Роўна 25 гадоў таму, 15 сакавіка 1994 года, тагачасны Вярхоўны Савет зацвердзіў Канстытуцыю Беларусі.
За найноўшую гісторыю Беларусі было шэсць Канстытуцый: у 1918-м (часовая), за савецкім часам – у 1919, 1927, 1937 і 1978 гадах, і новая ў 1994 годзе. Апошняя абмяркоўвалася на працягу некалькіх гадоў пасля распаду Савецкага Саюзу і ў выніку была прынятая. Паводле яе, значнымі паўнамоцтвамі дзяржаўнай улады надзяляўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Ён меў права на прыняцце і змену Канстытуцыі, прызначэнне выбараў і рэферэндумаў, абранне вышэйшых судоў рэспублікі, генпракурора, старшыні і савету Кантрольнай палаты Беларусі, старшыні і праўлення Нацбанка Беларусі, а таксама мог распускаць мясцовыя саветы і нават вызначаць вайсковую дактрыну дзяржавы.
На пачатку дакументу гаворыцца:
«Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі), зыходзячы з адказнасці за сучаснасць і будучыню Беларусі, усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці, i пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцяў, грунтуючыся на сваім неадʼемным праве на самавызначэнне, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэту Канстытуцыю – Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь».
Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі Вярхоўны Савет быў распушчаны, а Канстытуцыя дапаўнялася тройчы. Па выніках рэферэндуму 1995 года прэзідэнт атрымаў права на датэрміновы роспуск парламенту. Наступны рэферэндум 1996 года прывёў да таго, што прэзідэнт і выканаўчая ўлада здабылі значна больш паўнамоцтваў. У прыватнасці, прэзідэнт атрымаў права прызначаць і звальняць міністраў, генпракурора, суддзяў і кіраўніка Нацбанку. Акрамя таго, у змененай Канстытуцыі расейскай мова атрымала аднолькавы афіцыйны статус з беларускай.
Рэферэндум 2004 года надаў прэзідэнту права балатавацца на неабмежаваную колькасць тэрмінаў.
Усе тры рэферэндумы праводзіліся з парушэннем правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі. Міжнароднай супольнасцю яны былі прызнаныя несвабоднымі і несправядлівымі.
KA belsat.eu