтэнцыёзнай інтэлектуальнай драмай», стужкай, поўнай «эстэтычнага і этычнага цынізму».

Фота: kinopoisk.ru

Насамрэч гэта была амаль што сюррэалістычная фантазія. Можна сказаць, нават, псіхадэлічнае кіно. Для таго часу фільм быў звыш эксперыментальным. Ён адпавядаў тагачаснай еўрапейскай модзе. І нават цяпер глядзіцца вельмі цікава.

«Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне»(1992), рэж. Міхаіл Пташук

Антысавецкая трагікамедыя з глыбокім зместам. Сатыра, якая не згубіла актуальнасці дасюль. Там здымаўся шэраг выбітных актораў, як Аляксей Пятрэнка і Міхаіл Ульянаў. Майстар беларускага кіно Міхаіл Пташук хацеў паказаць у сваім фільме, што наша грамадства невылечнае ад савецкіх сімвалаў, і яму гэта ўдалося. Нейкі прадпрымальнік выдумляе акторскую трупу з назвай «Палітбюро», куды набірае двайнікоў савецкіх лідараў і герояў – Сталіна, Хрушчова, Брэжнева і Чапаева. Яны гастралююць, зарабляюць шмат грошай. Партыйнае чынавенства, а таксама рэкеціры не даюць спакою акторскаму кааператыву. А вобразы былых савецкіх кіраўнікоў не даюць спакою звычайным грамадзянам. Часам смешна, часам жахліва. У той час фільм лічыўся спрэчным, зараз мы бачым, што Пташук прадказаў шмат чаго.

Натуральна, што існуюць яшчэ шэрагі цікавых беларускіх стужак, як «У тумане» Лазніцы, «Праз могілкі» Турава, «Маці Урагана» Марухіна (паводле Караткевіча), «Дзікае паляванне караля Стаха» Рубінчыка і шмат іншых. Але цяпер захацелася падкрэсліць гэтыя пяць.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў