Boeing 777 авіякампаніі «Asiana Airlines», які ляцеў з Сеулу, разбіўся ў суботу вечарам пры пасадцы ў міжнародным аэрапорце Сан-Францыска. На борце былі 307 чалавек – 291 пасажыр і 16 чальцоў экіпажу.
Сярод іх грамадзяне Кітаю, Паўднёвай Карэі, ЗША і Японіі. Паводле апошніх звестак, загінулі дзве асобы, 181 шпіталізаваныя, 10 з іх цяпер у крытычным стане, у тым ліку двое дзяцей, падае агенцтва «РИА Новости».
Паводле відавочцаў, 200-тонны самалёт зайшоў на пасадку, занадта моцна задраўшы нос. Машына зачапіла хвастом дамбу ля каналу пры ўзлётна-пасадачнай паласе.
{movie}Відэа з аэрапорта ў Сан-Францыска пасля крушэння самалёта|right|11487{/movie}
Ад удару самалёт страціў хваставое апярэнне і загарэўся. Калі Boeing спыніўся, з’ехаўшы з паласы, большая частка пасажыраў паспела самастойна пакінуць салон, а самалёт згарэў гэтак, што застаўся без верхняй часткі фюзеляжу.
«Asiana Airlines» – адная з двух найбуйнейшых авіякампаніяў Паўднёвай Карэі. Катастрофа ў Сан-Францыска сталася другою для кампаніі за 2 гады. У ліпені 2011 года самалёт, які ляцеў з Сеулу ў Шанхай, загарэўся і ўпаў у Ціхі акіян блізу берагоў Паўднёвай Карэі. Загінулі 2 пілоты на борце.
МЯ, belsat.eu