Шэсцьдзесят гадоў пасля Сталіна


У час, калі жалобная плынь беларусаў напоўніла праспект нябожчыка Сталіна, Караткевіча і Быкава наведалі крамольныя думкі.

1 сакавіка 1953 года магутнага правадыра савецкай імперыі знайшлі паралізаваным на падлозе Бліжняга лецішча. У выніку шырокага кровазліцця ў мозг праз 4 дні Сталін памёр. Вялізную краіну напаткала ўсеагульная жалоба. Гаравала па страчаным лідары і Беларуская рэспубліка.

Бяда і радасць страты

На Цэнтральнай плошчы Менску ля помніку Сталіну прыставілі ганаровую варту. Таксама ў абласных і раённых цэнтрах ля манументаў правадыру дзяжурыў партыйны і грамадскі актыў, распавядае ў сваім даследаванні гарадзенскі гісторык Аляксей Кароль.

На пахаванне Сталіна 9 сакавіка ў Маскву адправілася і дэлегацыя ад БССР. У яе складзе былі старшыня Прэзідыуму ВС Беларусі В. Казлоў, дзейсны першы сакратар КПБ М. Патолічаў і будучы − П. Машэраў, старшыня Беларускай ваеннай акругі С. Цімашэнка, спявачка і рэжысёрка Л. Александроўская ды іншыя.

Даследчык Кароль такім чынам апісвае дзень пахавання Сталіна ў Менску. Праспект ягонага імя быў запоўнены людзьмі, якія неперапыннаю плынню неслі да манументу кветкі і жалобныя вянкі з надпісамі “Дарагому бацьку і настаўніку”, “Геніяльнаму правадыру і палкаводцу”, “Роднаму і любімаму Іосіфу Вісарыёнавічу” і г. д.

Роўна а 12-й гадзіне паводле маскоўскага часу на 5 хвілінаў спынілі ўвесь гарадскі транспарт, прыпынілі працу фабрыкі і заводы, загулі гудкі прадпрыемстваў, загрымелі гарматныя залпы.

Васіль Быкаў у Горадні, фота на вул. Ажэшкі

З іншымі пачуццямі сустрэлі смерць дыктатара беларускія класікі Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч. У 1953 годзе Быкаў служыў у войску на Сахаліне. У сваіх успамінах пісьменнік узгадвае: “Хутка вярнуўшыся, падпалкоўнік з каменным тварам абвесціў: “Памёр таварыш Сталін. Устаць!” Усе ўсталі, моўчкі ўзіраючыся ў барадаты твар падпалкоўніка, і я сказаў сабе тады ў думках: “Слава табе, Госпадзі”.

Караткевіч жа на свае вочы хацеў пабачыць развітанне савецкага народу са Сталіным, таму 9 сакавіка накіраваўся ў Маскву: “…На пахаванне паехаў і падбіў на паездку хлопцаў з пакою, не з-за скрухі, а каб бачыць уласнымі вачыма. І ўбачыў. І разам з хлопцамі дапамагаў санітарам выцягваць з цісканіны людзей. А гэта ўжо не пакідала ніякіх сумненняў і выклікала адно жаданне: хутчэй бы пакончылі з усім гэтым”, − адзначае літаратар у сваёй аўтабіяграфіі “Дарога, якую прайшоў”.

Вяртанні з лагераў

Адыход Сталіна адкрыў шлях да пераменаў: наперадзе быў знакаміты ХХ з’езд КПСС і выкрыццё культу асобы, хрушчоўская адліга, рэабілітацыя палітычных зняволеных. Праз сістэму сталінскіх лагераў прайшлі, паводле розных ацэнак, 14–18 мільёнаў чалавек, прыкладна 1,5 мільёны загінулі падчас знаходжання ў іх. Частка беларускіх вязняў ГУЛАГу здолела выжыць і вярнуцца дадому – сям’я Ларысы і Янкі Геніюшаў, Мар’ян Пецюкевіч, Надзея Дземідовіч, Сяргей Новік-Пяюн ды іншыя. Аднак для большасці выбітных дзеячаў Беларусі рэабілітацыя адбылася пасмяротна.

Расейскае таварыства “Мемарыял” падрыхтавала да гадавіны смерці Сталіна падборку ўспамінаў палітычных вязняў “лагераў асаблівага прызначэння”. У гэтых лагерах адбывалі зняволенне і шмат хто з нашых суайчыннікаў. Распавядае Аляксандр Жукаў з Будзёнаўска, асуджаны за “паклёп на правадыра народаў Сталіна і Савецкае Войска”, адбываў тэрмін у выпраўленча-працоўным лагеры Хабараўскага краю: “Шматгалоссе, хто быў у калоніі – крыкі: “Ура! Ура! Ура! Памёр тыран!”. “Які тыран?”, – пыталі адно аднаго вязні. Адназначны адказ: “Сталін!” Потым сталі крычаць “Свабода! Свабода!”. Зэк Аляксей Краўчанка з Марыупалю прынёс нелегальна ў калонію бутэльку гарэлкі, разліў па 100 грамаў на кожнага, і мы выпілі “за спакой ягонай душы”. Прапанаваў: каму хутка на свабоду, мусяць выпіць стоячы, а каму сядзець – выпіць седзячы. Выпілі. Закускі не было. Дый дзе яе ўзяць? Працавалі напаўгалодныя”.

Праз ранейшую засакрэчанасць архіваў МДБ-НКВД-КДБ складана падлічыць рэальную лічбу пацярпелых ад рэпрэсіяў на Беларусі. Незалежныя эксперты цвердзяць, што ў гады кіравання Сталіна рэпрэсавалі прыблізна 600 тысячаў жыхароў БССР. Згодна з падлікамі даследчыцы Эн Эплбаўм, беларусы – трэція паводле колькасці рэпрэсаваных у Савецкім саюзе.

Прыхільнае стаўленне ўладаў да супярэчлівай асобы Іосіфа Вісарыёнавіча выражаецца ў нядаўнім адкрыцці мемарыяльнага комплексу “Лінія Сталіна”, што непадалёк Менску. У самой сталіцы не засталося помнікаў Сталіну, аднак захаваліся яны ў Свіслачы, Слуцку, у вёсцы Лашаны.

Разам з тым, кіраўніцтва краіны штораз ігнаруе праблемы вакол народнага мемарыялу ва ўрочышчы Курапаты, дзе адбываліся масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва. Хоць Курапаты афіцыйна прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю дзяржавы, улады не пярэчылі ні пракладанню камунікацыяў праз урочышча, ні будаўніцтву забаўляльнага цэнтру “Бульбашъ Холл” на тэрыторыі аб’екту. Аляксандр Лукашэнка за амаль 20 гадоў свайго прэзідэнцтва ні разу не наведаў Курапаты.



Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў