16 млн парушэнняў за 5 гадоў. Лукашэнка рэфармуе Адміністратыўны кодэкс


Нарада ў Лукашэнкі.
Фота: president.gov.by

Кіраўнік Беларусі правёў 16 снежня нараду аб ужыванні мераў адміністратыўнай адказнасці. Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за 10 гадоў колькасць адміністратыўных правапарушэнняў вырасла амаль удвая. Толькі за няпоўныя 5 гадоў зарэгістравана 16 млн парушэнняў, за здзяйсненне якіх да адказнасці прыцягнулі каля 3,5 млн грамадзянаў.

Больш за 80% адміністратыўных правапарушэнняў складаюць парушэнні правілаў дарожнага руху. Паводле кіраўніка дзяржавы, нярэдка парушэнні абумоўленыя перагружанасцю дарог, адсутнасцю парковачных месцаў і іншымі аб’ектыўнымі прычынамі.

Hавiны
Мінфін прапанаваў павялічыць базавую велічыню. Могуць вырасці штрафы і сацыяльныя выплаты
2019.12.12 15:04

Ён даручыў старанна разабрацца ў сітуацыі і сфармаваць аптымальныя ўмовы, каб чалавек быў зацікаўлены выконваць ПДР. Гэтак, трэба разгрузіць участкі дарог, на якіх фіксуецца найбольшая колькасць правапарушэнняў, павялічыць колькасць парковачных месцаў, усталёўваць знакі, якія абмяжоўваюць хуткасць руху там, дзе гэта абʼектыўна неабходна.

Адной з важных праблемаў Лукашэнка назваў выкарыстанне «палачна-галачнай сістэмы».

«Даходзіць да таго, што кіраўніцтва з працаўнікоў прама патрабуе прынесці не менш за тры-пяць пратаколы аб правапарушэннях за дзень, калі не – застануцца без прэміі», – заявіў ён і даручыў за такое саджаць у турму.

Складаць пратаколы аб правапарушэннях могуць працаўнікі больш за 70 ведамстваў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўным крытэрыем працы зʼяўляецца не колькасць выяўленых парушэнняў і выпісаных штрафаў, а рэальнае скарачэнне адміністратыўных правінаў.

У сувязі з гэтым ён прапанаваў унесці ў якасці правіла, «чым больш пратаколаў склалі, значыць, тым больш бардаку на ведамасных тэрыторыях па гэтай тэматыцы». Тады, на думку Лукашэнкі, не будуць складаць лішнія пратаколы.

Ён адзначыў, што дзейны Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях выкарыстоўвае пераважна карны спосаб вырашэння канфліктных сітуацыяў. Кіраўнік дзяржавы даручыў сістэмна перагледзець палажэнні заканадаўства і падрыхтаваць цэласны дакумент для ўдасканалення парадку і ўмоваў прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці. Зрабіць гэта плануецца да ліпеня 2020 года.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў