1500 масак ад валанцёраў, малітвы св. Спірыдону і хрэн. Як у Горадні супрацьстаяць каронавірусу

Людзей у масках па горадзе штодня ўсё больш. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Тыдзень таму толькі зрэдку можна было сустрэць на вуліцы чалавека ў масцы, а сродкі дэзынфекцыі стаялі дзе-нідзе. Зараз на вачах карціна змяняецца. Алесь Кіркевіч пра тое, як Горадня бароніцца ад каронавірусу.

Звычайны шпацыр па цэнтры Горадні дэманструе, што людзі ды арганізацыі нарэшце паставіліся да праблемы сурёзна. У масках у старым горадзе ці не кожны трэці, у кожнай краме ці ўстанове – сродкі дэзынфекцыі, а часам і пальчаткі.

«Памяткі», дыстанцыя ў чэргах і дэзынфекцыя на кожным кроку

У аптэках паўсюль інфармацыя наконт гігіены і прафілактыкі. Стаяць пляшачкі з дэзынфекцыяй. Разам з тым, маскі ды антысептыкі ёсць далёка не ў кожнай. Напрыклад, у найстарэйшай у Беларусі аптэцы ля Фарнага касцёлу, масак няма, а каб лішні раз не запытваліся – вісіць раздрукаваная абвестка.

У банках раяць трымаць дыстанцыю ды дэзынфекаваць рукі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Больш сурёзна да справы сталі падыходзіць у банкаўскіх аддзяленнях. Тут стаяць і пляшачкі з дэзынфекцыяй, і абвесткі, каб людзі трымалі дыстанцыю ў чэргах: 1,5-2 метры. Менавіта з гэтай прычыны, а не праз валютны ажыятаж, чэргі часам выпаўзаюць за дзверы аддзяленняў. Касіры, якія ўвесь час працуюць з грашыма, маюць на руках пальчаткі.

Ва ўніверсаме «Баторыя» на галоўнай плошчы гораду ўсе касіркі ў масках. У масках, што прыемна, таксама і наведнікі – гэта большай часткай жанчыны пенсійнага ўзросту, якія жывуць у цэнтры гораду. Пры ўваходзе – абвесткі пра гігіену ды пляшачка для дэзынфекцыі рук.

Пры ўваходзе ў гандлёвы дом «Нёман» даволі дзіўная абвестка пра падтрыманне імунітэту з дапамогай… хрэну. Мабыць, гэта таксама і рэклама, бо слоік з хрэнам не абстрактны, але з лагатыпам фірмы ABC. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Антысептык па 7 рублёў, маскі з аднарогамі – па 8…

Знайсці антысептык у нас атрымалася толькі ў краме сеткі OZ.by. Кошт, праўда, расце на вачах: бутэлечка на 50 мл каштуе больш за 7 рублёў, хоць зусім нядаўна была 4 з капейкамі. Падобная справа і з маскамі: шматразовую маску (чорную ці з выявамі аднарогаў) можна набыць за… 8 рублёў. Затое – усё ў наяўнасці.

Oz.by паспяхова гандлюе антысептыкамі і маскамі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У некаторых гіпермаркетах, напрыклад, у «Кароне» на праспекце Купалы, пакупнікам прапаноўваюць таксама аднаразовыя пальчаткі на інфацэнтры. У тым жа гіпермаркеце па гучнай сувязі абвяшчаюць інфармацыю пра дыстанцыю ў чэргах ды іншыя парады, датычныя эпідэміі.

Як сшыць маску самастойна? Простая GIF-інструкцыя

Установы культуры таксама адрэагавалі на сітуацыю. Напрыклад, у абласной бібліятэцы пры ўваходзе ляжыць палавік, змочаны антысептыкам, а побач абвестка з заклікам добра выціраць ногі. У абавязковым парадку там жа заклікаюць пры ўваходзе здаваць верхнюю вопратку.

У кнігарнях няма пакупнікоў, затое персанал – у масках. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Надзіва, нават у царкоўным шапіку, які адносіцца да жаночага праваслаўнага манастыру ў Горадні, прадавачка сядзіць у марлевай масцы. Жанчына сталага веку кажа, што ад вірусу трэба маліцца св. Спірыдону ды св. Панцеляймону. Абразкоў саміх святых, на жаль, у продажы не апынулася.

Прафілактыка ў харчовых крамах гораду. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Медыкі самі пішуць пра свае патрэбы»

Адначасна людзі ў горадзе самаарганізуюцца, каб дапамагчы лекарам. Напрыклад, 3 красавіка валанцёры перадалі з Менску тры скрыні з маскамі (агулам 1500 штук) для гарадзенскіх шпіталяў. Маскі трапілі ў дзіцячую інфекцыйную ды абласную лякарні.

«Гэта частка агульнанацыянальнай кампаніі па зборы грошаў на аператыўныя патрэбы медыкаў, – каментуе грамадскі актывіст Вадзім Саранчукоў, – Мы нічога не выдумляем, медыкі самі пішуць на форумах і telegram-каналах пра свае патрэбы. Людзі збіраюць грошы, купляюць і перадаюць. Мяне «дзёрнулі» менскія сябры ды Валодзя Пруднікаў, які сам працуе лекарам».

Валанцёры перадаюць скрыні з маскамі ў шпіталі Горадні. Фота: Facebook Вадзіма Саранчукова

Саранчукоў кажа, што кампанія не мае нічога агульнага з палітыкай, гэта шырокі валанцёрскі рух, які мае шмат адгалінаванняў: ад збору сродкаў на медыкаменты да дапамогі людзям сталага ўзросту з паходамі ў аптэку ці звычайную краму. Далучыцца да руху можа кожны, ахвяраваць таксама – нават не выходзячы з дому.

«Турыстаў няма, арэнда расце, беларусы менш ходзяць па барах…»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Hавiны