У Літве прапанавалі ўзаконіць «лёгкі скон»


Дэпутатка літоўскага Сейму Марыя Аўшрыне Павілёніене ўнесла прапанову дазволіць «лёгкі скон» (эўтаназія – belsat.eu). Паводле законапраекту асоба, якая пакутуе ад невыносных фізічных і душэўных пакутаў ды ня можа іх палегчыць, мусіць звярнуцца з усвядомленаю просьбаю спыніць ейнае жыццё.

{movie}У Літве прапанавалі ўзаконіць «лёгкі скон» |right|17919{/movie}

МАРЫЯ АЎШРЫНЕ ПАВІЛЁНІЕНЕ, ДЭПУТАТКА СЕЙМУ: «Калі жыццё асэнсаванае, то і смерць мусіць быць асэнсаванаю ды годнаю. Я супраць таго, каб медыкі болесуцішАльнымі сродкамі ператваралі чалавека ў жывы труп, які не разумее, што сыходзіць з жыцця».

Большасць парламентароў не падтрымлівае эўтаназіі, дый пазіцыя касцёлу тут дастаткова моцная. Але жыхары Літвы ня ставяцца да «права на смерць» цалкам варожа. Паводле даследавання агенцыі RAIT, амаль палова апытаных выказаліся за легалізацыю эўтаназіі, 37 адсоткаў былі супраць.

Краінаў, якія ўзаконілі эўтаназію, – мізэрная колькасць. Дабравольна памерці можна ў Нідэрландах, у Бельгіі дазволеная ня толькі дарослая, але і дзіцячая эўтаназія ў вельмі цяжкіх выпадках. Там ажно два адсоткі ўсіх памерлых сканалі праз эўтаназію. Не забароненая «лёгкая смерць» у Швейцарыі, Люксембурзе і чатырох амерыканскіх штатах. Марыя Павілёніене перакананая, што і літоўцы маюць права на смерць бяз болю.

МАРЫЯ АЎШРЫНЕ ПАВІЛЁНІЕНЕ, ДЭПУТАТКА СЕЙМУ: «Маці маёй сяброўкі памірала са страшным болем і звярталася: “Дайце мне што-небудзь, каб я сканала”. Аднак лекары згодна са сваёй клятваю мусяць лекаваць тых, хто памірае, расцягваць йіхныя пакуты. Гэта абсурд».

У Літве, як і ў Беларусі, дапамога сысці на той свет безнадзейна хвораму кваліфікуецца як забойства са змякчальнымі абставінамі.

Абачлівасць да эўтаназіі адных краінаў выклікае хвалі гэтак званага суіцыдальнага турызму ў іншыя. У дзяржавы з легалізаванаю працэдураю перапраўляюць смяротна хворых людзей. Аднак ні для каго не сакрэт, што і ў нашым рэгіёне дактары часцяком бяруць на сябе крымінальную адказнасць, каб спыніць пакуты пацыента. Дзяржавы ж пакуль браць на сябе гэтай адказнасці не жадаюць.

Настасся Яўмен, Вільня, belsat.eu

Стужка навінаў