45 судоў за тры дні. У Беларусі працягваюць пераслед прыхільнікаў незалежнасці

Пратэст 20 снежня. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

У краіне працягваюцца суды над удзельнікамі акцыяў падтрымання незалежнасці Беларусі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Новыя суды пачнуцца 8 студзеня, і за тры дні адбудзецца не менш за 45 судовых паседжанняў. Суды пройдуць як у сталіцы, гэтак і ў іншых гарадах. Усіх фігурантаў вінавацяць у парушэнні артыкулу 23.34 КаАП пра несанкцыянаваныя масавыя акцыі.

Сярод тых, каго будуць судзіць, ёсць вядомыя палітыкі, грамадскія актывісты, блогеры, літаратары, журналісты, а таксама шараговыя ўдзельнікі.

Суды супраць абаронцаў незалежнасці пакуль спынілі

Гэтак, 8 студзеня ў Менску будуць судзіць Алену Талстую, Міхася Варанцова, Алану Гебрэмарыям, у Пінску – Дзмітрыя Тарасюка ды Мікалая Міхалевіча.

На наступны дзень у сталіцы пройдуць суды над Вячаславам Сіўчыкам, Наталляй Ладуцькай, Барысам Дуброўскім, Андрэем Кудзікам, Барысам Анікеевым, Віктарам Кавальковым (айцом Вікенціем), Ганнай Шапуцькай, Анатолем Лябедзькам, Андрэем Шыпуліным, Мікалаем Маслоўскім, А.Сюдаком, Лявонам Баршчэўскім, Яўгенам Батурам, Аленай Талстой, Мікалаем Казловым, Юрыем Татурам, Янам Грыбам.

Па два працэсы пройдзе ў дачыненні Максіма Урбановіча, які зараз знаходзіцца пад арыштам, Андрэя Хранкова, Алены Янушкоўскай, Пятра Садоўскага, Віталя Трыгубава.

«Няма вольных пакояў». Да Станіслава Шашка 5 дзён не пускаюць адваката

У Пінску будуць судзіць Таццяну Кебікаву, у Віцебску – Таццяну Севярынец.

Працягне сваю працу судовы канвеер і 10 студзеня. На чарзе працэсы над Вольгай Быкоўскай, Юрасём Беленькім, Юрасём Губарэвічам, Ніна Багінскай, Дзіянай Серадзюк, Святланай Каваленка, Уладзімірам Некляевым, Уладзімірам Арловым, Эдуардам Пальчысам, Артурам Смаляковым.

У Лідзе суду ў гэты дзень чакае Ілля Шаблінскі.

Майк Пампэёў падтрымаў суверэнітэт і цэласнасць Беларусі

Праваабаронцам таксама вядома, што пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкулу 23.34 КаАП склалі таксама на Вячку Касінерава, Алеся Круткіна, Вячаслава Сіўчыка, Барыса Анікеева, Ігара Барысава, Наталлю Саматыю, Вольгу Кавалькову, Наталлю Стрэльчанка і іншых. Даты судоў у дачыненні іх пакуль не прызначаныя.

На гэты момант рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцыяў за незалежнасць Беларусі, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 снежня, ужо закранулі дзясяткі чалавек. 11 актывістаў былі асуджаныя на арышт, астатнія атрымалі штрафы.

МГ belsat.eu

Hавiны