25 гадоў Лукашэнкі – ні «светлага мінулага», ні пэўнай будучыні

Аляксандр
Класкоўскі
палітычны аглядальнік, публіцыст
Аляксандр Лукашэнка на парадзе 3 ліпеня 2019 года. Крыніца фота – president.gov.by

Роўна 25 гадоў таму, 10 ліпеня 1994 года, Аляксандр Лукашэнка трыумфальна перамог у другім туры першых у Беларусі прэзідэнцкіх выбараў. Дэпутат з глыбінкі з іміджам гэткага беларускага Робіна Гуда паклаў на лапаткі наменклатурніка Вячаслава Кебіча, які надакучыў масам.

Лукашэнка абяцаў забрытаць наменклатурнай мафію, адолець карупцыю, адвесці краіну ад эканамічнай прорвы і, па вялікім рахунку, вярнуць савецкія парадкі. Пры тагачаснай разрусе ў эканоміцы і галовах шмат хто настальгаваў па «светламу мінуламу» з гарантаванай працай і каўбасой па 2.20. Гэта і абумовіла ўзлёт былога саўгаснага дырэктара і палітпрацаўніка.

Другой фішкай Лукашэнкі стала ідэя «братэрскай інтэграцыі» з Расеяй, што абяцала танныя рэсурсы без «рабаўніцкіх рэформаў».

Але сёння, праз чвэрць стагоддзя, электарат расчараваны, імідж нязменнага (і такога, якога ніхто не змяняе!) прэзідэнта прыцьмеў, яго рэйтынг стаў чымсьці кшталту дзяржаўнай таямніцы.

Аляксандр Класкоўскі: Рэйтынг Лукашэнкі схаваны чысцей за Кашчэеву іголку

Былы Робін Гуд раз’язджае ў новым браняваным Mercedesе, які каштуе, як прыкінулі СМІ, не менш за 1,4 млн еўра, пакуль жыццё большасці людзей вельмі цяжкое, а краіна практычна спынілася ў развіцці.

Самая дарагая прадстаўніцкая мадэль у свеце. У Лукашэнкі новы «Maybach» за € 1,4 млн

Гэта фіяска, братан!

Вярнуць «светлае мінулае» так і не ўдалося. Так, нейкі час на расейскіх рэсурсах і савецкай індустрыяльнай базе эканоміка Беларусі расла нядрэнна, заробкі – таксама. Але патроху монстры сацыялістычнай індустрыі выдахліся, сталі неканкурэнтаздольнымі, злёгку пераліцаваная калгасная сістэма на сяле таксама аказалася не надта эфектыўнай. Падтрыманне прадпрыемстваў-зомбі стала зжыраць усё больш бюджэтных грошай.

У дадатак Маскве надакучыла даваць рэсурсы па «братэрскіх» коштах. Яна запатрабавала «паглыбленай інтэграцыі», чытай: мяккага паглынання. А каб партнёр не асабліва ўпіраўся, стала скарачаць фінансава-эканамічнае падтрыманне.

У апошнія гады, калі ўсхваленая прапагандай «беларуская мадэль» забуксавала, Лукашэнка вымушаны адмаўляцца ад патэрналізму, скарачаць сацыяльныя абавязкі дзяржавы. Раней за Уладзіміра Пуціна павысіў пенсійны ўзрост. Раз за разам раіць электарату больш круціцца самастойна.

Беларусь выпала з часу

Але, сказаўшы «а», прэзідэнт не кажа «б». Ён працягвае трымацца за велізарны неэфектыўны дзяржсектар, паколькі бачыць пагрозу сваёй улады ў шырокай прыватызацыі, узнікненні моцнага незалежнага бізнесу і пласта грамадзянаў, якія не моляцца на дзяржаву.

Па гэтай жа прычыне ў краіне жорстка душацца палітычныя пратэсты. Апазіцыя ды актывісты грамадзянскай супольнасці выцесненыя ў маргінальную нішу.

Так, палітычнае поле зачысцілі, рэальных канкурэнтаў у Лукашэнкі на выбарах 2020 года пакуль не прадбачыцца. Падначаленыя гатовыя запэўніць правадыру чарговы высокі афіцыйны вынік (незалежная сацыялогія фіксавала іншыя лічбы, таму яе і прыдушылі).

Але гэтая перамога Лукашэнкі над краінай выглядае сёння піравай. Ён стаў закладнікам сваіх стэрэатыпаў і фобіяў. Беларусь – у тупіку, яна нібы выпала з часу.

Беларусь у міжнародных рэйтынгах: BISS вывучыў, у чым мы лепшыя за Захад, а ў чым – горшыя за Афрыку

Аўтарытэтныя міжнародныя эксперты дружна цвердзяць, што без рэформаў эканамічны рост будзе не большы за паўтара-два працэнты на год (а калі Расея моцна прыцісне, і таго не чакай). Гэта азначае, што Беларусь працягне адставаць нават ад суседніх, не самых багатых, краін ЕЗ. У Польшчы ды дзяржавах Балтыі заробкі ўжо ў 2,5-3 разы вышэй, чым у беларусаў.

Аўтакратыя губіць перспектыву краіны

У свой час Лукашэнка прапанаваў народу негалосны кантракт: я вам забяспечваю чарку і скварку (гэта было сімвалам дабрабыту для простых людзей), а вы не лезеце ў палітыку. І маса, на жаль, даволі лёгка абмяняла дэмакратыю на сытасць. Але ў выніку беларусы трапілі ў пастку. Цяпер шмат хто незадаволены ўладай, але паспрабуй яе змяні!

Вядома, рана ці позна перамены праб’юць сабе дарогу. Аднак сцэнар можа апынуцца вельмі драматычным. У дадатак гульні з імперыяй падвесілі дамоклаў меч над беларускім суверэнітэтам.

Эпоха ж Лукашэнкі, які так эфектна пачынаў, можа ўвайсці ў падручнікі як тыповы прыклад загнівання, дэградацыі аўтарытарнай улады, якім бы харызматычным ні быў правадыр.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Лукашэнка будзе святкаваць незалежнасць з расейскімі «Іскандэрамі»

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў