Гісторыя адной інвестыцыі: беларускі суд аштрафаваў інвестара на $ 800 тыс.

Оскар Смульскі – былы дробны польскі чыноўнік. Пастанавіў заняцца бізнесам, а менавіта – інвестыцыямі. На сваё няшчасце, сваю дзейнасць ён звязаў з Беларуссю ды заангажаваўся пабудоваю 2 фабрык на тэрыторыі ўсходняй суседкі. Скончылася гэта не толькі стратаю ўласных сродкаў. Беларускі гаспадарчы суд прызначыў яму штраф памерам… $ 800 тыс.!

Нядаўна ў офісе бізнесоўца з’явіўся судовы выканаўца, які спрабуе спагнаць гэты штраф, бо польскі суд прызнаў вырак правамоцным. Бізнесоўца пратэстуе: у Беларусі на працэс не дапусцілі сведак абароны і прадстаўніка фірмы. Оскар Смульскі цягам усёй гэтай гісторыі зазнаў нервовы зрыў, а цяпер вымушаны змагацца за сваю рэпутацыю.

Лукашэнка дае загад

“Я заўсёды браўся за маштабныя справы. Калі быў старастам у гміне, то зарганізаваў здабыццё газу і нафты. Глядзелі на мяне са здзіўленнем, але цяпер гміна атрымлівае ад гэтага прадпрыемства найбольшыя падаткі”, – зазначае спадар Смульскі ў адказ на пытанне, чаму пастанавіў заняцца інвеставаннем у Беларусі.

У 2008 годзе ён сустрэўся з генеральным консулам Беларусі ў Беластоку Міхаілам Аляксейчыкам, які заахвочваў яго на інвестыцыі. Справа выглядала шматабяцальна, бо кіраўнік беларускай дзяржавы рэгулярна заяўляў пра патрэбу ў інвестыцыях і новых тэхналогіях. Пабудова фабрыкі вырошчвання шампіньёнаў увайшла ў спіс 10 самых важных інвестыцыяў у Беларусі і, падавалася, мае добраславенне ад самога кіраўніка краіны.

Фірма “Bio-eko” запрасіла прадстаўнікоў Гарадзенскай вобласці ў польскі Калобжэґ, каб паказаць ім, як выглядае вытворчасць, што магла б паўстаць і ў Беларусі. Кіраўнік вобласці Уладзімір Саўчанка даваў зразумець, што сябруе з Лукашэнкам і мае сродкі на пабудову аналагічнай фабрыкі.

“Bio-eko” атрымала тэндэр на будаванне фабрыкі вырошчвання шампіньёнаў памерам прыблізна $ 10 млн, якая б штодня давала “ўраджай” 10 т грыбоў. Таксама ўмовы тэндэру ўлічвалі збудаванне інфраструктуры для перапрацоўвання адкідаў вытворчасці коштам прыблізна $ 6,5 млн. Фірма перадусім адказвала б за самое будаванне, перанос заходніх ноу-хау на беларускую зямлю. У кастрычніку 2008 года падпісалі дамову, паводле якой інвестар забавязаўся заплаціць 30 % агульнай сумы ў якасці задатку.

Добры пачатак

Напачатку ўсё ішло вельмі добра. Да супрацы запрасілі вядомага архітэктара Леха Вайтасіка, а таксама фірму-лідара паводле продажаў абсталявання для такіх фабрык – “Champion”. Польскаму боку ўдалося перамагчы бюракратычныя праблемы ды прайсці экспертызу праекту ад беларускага міністэрства архітэктуры і будаўніцтва разам з дазволам на будаванне.

Кіраўніцтва Гарадзенскай вобласці ўжо заплаціла частку грошай за распрацоўванне і перадаванне будаўнічага праекту – прыблізна $ 800 тыс. Але нечакана выявілася, што насамрэч вобласць не мае сродкаў на далейшае фінансаванне, выдаткаваныя грошы з бюджэту – увогуле не прызначаліся на інвеставанне. А значыць, былі выплачаныя незаконна.

Над запланаванаю інвестыцыяй згусціліся хмары. Заходні “BRE Bank”, які дае крэдыты пад інвестыцыі ў Беларусі, заявіў: беларускі бок не выплочвае належных адсоткаў, а таму банк устрымаецца ад фінансавання такіх праектаў. Да таго ж, сродкаў на будаванне не мелі і гарадзенскія ўлады. Паводле дырэктара “Bio-eko”, беларускі бок фальсіфікаваў дакументы і хлусіў, што грошы перадалі ў “Белаграпрамбанк”, які абслугоўваў інвестыцыю з беларускага боку. На аргумент, што існуе дамова і графік інвестыцыі, дырэктар упраўлення будаўніцтва аблвыканкаму Валерый Касароў адказаў, што “паперы – гэта паперы, а жыццё – гэта жыццё”.

Сустрэча ў Аўгуставе

Пасля таго, як пералічылі першы транш за праект, Касароў стаў паводзіць сябе вельмі нервова.

