13 хвілін суда і 4 содняў арышту замест 10. Чаму пасадзілі і чаму адпусцілі Якушкова?


Віцебскі абласны суд.
Фота: «Белсат»

15 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе суддзя Святлана Іванова разглядала скаргу Аляксандра Якушкова на пастанову суда Кастрычніцкага раёну г. Віцебску, які прысудзіў яму 10 содняў (арт. 23.34 ч.3 АК РБ) зняволення за арганізацыю мітынгу 31 траўня ў Віцебску. Хоць насамрэч гэта быў пікет па зборы подпісаў за вылучэнне Ціханоўскай.

Паседжанне доўжылася 13 хвілін і рашэнне суда Кастрычніцкага раёну засталося ў сіле.

Суддзя Святлана Іванова пакінула 10 содняў для Аляксандра Якушкова.
Фота: «Белсат»

Раней, 5 чэрвеня супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС хацелі затрымаць Аляксандра Якушкова на содні да суда, але не давялі задуманае да канца. 7 чэрвеня Якушкоў прыйшоў на пікет па зборы подпісаў за Ціханоўскую ў Віцебску з заплечнікам, дзе былі неабходныя рэчы для ІЧУ. Аднак затрымалі яго толькі на наступны дзень ля Віцебскага раённага суда, пасля працэсу над Аленай Янушкоўскай.

Нап’ешся ў ІЧУ

Таццяна Севярынец і Аляксандр Якушкоў.
Фота: «Белсат»

У Кастрычніцкім РАУСе яго трымалі ў «абяз’янніку» да 23.00. За гэты час Якушкоў прасіў супрацоўнікаў міліцыі, каб далі яму піць вады, якая была ў яго ў заплечніку, які яны забралі. Яны не далі такой магчымасці – кінулі, што «нап’ешся ў ІЧУ». Калі яго прывезлі ў ІЧУ, мінула 23 гадзіны ад апошняга прыёму ім ежы і піцця. У мужчыны падняўся ціск, кружылася галава і ванітавала, таму яго адвезлі ў больніцу. Там зрабілі кропельніцу, збілі ціск і вярнулі ў ізалятар.

«Умовы, у якіх у ІЧУ утрымліваюцца людзі, жудасныя, – ацаніў затрыманы. – У камерах жывуць мышы, а пра іншую антысанітарыю казаць няма чаго».

10 чэрвеня, пасля скаргі на ўмовы ўтрымання, Якушкова перавялі ў іншую камеру з яшчэ горшымі ўмовамі:

«Там бегалі мышы, не тумбачкі для захоўвання рэчаў і нават радыё. Тады я напісаў чарговую скаргу. Начальнік ІЧУ паабяцаў перавесці мяне, калі я забяру скаргу. Я паверыў чалавеку, які носіць афіцэрскія пагоны і забраў паперу, дадаўшы, што гэта будзе праверка ягонай годнасці.

У гэты ж дзень пасля шпацыру Якушкова папрасілі »з рэчамі на выхад«. Той самы старшы лейтэнант з Кастрычніцкага РАУС, які складаў на яго пратакол, забраў Якушкова без усялякіх тлумачэнняў і дакументаў і высадзіў з машыны ў раёне вуліцы Смаленскай са словамі: «Аляксандр Уладзіміравіч, вы вольны».

Суд паводле абвінавачання ў арганізацыі мітынгу доўжыўся 13 хвілін.
Фота: «Белсат»

Чаму ён аказаўся на волі праз чатыры дні замест прысуджаных дзесяці – дагэтуль не вядома.

АШ Belsat.eu

Стужка навінаў