На «Славянскі базар» прадалі 90 % квіткоў, а самы дарагі каштуе Br 1 млн

Сёння – афіцыйнае адкрыццё ХХІІ фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Паводле дырэкцыі фестывалю, план продажу квіткоў сёлета перавыкананы. Беларусы едуць у Віцебск паслухаць Алену Ваенгу, Крысціну Арбакайтэ і “Руки вверх”, не зважаючы нават на тое, што сёлета фестываль праходзіць у эпіцэнтры эпідэміі афрыканскай чумы свіней.

Самыя танныя квіткі – на «Руки вверх»

Першы канцэрт – у стылі шансон. Найбольш запатрабаваныя сярод гледачоў – італьянцы з Сан-Рэма і “Руки вверх”. Білеты на іхныя канцэрты былі цалкам раскупленыя ўжо праз тыдзень пасля пачатку продажу. Папулярныя сярод падлеткаў у 1990-я гады “Руки вверх” аказаліся самыя танныя з зорак – квіткі на іхны сольнік каштавалі ад Br 50 000 да Br 120 000.

Традыцыйна танныя квіткі і на конкурсныя канцэрты маладых выканаўцаў – таксама ад Br 50 000 да Br 120 000. Таксама хутка, паводле дырэкцыі фестывалю, раскупілі квіткі на канцэрты Крысціны Арбакайтэ, Леаніда Агуціна і Анжэлікі Варум, Наталлі Падольскай, Уладзіміра Праснякова.

Найдаражэйшы квіток сёлета каштуе Br 980 000 – столькі заплацяць ахвочыя пачуць Надзею Бабкіну, Эдыту П’еху ды Інну Афанасьеву на афіцыйнай цырымоніі адкрыцця фестывалю 11 ліпеня.

Распачала “Славянскі базар” яшчэ да афіцыйнага адкрыцця, 9 ліпеня, сольным канцэртам расейская спявачка шансону Алена Ваенга. Шансонам фестываль мастацтваў і завершыцца – 16 ліпеня, пасля цырымоніі закрыцця, адбудзецца гала-канцэрт “Шансон-ТВ”. Квіткоў на гэтыя канцэрты ўжо таксама няма.

Якія квіткі яшчэ засталіся?

Увогуле, прадалі амаль 90 % квіткоў. Яшчэ ёсць квіткі на адкрыццё, другі конкурсны дзень, заключны канцэрт, рок-панараму, на сольныя канцэрты Дзімы Білана, Ларысы Долінай.

Сёлета праграма “Славянскага базару” скарочаная да 5 дзён. Пад нож трапілі дні культуры Беларусі, Украіны і Расеі, падчас якіх у папярэднія гады праводзіліся канцэрты майстроў мастацтваў трох краінаў. Цяпер замест гэтых трох дзён будзе адзін – Дзень саюзнай дзяржавы.

Нягледзячы на амаль стоадсоткавы продаж квіткоў, да самаакупнасці “Славянскаму базару” яшчэ далёка. Страты ад фестывалю чакаюцца ў памеры каля USD 1,5 млн.

Тэатр пачынаецца з… новых металашукальнікаў

Як распавядае газета “Звязда”, бяспеку падчас “Славянскага базару” сёлета будуць забяспечваць каля 600 працаўнікоў міліцыі ды вайскоўцаў.

Напярэдадні ў Віцебску былі даследаваныя падвалы і дахі жылых дамоў. А віцебскія бяздомныя раптам адчулі на сабе клопат гарадскіх уладаў – на час правядзення фестывалю іх паклалі ў шпіталі паправіць здароўе.

Гледачам таксама падрыхтаваны падарунак – Летні амфітэатр сустрэне іх новымі рамачнымі дэтэктарамі павышанай адчувальнасці. Дарэчы, зрабіць сабе фотаздымак на памяць з канцэрту ўлюбёнай зоркі не атрымаецца – згодна з правіламі, фота- і відэаздымкі забароненыя.

Пір пасярод чумы

Мае “Славянскі базар-2013” і разынку – ён праходзіць у разгар афрыканскай чумы свіней. 4 ліпеня Дэпартамент ветэрынарнага нагляду афіцыйна прызнаў з’яўленне ачагу чумы на Віцебшчыне. Чума ўспыхнула на свінакомплексе “Лучоса” ў Віцебскім раёне.

Згодна з ветэрынарна-санітарнымі правіламі, зацверджанымі Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчоў Беларусі ў 2009 годзе, а таксама з дагэтуль дзейнымі рэкамендацыямі 1980 г. дзеля прадухілення распаўсюду АЧС, у “зоне першай пагрозы” мусіць быць абмежаванае перасоўванне транспарту і людзей, а таксама забароненае правядзенне ярмарак. “Зона першай пагрозы” – гэта 40 км ад ачагу інфекцыі, куды якраз і трапляе Віцебск. Тым не менш, канцэрты “Славянскага базару” ўжо распачаліся, а ў Дэпартаменце ветнагляду сітуацыі не каментуюць.

М. М., belsat.eu

Тэгі:

Hавiны