Дыктары на тэлебачанні са слязамі на вачах згадваюць, як “Сонца нацыі, Жалезны ўсёпераможны палкаводзец, Зарука вызвалення чалавецтва” (гэта толькі некаторыя з тытулаў Кім Ір Сэна) амаль асабіста прагнаў з паўвостраву японскіх і амерыканскіх імперыялістаў і перамог здрайцаў з Паўднёвай Карэі.
Фармальна вайна працягваецца да гэтай пары – 60 гадоў таму была падпісаная толькі дамова аб перамір’і, а не аб спыненні збройных дзеянняў. З той пары кожная Карэя адзначае гэты дзень па-свойму. На Поўдні – дні памяці, прамовы наконт аб’яднання паўвостраву, словы спачування суседзям і адначасова выразы нянавісці да кіраўнікоў краіны.
{movie}Святочны “Аліранг” у Паўночнай Карэі|right|11726{/movie}
На Поўначы – падобныя прамовы, парады, святочныя дэманстрацыі ды, канечне, “Аліранг” – эпічнае масавае шоу, у якім бяруць удзел каля 30 000 актораў, сярод якіх некалькі тысячаў дзяцей ва ўзросце ад шасці гадоў. Для большасці з іх рэгулярны паказ масавага спектаклю стане адзінаю працаю ў жыцці.
Погляд большасці гісторыкаў на карэйскую вайну трохі розніцца ад версіі паўночнакарэйскіх ідэолагаў.
Гістарычная даведка
Пасля заканчэння другой сусветнай вайны, СССР і ЗША, вырашылі падзяліць вызваленую ад японцаў Карэйскую паўвыспу. На жаль, невядома, каму прыйшла да галавы геніяльная ідэя правесці дэмаркацыйную лінію па 38-й паралелі. Гэткім чынам на Поўдні апынулася сталіца і большая частка насельніцтва. Пасля актыўнай ідэалагічнай апрацоўкі з абодвух бакоў былыя суграмадзяне глядзелі на суседзяў як на кроўных ворагаў і пачалі актыўна нарошчваць узбраенні.
Паколькі Кітай паабяцаў Паўночнай Карэі дапамогу таксама і ў выглядзе жывой сілы, Пхеньян прыйшоў да высновы, што рабочых і сялянаў Паўднёвай Карэі трэба вызваляць неадкладна. Найлепш з дапамогаю танкаў і дывановых бамбаванняў.
25 чэрвеня 1950 года Паўночная Карэя рушыла на паўднёвых суседзяў. Сеул быў захоплены праз чатыры дні, а яшчэ праз некалькі тыдняў 90 % паўвыспы было ў руках камуністаў. Аднак, як не дзіўна, усенароднага паўстання не адбылося, таму ўжо ў верасні ход вайны кардынальна змяніўся – 90 % паўвостраву разам з Сеулам было ўжо ў руках Паўднёвай Карэі ды амерыканскіх саюзнікаў. Урэшце Кітай узяў справы ў свае рукі ды адкінуў праціўнікаў да дэмаркацыйнай лініі. Пасля чаго працягвалася не менш крывавая пазіцыйная вайна, у якой менавіта Кітай панёс самыя цяжкія страты – каля 150 000 чалавек.
У. Ш., belsat.eu