Тут мелася паўстаць фабрыка па вырошчванні грыбоў. Фота belsat.eu“На пачатку 2010 года нечакана заявіў, што трэба пільна сустрэцца ў Аўгуставе, каб абгаварыць справу. Там проста на вуліцы стаў пагражаць, што калі мы не пабудуем фабрыку за ўласныя грошы або не вернем тое, што ўжо атрымалі, справа трапіць у суд”, – зазначае інвестыцыйны дырэктар фірмы “Bio-eko” Аґнешка Ольбрыхт. Потым беларускія чыноўнікі яшчэ цягам 6 месяцаў спрабавалі пераканаць польскую фірму ў тым, каб яны пабудавалі фабрыку за свой кошт.

“Мы адмовіліся будаваць фабрыку за ўласныя грошы і адклікалі сваіх працаўнікоў, хоць ужо былі падрыхтаваныя 2 пляцоўкі для будоўлі, прывезеныя вагончыкі для будаўнікоў, частка будаўнічых матэрыялаў. Усё гэта ў выніку прапала”, – падкрэслівае Оскар Смульскі. Ён дадаў, што беларускі бок падпісаў пратакол прыняцця часткі працы, але гэтак і не заплаціў.

Суд і вырак

Справа трапіла ў гарадзенскі суд. Паводле Смульскага, спачатку справаю займалася суддзя, якая не хавала разумення сітуацыі, у якой апынулася польская фірма, але неўзабаве яе ад справы адхілілі. Дырэктар фірмы не ехаў у Беларусь, бо баяўся, што яго арыштуюць, таму інтарэсы “Bio-eko” рэпрэзентаваў дырэктар беларускага філіялу.

Мы хацелі прадастаўлення дакументаў і допыту сведак – спадара Касарова, кіраўніка вобласці і чыноўнікаў, якія вялі з намі перамовы. Але суддзя сказаў, што ніякіх сведак не будзе, і не пусціў дырэктара філіялу ў залу суда. У лютым 2012 года мы атрымалі вырак, у якім нас прызнаюць вінаватымі ў тым, што самавольна пакінулі пляц будовы і за кожны дзень прастою прысуджаецца штраф. Дзіўным чынам штраф склаў роўна столькі, колькі беларускі бок заінвеставаў напачатку – $ 800 тыс. Што цікава, фірме прад’явілі абвінавачанні толькі за спазненні ў працы пабудавання самой фабрыкі, а вось што да пабудовы інфраструктуры для перапрацоўвання адкідаў – прэтэнзіяў не было”, – дадае дырэктар польскай фірмы.

У офіс беларускага філіялу прыйшлі міліцыянты і сканфіскавалі ўсе дакументы разам з праектам. Працаўнікоў дапытваў КДБ. “Касароў казаў мне, што яны такіх справаў ніколі не прайграюць і што неабходны вырак суддзя даведваецца праз тэлефон. Калі я штосьці сказаў пра апеляцыю, той адказаў, што вырак у Менску будзе дакладна такі самы, а калі я буду яшчэ супраціўляцца, то штраф з $ 800 тыс. можа ператварыцца ў $ 5 млн”, – распавядае Смульскі.

У студзені 2010-га сваю пасаду страціў Уладзімір Саўчанка. Новы кіраўнік вобласці ўвогуле не хацеў і чуць пра сумеснае фінансаванне інвестыцыі.

Беларускі вырак выконваюць у Польшчы

Нядаўна ў польскую фірму прыйшоў судовы выканаўца з патрабаваннем выплаціць штраф паводле выраку беларускага суда. Беларусь і Польшча у 1994 годзе падпісалі дамову аб прававой дапамозе ў грамадзянскіх і гандлёвых справах. Польскаму суду, каб прызнаць вырак законным, было дастаткова факту, што ён уступіў у законную сілу і асуджаныя паінфармаваныя пра вынік.

Двухбаковую дамову аб супрацы падпісалі яшчэ калі падавалася, што беларуская судовая сістэма стала на шлях эвалюцыі ў кірунку заходняга правапрымянення. Пазней сітуацыя памянялася, а дамова – засталася. У сакавіку юрыста Смульскага наведалі госці з Горадні ды прасілі перадаць, каб той “аддаў хаця б мільён”, інакш атрымае наступную справу.

“Не інвестуйце ў Беларусі”

“Я быў падаўлены той сітуацыяй і нават на некаторы час перастаў займацца бізнесам – праблемы ў Беларусі ўдарылі і па маім сямейным жыцці”, – гаворыць Смульскі. Бізнесоўца засцерагае іншых ад інвеставання ў Беларусі: “Мой досвед паказвае, што супраца з той краінаю можа быць толькі паводле формулы “вы нам – грошы, мы вам – тавар”. Адразу, з рук у рукі”.

Выканаўца ўцёк, а праект – застаўся

Пабудова фабрыкі вырошчвання шампіньёнаў не скончылася для ўладаў Гарадзеншчыны. Летась на сайце аблвыканкаму апублікавалі апісанне новага тэндэру. Чыноўнікі шукаюць ахвочага, які б на 100 % прафінансаваў бы будаванне фабрыкі. У рубрыцы пра стан рэалізацыі праекту ўказана: “гатовы праект архітэктанічны, які прайшоў дзяржаўную экспертызу”. Як чыноўнікі паведамілі “Белсату”, пошук інвестара яшчэ працягваецца.

Якуб Бернат, МЛ, belsat.eu

Тэгі:

Hавiны