Нават калі аддаць «правадніку» тысячы долараў, давядзецца закупляцца ў Беларусі.
«Белсат» пачытаў чаты і каналы мігрантаў – і падлічыў, колькі могуць скласці непрадбачаныя выдаткі ў дадатак да «паслугаў правадніка». Адзін варыянт – закупляцца праз сэканд-хэнды, інтэрнэт-барахолкі і кірмашы кшталту ждановіцкага. Другі – у крамах спартовых тавараў і турыстычнага рыштунку (працаўнікі спартовай крамы ў менскім гандлёвым цэнтры «Galeria» адмовіліся расказаць, ці мігранты купляюць там нешта, але яны нярэдка збіраюцца ў тых ваколіцах).
Мігранты з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі расказваюць, што плацяць ад 2 да 14 тысяч долараў «праваднікам», якія абяцаюць ім беспраблемную дарогу ў Еўразвяз праз Беларусь. Пра ўсе акалічнасці такога шляху іх не папярэджваюць.
У абвестках «праваднікоў» называюць розны набор паслугаў: ад дапамогі ў атрыманні візы ў Беларусь і транзіту ад Польшчы да Нямеччыны – да «поўнага пакету» з візай, квітком на самалёт, таксі ад аэрапорту, гатэлем, машынамі да мяжы і ад мяжы. Ды не папярэджваюць пра паход праз лес і няпросты клімат, дзеянні памежнікаў і незаконнасць пераходу мяжы.
Шмат мігрантаў, якія трапляюць на фота і відэа ў Менску і на мяжы, выглядаюць не падрыхтаванымі да паходу праз восеньскі лес. Магчыма, хтосьці шчыра верыць, што ад машыны да машыны трэба проста прайсці пару кіламетраў.
Ужо ў Беларусі мігрантам даводзіцца закупляцца вопраткаю і рыштункам. Хтосьці мае запас грошай, хтосьці не: некаторыя мігранты расказваюць, што прадавалі ці не ўсю маёмасць, каб купіць «квіток у эміграцыю». Некаторыя мігранты прыходзяць на мяжу без рэчаў, неабходных для выжывання ў халодным лесе.
Мігранты, якія ўжо трапілі ў Беларусь ці дайшлі ў Еўразвяз, у сваіх каналах і чатах даюць парады, што браць з сабой. Галоўнае – цёплае адзенне і абутак, запас ежы і пітва на тыдзень, акумулятарную батарэю на тэлефон (найперш – для навігацыі ў лесе).
АА belsat.eu