Альбэрт ІІ выракся каралеўскага пасаду і перадаў уладу свайму сыну Філіпу, якога чакае няпростая задача – захаваць федэратыўную манархію.
Перад сваім сыходам 79-гадовы манарх заклікаў бельгійцаў да адзінства і веры ў аб’яднаную Еўропу, нягледзячы на эканамічны крызіс, які ахоплівае ўсё новыя краіны еўразоны.
«Сёння мяне перапаўняюць эмоцыі, я апошні раз звяртаюся да вас у якасці караля. Вы спытаеце мяне ў момант сыходу: чаго я хачу для нашай агульнай будучыні? Я жадаю, каб Бельгія заставалася з’яднанаю», – заклікаў Альбэрт ІІ.
Сёмы кароль Бельгіі Філіп вучыўся ў Оксфардзе і Стэнфардзе, мае кваліфікацыю вайсковага лётчыка і быў камандзірам падраздзялення дэсантнікаў.
Бельгія – канстытуцыйная манархія, дзе кароль выконвае хутчэй функцыю сімвалу, аднак цяжка пераацаніць і ягоную палітычную ролю: манарх мае быць пасярэднікам у выпадку канстытуцыйных крызісаў. Апошнімі гадамі Альбэрту ІІ гэта якраз не ўдавалася.
Гэтак, у 2010–2011 гадах ён беспаспяхова намагаўся залагодзіць сепаратысцкія настроі фламандскіх і валонскіх партыяў, якія настолькі ўпарта выступалі за аўтаномію, што ажно да канца 2011 года ў Бельгіі фактычна не было ўраду.
З праблемаю Бельгіі добра знаёмыя і ў Іспаніі, дзе з зацягваннем крызісу ўзмацнілася імкненне да незалежнасці з боку каталонцаў, і ў Вялікай Брытаніі, дзе да свабодалюбных ірландцаў далучыліся і шатландцы, якія бачаць будучыню свайго краю як суверэннай дзяржавы.
Філіп мае час да траўня наступнага года, калі ў краіне адбудуцца парламенцкія выбары, а на цяперашні момант неаспрэчным лідарам у перадвыбарчай кампаніі застаецца партыя фламандскіх правых сепаратыстаў, якія нават абвесцілі байкот каранацыйным урачыстасцям.
УШ, belsat.eu