На суботніках садзяць… небяспечныя расліны

Клён ясенелісты. Фота wikipedia.orgЛіяны аплятуць поймы рэк, псеўдаакацыі захопяць гарады, а ясенелісныя клёны знішчаць лясы. Ужо праз некалькі гадоў гэтак можа выглядаць наша краіна, калі не спыніць змаганне з «раслінамі-захопнікамі».

Баршчэўнік Сасноўскага і кампанія

Сумна вядомы баршчэўнік Сасноўскага ў Беларусі перастае быць праблемаю нумар адзін. Яшчэ паўтара году таму спіс дзікіх раслінаў, якія нясуць пагрозу біялагічнай разнастайнасці, жыццю і здароўю грамадзянаў, папоўніўся чатырма новымі відамі. Гэта клён ясенелісты (клен ясенелистный), сумнік канадскі (золотарник канадский), рабінія псеўдаакацыя (робиния псевдоакация), эхінацысціс лопасцевы (эхиноцистис лопастный).

Сумнік канадскі. Фота fito-sbor.ruГэтыя віды трапілі ў Еўропу з Паўночнай Амерыкі. Дзякуючы таму, што яны хутка растуць, імі было зручна азеляняць тэрыторыі. Але адаптаваўшыся да мясцовых умоваў, тыя пачалі агрэсіўна захопліваць ўсё новыя і новыя тэрыторыі ды выціскаць мясцовыя расліны.

Паводле Алега Маслоўскага, загадчыка аддзелам кадастру расліннага свету Інстытуту эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча, «чужынцы» могуць знішчыць беларускую флору і фаўну. «Захопнікі» змяняюць структуру расліннага покрыва, а затым і глебу. Калі не рабіць захадаў, у беларускіх лясах застанецца 5–10 відаў, а занесеныя ў Чырвоную кнігу знікнуць назаўсёды.

Рабінія псеўдаакацыя. Фота fitorastenia.ruАдныя змагаюцца, іншыя прапагандуюць

Пакуль у краіне распрацоўваюць нацыянальны план супрацьдзеяння новым небяспечным відам, адзін з іх – рабінію псеўдаакацыю (па-народнаму – белую акацыю)… актыўна высаджваюць. Пра пасадкі на апошнім суботніку ў Горадні газеце «Вечерний Гродно» распавяла архітэктарка «Горадняназялёнбуду» Надзея Суравец. Яна выказала сумневы наконт небяспечнасці расліны: «Сапраўды, дрэва дае шмат парасткаў і хутка развіваецца. Аднак не думаю, што ўяўляе небяспеку там, дзе ўвесь час косяць траву».

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накіравала план дзеянняў у абласныя экалагічныя службы, адкуль дакумент мусіў трапіць у гарадскія. Праўда, у пераліку шкодных раслінаў, якія змясціў на сваім сайце Гарадзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, белай акацыі няма. Хоць менавіта на захадзе і поўдні краіны сітуацыя з яе самараспаўсюдам выглядае найбольш небяспечна.

Эхінацысціс лопасцевы. Фота herba.msu.ru У пойму Нёмна «рухаецца» і эхінацысціс лопасцевы (у народзе – шалёны гурок). «Ужо праз некалькі гадоў ліяны могуць аплесці суцэльным покрывам берагі гэтай рэчкі, стварыўшы непраходныя зараснікі», – папярэджвае Алег Маслоўскі.

У Еўропе небяспеку зразумелі ўжо даўно, з інвазійнымі раслінамі змагаюцца і ўсе краіны-суседкі Беларусі. Напрыклад, у Латвіі, паводле звестак навукоўца, на барацьбу штогод ідзе каля 5 млн еўраў.

“Захопнікі” ў каралеўскім садзе

Усе чатыры віды трапілі ў Еўропу з Амерыкі яшчэ ў XVIІ ст. і цяпер пазначаныя як інвазійныя. Напрыклад, рабінія псеўдаакацыя парушае цыкл азоту ў глебе і псуе мясцовыя экасістэмы, за што ўнесеная ў чорны спіс у 41 краіне Еўропы. Экзэмпляр, высаджаны ў 1601 г. у каралеўскім садзе ў Парыжы садоўнікам французскага караля Анры IV, – самае старое дрэва сталіцы Францыі. Эхінацысціс лопасцевы пранік у Еўропу праз батанічныя сады і калекцыянераў экзотыкі. Сумнік канадскі найбольш бяды нарабіў у Кітаі – у некалькіх правінцыях выціснуў дзясяткі мясцовых відаў.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Тэгі:

Hавiны