25 гадоў таму Лукашэнку збілі ў Доме ўраду


У 1994 годзе Аляксандра Лукашэнку (тады – кандыдата ў прэзідэнты) збілі ля кабінету ў Доме ўраду. Прычым зрабілі гэта міліцыянты. Belsat.eu прыгадвае гэты выпадак 25-гадовай даўніны.

Раніцай 29 чэрвеня большасць рэспубліканскіх газет выйшлі з загалоўкам на першай паласе – «Аляксандр Лукашэнка збіты міліцыяй у Доме ўраду».

«Раніцай 28 чэрвеня работнікамі Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай аховы былі ўжытыя меры фізічнага ўздзеяння супраць кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Вынікам непрацяглага інцыдэнту для Лукашэнкі сталі ранкі і драпіны, а яго новы касцюм, у якім ён так любіў выступаць перад выбаршчыкамі, прыйшоў у непрыдатнасць», – пісала «Советская Белоруссия».

Газета “СБ” за 29 чэрвеня 1994, архіўнае фота

А прычына была наступная: Лукашэнка намагаўся патрапіць у кабінет №241, дзе працавала Часовая камісія Вярхоўнага Савету па дзейнасці камерцыйных арганізацый, што існавалі пры органах улады. Лукашэнка ачольваў яе з чэрвеня 1993-га, а ў снежні таго ж году зачытаў з парламенцкай трыбуны свой вядомы антыкарупцыйны даклад (які дададзе яму галасоў падчас электаральнай кампаніі). Калі ж факты з дакладу былі перададзеныя ў пракуратуру, камісія павінна была спыніць працу. Кабінет апячаталі і паставілі ахову.

Лукашэнка ж хацеў зрабіць камісію пастаяннай і імкнуўся прайсці ў памяшканне, завязалася патасоўка.

«Такога хамства я даўно не сустракаў. Яшчэ ніхто не трымаў мяне за грудкі», – абураўся кандыдат у прэзідэнты на наступны дзень у інтэрв’ю «СБ».

Тое, што Лукашэнка атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні, а ягоную вопратку міліцыянты парвалі падчас патасоўкі, пацвердзіў паплечнік Дзмітрый Булахаў. Пайшоў вялікі розгалас.

МУС (тады ведамства ўзначальваў міністр Данько), у сваю чаргу, заявіла, што «ніякіх гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да А. Лукашэнкі працаўнікамі міліцыі не прадпрымалася». Маўляў, ён жа мае статус кандыдата ў прэзідэнты і дэпутацкую недатыкальнасць.

Але ж крымінальная справа за «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў» пракуратура ўсё ж завяла і Лукашэнку нават прызналі пацярпелым. Праўда, вінаватых устанавіць не атрымалася і праз некалькі месяцаў справу закрылі.

10 ліпеня 1994 году Лукашэнка перамог у другім туры выбараў. Усе наступныя выбары, на якіх ён атрымліваў перамогу, праходзілі з парушэннямі, а падлік галасоў – з фальсіфікацыямі.

Пры Лукашэнку міліцыя жорстка разганяла мірныя мітынгі, збівала апазіцыянераў, затрымлівала актывістаў. Дагэтуль ніводнае кіраўніцтва МУС за 25 гадоў не панесла адказнасці за гэтыя гвалтоўныя дзеянні.

КА belsat.eu

Стужка навінаў