125 гадоў таму нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. Жыццё і смерць генія


Браніслаў Тарашкевіч вядомы тым, што распрацаваў першую ў гісторыю і практычна дасканалую граматыку сучаснай беларускай мовы. «Тарашакевіца» сталася асноваю для ўсіх іншых лініяў развіцця беларускай граматыкі.

Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў невялікай вёсцы за 30 км ад Вільні. Выбітныя здольнасці сялянскага дзіцяці заўважыла маладая памешчыца Гелена Стамброўская, якая, забраўшы яго да сябе, пачала ім апекавацца і дапамагаць з адукацыяй.

Тарашкевіч закончыў Віленскую гімназію, гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту, дзе яму давялося таксама працаваць пры кафедры расейскай мовы і літаратуры. Ягонымі настаўнікамі былі славутыя мовазнаўцы Ян Бадуэн дэ Куртэнэ, Яўхім Карскі, акадэмік Аляксей Шахматаў. Браніслаў мог пахваліцца дасканалымі ведамі лацінскай і старажытнагрэчаскай моў, якія выкладаў як прыват-дацэнт.

Унёсак у беларушчыну

У 1918 годзе навуковец падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую «Беларускую граматыку для школ». Граматыка доўгі час была галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва ў часы беларусізацыі 1920-ых гадоў. Гэтая праца вытрымала 6 перавыданняў, выкарыстоўваецца і пасля рэформы беларускага правапісу 1933 году, атрымаўшы назоў «тарашкевіца».

Тарашкевіч пераклаў на беларускую мову «Iліяду» Гамера, «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.

У міжваенны перыяд Браніслаў Тарашкевіч узначальваў беларускую гімназію ў Вільні, выбіраўся паслом у польскі сойм. У першыя гады сваёй працы ў польскім парламенце выступаў за саюз польскага і беларускага народаў. Тарашкевіч спадзяваўся, што ў складзе Польшчы беларусы змогуць атрымаць аўтаномію. Расчараваўшыся ў сваіх спадзевах, Тарашкевіч захапіўся камуністычнымі ідэямі, за што яго пераследавалі польскія ўлады.

Турмы, допыты, катаванні. Трагічны лёс навукоўца

У верасні 1933 года Польшча абмяняла Тарашкевіча на арыштаванага савецкімі ўладамі беларускага драматурга і празаіка Францішка Аляхновіча. Сустрэўшыся на памежным мастку, Тарашкевіч і Аляхновіч прыўзнялі капелюшы ды паціснулі рукі. Існуе гісторыя, што тады Аляхновіч звярнуўся да мовазнаўцы: «Бронюсь, куды ты ідзеш?!»

У СССР Тарашкевіч працаваў загадчыкам аддзелу Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве.

6-га траўня 1937 года яго арыштавалі. У студзені 1938-га «двойка» НКВД і пракуратуры СССР прыгаварыла яго да расстрэлу. Паводле афіцыйнай версіі, яго расстралялі крыху пазней. Даследчык Леанід Маракоў выказаў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.

Браніслава Тарашкевіча рэабілітавала Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР 26 студзеня 1957 года.

ВШ/МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў