Венскага балю ў Купалаўскім не будзе. Тыя, хто рыхтаваўся да імпрэзы, засталіся ні з чым


Першы «Венскі баль з А1 у Купалаўскім», які анансаваўся на 14 снежня, адменены. Арганізатары кажуць, што змяніўся фармат імпрэзы, бо яны прынялі запрашэнне кіраўніка Беларусі стаць часткай прэзідэнцкага балю, які адбудзецца ў Палацы Незалежнасці 27 снежня. Тыя, хто збіраўся і рыхтаваўся да балю ў Купалаўскім, засталіся ні з чым і не хаваюць свайго абурэння.

«Наш баль атрымаў апгрэйд і выйшаў на іншы ўзровень. Але людзі могуць па-рознаму ўспрымаць змены. Мы разумеем гэта. Увогуле новы фармат мерапрыемства прадугледжвае шмат арганізацыйных момантаў, якімі мы займаемся. Мы абмяркоўваем розныя варыянты развіцця падзеяў. Праінфармавалі грамадства пра адмену «Венскага балю», што меўся быць 14 снежня. Што да прысутнасці А1 на балі ў Палацы рэспублікі, то гэта цяпер абмяркоўваецца, таму дакладных заяваў пра гэта я зрабіць не магу», – распавёў «Белсату» Мікалай Брэдзеляў, прэс-сакратар А1.

У кампаніі адзначаюць, што імпрэза стане часткай прэзідэнцкага балю, які адбудзецца ў Палацы Незалежнасці 27 снежня 2019 года. Па рэжысёрскай задумцы, мерапрыемства будзе ўлічваць традыцыі венскіх баляў у Аўстрыі.

Навагодні баль для моладзі ў Палацы рэспублікі ў 2018 годзе
Фота: president.gov.by

Дэбютанты, якія прайшлі конкурсны адбор для ўдзелу ў «Венскім балі з А1 у Купалаўскім», змогуць выступіць перад гасцямі ў Палацы Незалежнасці. А вось звычайныя людзі, хто набыў квіткі і рыхтаваўся на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім», на мерапрыемства не патрапяць.

«Заява, што гэта новы ўзровень, адсутнасць прабачэнняў за нязручнасці і дыскамфорт – гэта проста хамства. У Беларусі ніколі не было добрага сэрвісу, але ў гэтым выпадку ў мяне проста адняло мову. Я разумею, што на запрашэнне Лукашэнкі адмовіць не могуць, усе беларусы гэта разумеюць. Кампанія паказвае добрую міну пры кепскай гульні, але ж трэба паважаць тых, хто падпісаўся пад вашу імпрэзу», – не хавае свайго абурэння Ганна Мірочнік, піяр-адмыслоўца з Менску.

Ганна распавяла, што яе знаёмыя набывалі сабе новыя сукенкі, рыхтаваліся да імпрэзы, выдаткавалі на гэта шмат часу і сродкаў. Сама Ганна запісалася да трэнера па танцах, каб узгадаць вальс, набыла сабе бальныя пальчаткі.

Hавiны
«Сімпатычная, худзенькая чыноўніца». Феміністак абурылі заявы Лукашэнкі
2019.03.02 09:47

«Крыўдна, што зменены фармат. Я ж магла пра гэта даведацца ўжо ў самы апошні момант, калі б прыйшла на баль у Купалаўскі. Я вярнулася з адпачынку і магла не ўключыць свой тэлефон, як я часта раблю, не чытаць навінаў, а проста апрануцца, зрабіць укладку і прыйсці на баль. Гэта ж не проста спектакль, гэта ж баль, на які трэба наведванне салонаў. Было б лепей, каб было апавяшчэнне за месяц, напрыклад», – распавяла «Белсату» Яўгенія Цюленева, мадэль plus size.

Квіток на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» каштуе 250 рублёў. «Белсату» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы паведамілі, што на раніцу 4 снежня пакуль ніхто не звяртаўся, каб вярнуць грошы за квіткі. Таксама ў тэатры нагадалі, што вярнуць грошы за квіткі можна да 20 снежня.

СК belsat.eu

Стужка навінаў