Лукашэнка: «Мы ўжо адной нагой уступілі ў фінансава-эканамічны крызіс»

Свет перажывае істотнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі праз імклівы рост долару, выкліканы падзеннем коштаў на нафту, а таксама праз пандэмію каронавірусу. Наведваючы прадпрыемства «Адані» 20 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з беларускім рублём.

У Беларусі цяпер аналізуюць, як далей будзе развівацца фінансава-эканамічная сітуацыя ў свеце, адзначыў Лукашэнка.

«Не хачу быць банальным, проста выкажу сваё меркаванне. Што тычыцца фінансава-эканамічнага крызісу, мы ўжо туды адной нагой уступілі. А цяпер, паколькі валацільнасць і ваганні па ўсіх напрамках вельмі высокія, спрабуем гэтую нагу вярнуць на месца, – цытуе яго БелТА. – У чым галоўнае пытанне: ці ўдасца нам назад гэтую нагу вярнуць і побач паставіць ці мы туды ж і другую нагу ўсунем?»

Лукашэнка дадаў, што перад традыцыйным пасланнем да народу і парламенту прапрацоўваюцца і аналізуюцца некаторыя напрамкі далейшых дзеянняў.

«Замаўляйце на 25 сакавіка». Банкі абмежавалі продаж валюты

Нагадаем, што з пачатку тыдня долар у Беларусі вырас да 2,5 (а максімальны курс – 2,7) рублёў, еўра на апошніх таргах дасягнуў 2,7 рублёў. Кошты на нафту тым часам дасягнулі 26 долараў за барэль і працягваюць падаць.

КА belsat.eu

Hавiны