Група беларускіх журналістаў, сярод якіх была і карэспандэнтка “Белсату”, была якраз другім такім выпадкам за 2 гады практыкі дзяўчыны.
“Летась была група дырэктараў музеяў з Беларусі, дык яны захацелі экскурсію па-беларуску. Вы – другая такая група. А так звычайна адмаўляюцца. Мае калегі, што працуюць па-расейску і па-ўкраінску заўсёды кажуць беларусам, што калі б яны хацелі, то можна беларускамоўнага гіда запрасіць, але яны адмаўляюцца, маўляў, не разумеюць беларускай мовы”, – распавядае Дар’я.
Кожны гід па шахце мае на форменным мундзіры значкі са сцягамі тых краінаў, на мове якіх праводзіць экскурсіі. Некаторыя экскурсанты знайшлі нелагічным, што чырвона-зялёны сцяг сімвалізуе валоданне акурат беларускаю моваю, экскурсавод прычапіла да мундзіру маленькі бел-чырвона-белы сцяжок.
“Гэты значак мне неяк падаравала сяброўка з маёй роднай Горадні, калі даведалася, што я тут працую, і запытала, які сцяжок мне тут далі. Ну, а зразумела, што тут толькі афіцыйны далі”, – распавяла яна.
Дар’я Шэндзік нарадзілася ў Горадні, пасля сканчэння школы паехала ў Кракаў вывучаць у Ягелонскім універсітэце польскую філалогію. У Велічцы працуе ўжо 2 гады, і кажа, што да яе тут не было беларускамоўнага гіда: “Я думаю, што менавіта беларуская мова стала маёй перавагаю. Не ведаю, калі б я не пазначыла ў рэзюме, што размаўляю па-беларуску, ці мяне б узялі сюды. Кіраўніцтва тут вельмі ўзрадавалася, што цяпер у іх будзе экскурсія па-беларуску”.
Беларускую мову дзяўчына вывучыла і палюбіла ў школе, у той час, як сям’я дзяўчыны – расейскамоўная: “Як я нарадзілася, то маці прапанавала бацьку размаўляць па-беларуску ў нашай сям’і, каб выхаваць мяне беларускамоўнаю, хоць мама самая – полька. Але бацька не згадзіўся. Таму дома мы размаўлялі па-расейску”.
Паводле дзяўчыны, беларуская моладзь сёння ўсё ж размаўляе на роднай мове, хоць і не гэтак шмат, як хацелася б, але гэтыя людзі ёсць, і з імі беларуская мова працягвае жыць. Але ў той жа час Дар’я заўважае, што апошнім часам яна ўсё радзей чуе родную мову ад беларусаў у Польшчы: “Нават “каліноўцы” і тыя ўсё часцей размаўляюць па-расейску, 6 гадоў таму беларускамоўных студэнтаў у Кракаве было больш”.
Яна не ведае яшчэ, ці застанецца ў Польшчы, ці паедзе куды далей. Не адкідае дзяўчына і магчымасці вярнуцца на Радзіму. Але на сённяшні момант яна перакананая, што ў Польшчы жыць проста лягчэй: “Па Радзіме сумую трошкі, па людзях нашых, хоць тут, у Польшчы, усе больш адкрытыя, зычлівыя. Але мне ўсё роўна не стае тут сваіх людзей, сваёй мовы, нават трасянкі нашай. Мне не стае тых людзей, што выхоўваліся ў тых жа ўмовах, што і я. Калі прыязджаю дадому, то вельмі цешуся, што там папросту ўсе свае”.
Марына Маўчанава, belsat.eu