45 дзён у ізалятары. «Не люблю Лукашэнку, але ж гэта не нагода, каб трымаць мяне доўга»

Юрыя Уласава затрымалі ў Гомлі 7 траўня пасля акцыі салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскім. За ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве і супраціў міліцыі ён атрымаў 15 содняў арышту. Пакуль ён знаходзіўся ў ІЧУ, яму прысудзілі яшчэ 15 содняў. Пасля сканчэння тэрміну арышту, Юрый выйшаў на волю, але яго зноў затрымалі. Вынік – яшчэ 15 содняў арышту. Адседзеўшы ў ІЧУ сумарна 45 содняў, 21 чэрвеня мужчына выйшаў на волю. Мы паразмаўлялі з ім пра акалічнасці затрымання, суды і метады міліцыі і ўмовы ўтрымання людзей у гомельскім ІЧУ.

Юрый, пры якіх абставінах Вас затрымалі 7 траўня?

Мы ўмоўна арганізаванай калонай накіраваліся ў бок вуліцы Інтэрнацыянальнай, меркавалі што да нас будуць далучацца людзі і мы такім чынам дойдзем да ІЧУ, дзе незаконна ўтрымліваўся Сяргей Ціханоўскі. Як толькі мы мінулі аблвыканкам, чырвоны бус амапаўскі і два ўазіка перакрылі цалкам вуліцу з абодвух бакоў. Нас, не сказаць што жорстка, але даволі энергічна закінулі ў аўтобус ды павезлі ў Цэнтральны РАУС. Больш нікога я ўжо не бачыў, бо мяне першага павялі на допыт і складанне пратаколу. Там мяне трымалі да 01.30 і павезлі ў ІЧУ. У панядзелак было паседжанне ў судзе Цэнтральнага раёну.

«Было не відавочна, што гэта АМАП? Трэба было прадставіцца?» Ідуць суды над затрыманымі

Як адбывалася паседжанне?

Суд быў хуткі – хвілінаў 10, адныя міліцыянты. Я літаральна некалькі словаў сказаў, але, канешне, сэнсу бараніцца не было. Далі 15 содняў арышту за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыі падчас затрымання. Я даволі эмацыйна на іх адрас выказваўся пры затрыманні, яны палічылі гэта супрацівам. На іх думку, я мусіў моўчкі ўспрымаць усе гэтыя міліцэйскія дзеянні. Ішлі па вуліцы, нічога не рабілі, канешне, выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю, але ў нашай краіне гэта забаронена.

Вы адседзелі гэтыя 15 содняў, а на волю так і не выйшлі?

Яшчэ ў ІЧУ я ведаў, што будзе другі суд, бо ў РАУСе на мяне склалі два пратаколы. За два дні да сканчэння першых 15 содняў мяне зноўку павезлі ў суд Цэнтральнага раёну, там было яшчэ хутчэй. Прысутнічаў я, канвой з АМАПу і два супрацоўніка ў цывільным. Суддзя даў 15 содняў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 3 траўня. Пасля гэтага я паехаў, як тамака кажуць, у родную «хату» на другім паверсе і дабываў там.

Асуджаныя на содні кажуць аб катаваннях у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў

У якіх умовах Вас утрымлівалі?

Адзіночная камера, вельмі малая 6 квадратаў, падлогі практычна няма, я мажны і, каб прайсці, мне даводзілася неяк выкручвацца. Самае цяжкае, канешне, для мяне – гэта ізаляцыя. 23 гадзіны ў содні сядзіш адзін, гадзіна ў дзень прагулка, але размаўляць нельга. Я не еў іх харчы, таму з баландзёрамі я таксама не размаўляў. Спякотна, вада з пад крану, туалет – дзюрка ў падлозе. Гэта, канешне, не самае страшнае, 30 сутак можна перажыць, але, калі далі яшчэ 15, было вельмі цяжка. Я чытаў кнігі, займаўся медытацыяй, імкнуўся не думаць пра сям’ю, каб не хвалявацца.

А чаму Вы сядзелі ў адзіночнай камеры?

Усе, хто сядзіць па 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), сядзяць асобна ў адзіночках. Усіх, каго завезлі разам са мной 7 траўня – усе сядзелі ў адзіночках. Калі я ўжо пасля 45 содняў выходзіў, завезлі людзей, якія бралі ўдзел у «ланцугу салідарнасці» 19 чэрвеня. Увесь ІЧУ стаяў на вушах. Усіх крымінальнікаў сталі піхаць у камеры, якія ўжо былі поўныя, каб усіх пасадзіць па аднаму.

Ці бачылі ў ІЧУ Сяргея Ціханоўскага, якога там тады ўтрымлівалі?

