У Менску прайшоў пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй. Як гэта было

20 снежня а 18:00 сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец заклікаў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. У гэты дзень у Расеі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і працягнуў перамовы пра інтэграцыю. У новых пратэстах у Менску ўзялі ўдзел да 1500 асобаў. «Белсат» зладзіў стрым з акцыі.

21:03 Ад Кастрычніцкай да цырку людзі стаяць у ланцугу. Акцыя доўжыцца ўжо тры гадзіны.

20:07 Людзі рушылі ў бок Кастрычніцкай плошчы. Удзельнікі скандуюць «Верым! Можам! Пераможам!».

20:02 Павел Севярынец абвесціў, што калона пройдзе новым шляхам. Шэсце пройдзе Нямігаю да Кастрычніцкай плошчы. Там, як плануюць, удзельнікі стануць ланцугом.

20:00 Пратэстоўцы пачалі выконваць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

19:52 На плошчы вялікая колькасць нацыянальнай сімволікі. Затрыманняў ўдзельнікаў мітынгу пакуль не было.

Пратэст 20 снежня. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

19:40 Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова ўзяла мікрафон. Павел Севярынец заклікае прыходзіць на акцыю заўтра 21 снежня. Людзі скандуюць «Незалежнасць».

19:40 Да беларусаў выйшаў Рыгор Кастусёў.

«Вас будуць сотні і мільёны, мы абаронім нашую краіну».

19:39 Да людзей выйшаў Мікалай Статкевіч. Ён кажа, што над Беларуссю навісла пагроза анексіі.

«Нам патрэбныя перамены. Большасць беларусаў хоча, каб гэтая ўлада сышла».

19:35 Прамаўляе Лявон Баршчэўскі.

«Мы абаронім нашую Канстытуцыю, незалежнасць і суверэнітэт».

19:25 Павел Севярынец прамовіў да прысутных, прачытаў малітву, зачытаў ліст кіраўніцы Рады БНР Івонкі Сурвілы да беларусаў.

19:15 На плошчы гучна грае музыка. Людзі збіраюцца насупраць Дому ўраду. Паводле назіральнікаў, на плошчы Незалежнасці ўжо 1600 чалавек. Шмат маладых людзей.

19:06 Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у калоне, якая даходзіць да плошчы Незалежнасці, больш 1100 чалавек.

19:08 Калона дайшла да плошчы Незалежнасці, тут пройдзе мітынг супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй.

19:02 У натоўпе шмат людзей з самаробнымі плакатамі, напрыклад, «Пут, нам не па пути». Калона амаль дайшла да плошчы Незалежнасці.

18:54 Людзі падышлі да будынку КДБ. Удзельнікі скандуюць «Ганьба» ды імёны зніклых у канцы 1990-х палітыкаў.

18:49 У калоне заўважаны Уладзімір Някляеў.

18:37 Пачалося шэсце, удзельнікі пройдуць праспектам Незалежнасці. Яны скандуюць «Далучайся!» і «Незалежнасць». У калоне больш 200 чалавек.

18:33 На мітынгу супраць інтэграцыі з Расеяй, за незалежнасць Беларусі з’явіўся мужчына з сімволікай арганізацыі НОД. Гэта прапуцінская арганізацыя, якая выступае за Наваросію. Чальцы НОДу вербавалі баевікоў на вайну супраць Украіны.

18:27 На плошчы пакуль без затрыманняў. На плошчы шмат маладых людзей і дзяўчат. На плошчы ёсць Мікалай Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Юрась Губарэвіч, Алена Анісім. Шмат сцягоў іншых гарадоў, бел-чырвона-белых сцягоў, ёсць і чырвона-зялёны. Маладзёны, якія яго трымаюць, кажуць, што шмат хто не падтрымлівае апазіцыю, але выступае супраць інтэграцыі з Расеяй. З калонак гучыць Міхалок.

18:19 Севярынец прапанаваў выкрыкваць лозунг «Далучайся!». Людзі паўтараюць за ім.

18:10 Людзі крычаць «Жыве Беларусь». Павел Севярынец запатрабаваў вызваліць актывістаў, якіх затрымалі напярэдадні пратэсту. Таксама прайшла пераклічка, хто з якога рэгіёну прыехаў.

18:06 Міліцыя папярэджвае ўдзельнікаў, што акцыя несанкцыянаваная.

18:00 На плошчы з’явіўся Павел Севярынец.

«Мы супраць перамоваў, яны вядуць іх за спіной беларусаў. І мы выйшлі выказаць гэта»

17:45 Акцыя распачынаецца а 18:00. Паўла Севярынца пакуль не бачна. На плошчы вельмі шмат сем’яў з дзецьмі. У Палацы Рэспублікі праходзяць дзіцячыя імпрэзы. Прысутнічае міліцыя ў форме і ў цывільным.

*****

Апазіцыя мае намер зладзіць на Кастрычніцкай плошчы мітынг, шэсце па Нямізе і Зыбіцкай, а таксама ланцуг неабыякавых людзей уздоўж праспекту Незалежнасці. Арганізатары кажуць, што маюць і адмысловы план, які рэалізуюць у выпадку перашкодаў з боку ўладаў. Яго, аднак, не рассакрэчваюць, каб мірны пратэст адбыўся.

Акцыя распачнецца а 18 гадзіне 20 снежня. «Белсат» зладзіць стрым з мерапрыемства.

7 снежня ў Сочы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі пытанні беларуска-расейскай інтэграцыі. Пасля сустрэчы кіраўнікі Беларусі і Расеі не пракаментавалі хаду і вынікі перамоваў. Да журналістаў выйшаў толькі міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін, які распавёў, што бакі плённа папрацавалі і наблізілі свае пазіцыі ў спрэчных пытаннях.

Усяго распрацавана 31 дарожная мапа паглыбленай інтэграцыі. Па большай частцы з іх дасягнутае пагадненне. Менск увязвае падпісанне гэтых дакументаў з вырашэннем ключавых пытанняў эканамічнай супрацы (кампенсацыя за падатковы манеўр, цана на газ, доступ да рынкаў). Пакуль пэўных зрухаў у гэтым напрамку няма.

«Прэм’ер-міністр ужо сказаў, гэта выпрацаваная пазіцыя: калі не будуць вырашаны нашыя прынцыповыя пытанні (па пастаўках вуглевадародаў, адкрыццю як след рынкаў для нашых тавараў, зняцці бар’ераў ды інш.) ніякія дарожныя мапы не могуць быць падпісаныя», – заявіў Лукашэнка 17 лістапада.

Што трэба ведаць пра «дарожныя мапы» і перамовы Лукашэнкі з Пуціным

СК belsat.eu

Hавiны