Так, я яго бачыў. Ён яшчэ 5 дзён там знаходзіўся, мы з ім крыху размаўлялі. Там было 6 прагулачных дворыкаў, шосты самы вялікі, там быў Ціханоўскі. У нас быў пароль «Стоп таракан», «Но пасаран». Нам персанал пагражаў, што адменяць прагулкі, калі мы будзем гэта казаць. Ён мне нейкую інфармацыю даў, я разумеў, што нешта адбываецца за плотам, але ж і ён сядзеў, поўнай інфармацыі не меў. Пра тое, што Сяргея пасадзілі па крыміналцы, мне паведамілі сядзельцы за аліменты праз вакно, сказалі, што ў Горадні была гэтая правакацыя.

Блогера Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў карцар

Калі Вы адседзелі свае 30 содняў, ці была боязь, што Вас не выпусцяць?

Так, былі такія думкі. Але я думаў, я ж не цэнтральная фігура, актывіст ды актывіст, да нянавісці не люблю Лукашэнку, але ж гэта не нагода, каб трымаць мяне доўга. Я памыліўся. Мяне вывезла машына ІЧУ, каталі 40 хвілінаў па горадзе і высадзілі на ўскрайку гораду на вуліцы Барыкіна. Машына ад’ехала, прайшлі пару хвілін, я паспеў толькі тэлефон дастаць, на мяне навіслі маладыя хлопцы ў цывільным, чалавекі тры. Я заўважыў, што ў аднаго былі кайданкі, тады зразумеў, што гэта міліцыянты.

А яны прадставіліся? Высунулі нейкія абвінавачанні?

Ніхто не прадстаўляўся, з крыкам «Навошта парушаеце, што ў вас у пакунках» – адразу надзелі на руку кайданкі. У іх не былі ўключаны нагрудныя камеры відэафіксацыі. У іх была задача – справакаваць мяне не сутычку з імі, бо ведалі маю эмацыйнасць. Яны завезлі мяне ў Савецкі РАУС, вельмі груба абыходзіліся. Мяне затрымлівалі маёр, старшына (кіроўца) і тры чалавекі ў цывільным.

Я іх добра памятаю і я іх знайду. Як я ім абяцаў, я іх знайду і надрукую іх прозвішчы. Я лічу, што гэта было рэальнае выкраданне, мяне выкралі, я нічога супрацьпраўнага не зрабіў.

Нельга ні ў якой краіне свету хапаць чалавека, каваць яго ў кайданкі, дзве гадзіны трымаць яго так, я ледзьве вытрымаў. Яшчэ здзекаваліся з мяне ў РАУСе Савецкага раёну, нават пагражалі, казалі, каб я добра падумаў ці мне трэба палітыка. Нагадалі, што існуе арт. 328 (незаконны абарот наркатычных рэчываў).

«Я сам пайду, сам». Брутальныя затрыманні на мірных пікетах. ВІДЭА

Ці збіраецеся скардзіцца на дзеянні міліцыі?

Не, толькі абнародаванне імёнаў тых, якія парушаюць закон, будучы міліцыянтамі. Яны ведаюць, што калі ўлада зменіцца – давядзецца адказваць.

Яны не разумеюць, што пасадкамі ў ІЧУ яны нас толькі загартоўваюць. Я асабіста толькі загартаваўся.

Так, маральна цяжка, я 5 содняў галадаў, хоць мне ўжо 52 гады. Але я выйшаў і абвесціў ім, што так як мяне незаконна ўтрымлівалі і супрацоўнікі ІЧУ таксама ў гэтым удзельнічалі, бо завезлі ў пастку, ім за гэта давядзецца адказваць перад судом. Людзі, якія наплявалі на Канстытуцыю, Грамадзянскі кодэкс, выкарыстоўваюць закон як дах, для дасягнення сваіх мэтаў. У дадзеным выпадку падчас выбарчай кампаніі, каб чалавек, які гэта спансуе, застаўся пры ўладзе.

Што параіце людзям, якія апынуліся ў такой самай сітуацыі?

Міліцыянты вельмі баяцца галоснасці. Каб нехта мяне сустрэў, дастаў здымач, тэлефон, пачаў здымаць, можа мяне б не выкрадалі. Я ім казаў, каб ахамянуліся, гэта ж незаконна. Калі мы надрукуем пра іх інфармацыю, а малады міліцыянт, напрыклад, гуляе з дзяўчынай, яна можа ад яго адвярнуцца, калі даведаецца чым ён займаецца. Ці, напрыклад, бабулі і дзядулі даведаюцца, што іх унучак у міліцыі займаецца палітычным пераследам.

Юрый, ведаю, што Вашыя паплечнікі арганізоўвалі дапамогу і заклікалі пісаць табе лісты падтрымкі, дасылаць паштоўкі.

Так, маёй жонцы вельмі дапамаглі. Таксама я атрымаў некалькі лістоў з выказваннем салідарнасці і падтрымкі. Яны вельмі дапамагаюць, калі сядзіш у адзіночцы і табе прыносяць лісты падтрымкі.

Тэкст і фота: Ганна Кавальчук, belsat.eu

Hавiны